Леў Клейнбарт
Леў Клейнбарт | |
Лейб Навумавіч (Максімавіч) Клейнбарт | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 27 кастрычніка 1875[1] |
Памёр | 20 лістапада 1950 (75 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | крытык, публіцыст |
Гады творчасьці | 1902—1920-я гады |
Жанр | эсэ і мэмуары[d] |
Мова | расейская мова |
Значныя творы | «Очерки рабочей журналистики» (1924), «Очерки народной литературы» (1924), «Молодая Белоруссия» (1929) |
Леў Навумавіч Клейнбарт (часам Лейб Навумавіч (Нахманавіч, Максімавіч); 27 кастрычніка [ст. ст. 15 кастрычніка] 1875, Капыль, Менская вобласьць, Расейская імпэрыя — 20 лістапада 1950, Ленінград, СССР) — расейскі і беларускі[2] публіцыст, крытык, журналіст, літаратар. Дасьледчык асноўных тэндэнцый і кірункаў беларускага літаратурнага руху[3]. Першы біёграф Янкі Купалы і адзін зь першых дасьледчыкаў яго творчасьці[4]. Рэдактар часопіса «Темы жизни».
Жыцьцёвы і творчы шлях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і ўрача[5]. Навучаўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце спачатку на фізыка-матэматычным факультэце, потым — на юрыдычным факультэце. У 1901 годзе выключаны з унівэрсытэту за ўдзел у студэнцкім і рэвалюцыйным руху. Неаднаразова арыштоўваўся (першы раз у 1899 годзе) і сядзеў у турме[6].
З 1902 году выступаў у друку з артыкуламі аб народнай асьвеце[4]. Друкаваўся ў часопісах «Вестник Европы», «Вестник знания», «Современный мир», «Новая жизнь», «Современник» і інш.[6] Дасьледаваў падпольныя выданьні капыльскай арганізацыі «Самаразьвіцьцё і самаадукацыя», разглядаў раньнюю творчасьць А. Гурло, Ц. Гартнага, пісаў пра творчасьць Ф. Чарнышэвіча, Ф. Шантыра і інш. У кнізе «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснае беларускае літаратуры 1905—1928 гг.» вызначыў заканамернасьці і спэцыфіку разьвіцьця беларускае літаратуры, ахарактарызаваў асноўныя тэндэнцыі і кірункі беларускага літаратурнага руху 1920-х гадоў, дасьледваў творчасьць А. Александровіча, А. Бабарэкі, А. Дудара, Ул. Дубоўкі, К. Чорнага і інш.[7] Пакінуў успаміны аб рэвалюцыйных падзеях у родным Капылі[5].
Клейнбарт з увагай ставіўся да творчай моладзі. Яму ў свой час накіраваў рукапіс сваей першай кнігі паэзіі «Радуніца» С. Ясенін. У 1920-я гады кіраваў літаратурнымі студыямі ленінградзкага Пралеткульта, займаўся дасьледчыцкай дзейнасьцю. Вывучаў гісторыю пралетарскай культуры, народную публіцыстыку, гісторыю беларускае літаратуры.
Клейнбарт і Янка Купала
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З Купалам пазнаёміўся ў Пецярбургу вясною 1910 году праз Ц. Гартнага. Сустракаўся і перапісваўся з Купалам на працягу многіх гадоў[8].
Аўтар рукапісных успамінаў пра Купалу «Сустрэчы»[9]. Зрабіў неацэнны ўнёсак у навуковае вывучэньне біяграфіі Купалы, распачаты перапіскай з паэтам. Ліст Янкі Купалы да Клейнбарта 1910 году стаў першай вядомай аўтабіяграфіяй паэта. Аўтар першага манаграфічнага разьдзела пра Купалу ў кнізе «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснае беларускае літаратуры 1905—1928 гг.», прадмовы да «Зборніка вершаў» Купалы на расейскай мове (1930)[4]. Аўтар першай манаграфіі пра Янку Купалу «Янка Купала. Вопыт характарыстыкі літаратурнай і біяграфічнай» (1929—1934)[10].
Адным зь першых пры дасьледаваньні творчасьці Купалы выкарыстоўваў прынцыпы навуковага сацыялягізму і крытэры мастацкасьці як мэтаду ўласна эстэтычнага. Бачыў у асобе Купалы цэнтральную фігуру беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Вызначаў творчы мэтад Купалы як рамантычны рэалізм, які зусім не ўпускаў з поля зроку рэчаіснасьці, быў рамантызмам пазытыўнае школы, сацыяльным і нацыянальным рамантызмам. Лічыў Купалу глыбока народным і арганічна нацыянальным паэтам. У асобе Клейнбарта Купала меў аднаго са сваіх самых значных біёграфаў і дасьледчыкаў—інтэрпрэтатараў[4].
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «В тюрьме и ссылке» (1906)
- «О партиях и партийности» (1906)
- «Русский империализм в Азии» (1906)
- «Безработица и движение безработных» (1907)
- «Очерки рабочей интеллигенции» (т. 1—2, 1923—1924)
- «Очерки народной литературы» (1924)
- «Русский читатель-рабочий» (1924)
- «Молодая Белоруссия» (1928)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Конан У. М. Клейнбарт Леў Максімавіч (белар.) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі — С. 329.
- ^ У гэтыя дні Радыё Свабода Праверана 18 красавіка 2012 г.
- ^ Значныя даты кастрычніку Нацыянальная бібліятэка Беларусі Праверана 18 красавіка 2012 г.
- ^ а б в г А. Лойка, І. Саламевіч Клейнбарт // Янка Купала: Энцыкл. даведнік / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — С. 298—299. — 8000 ас.
- ^ а б Клейнбарт Леў Капыльская бібліятэка Праверана 18 красавіка 2012 г.
- ^ а б Клейнборт Лев Наумович Российская еврейская энциклопедия Праверана 18 красавіка 2012 г.
- ^ У. М. Конан. Клейнбарт // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3: Карчма — Найгрыш. С.69.
- ^ Рукапісная спадчына Янкі Купалы. Каталог, у 2-х частках / Нав.рэд. В.Рагойша, кансультанты Ж.Дапкюнас і Я.Раманоўская, укл. А.Бурбоўская. — Мн.: 2008. — Ч.1. — С.384—415.
- ^ Захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы
- ^ Не надрукавана з-за нападкаў на Клейнбарта і Купалу вульгарна-сацыялягічнае крытыкі. Машынапіс манаграфіі захоўваецца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Критико-биографический словарь русских писателей и ученых (от начала русской образованности до наших дней). — СПб: 1889—1914.