Перайсьці да зьместу

Калека

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Калека»
Жанр: паэма
Аўтар: Янка Купала
Год напісаньня: 1907
Публікацыя: 1926
Электронная вэрсія

«Калека» — паэма Янкі Купалы, напісаная ў 1907 годзе і ўпершыню апублікаваная ў 1926 годзе.[1]. Сваю паэму Я.Купала вызначыў як гутарку, хоць у адрозьненьне ад традыцыйнага жанру гутарак споведзь жабрака-калекі цалкам вытрыманая ў апавядальна-маналягічным пляне. Яна нідзе не перапыняецца дыялёгам, пытаньнямі, удзелам у гаворцы іншых пэрсанажаў. Толькі ў апошняй частцы чытач даведваецца, што дзеяньне адбываецца ў карчме.[2]

«Еду... Дзе крыж ля дарогі,
Штось відаць, як хто лёг спаці,
Глянуў... Мёртвы Кукса ўбогі...
Так жыцьцё ён скончыў, браце»

Я. Купала. З паэмы «Калека».

У аснове паэмы — сацыяльная драма Куксы, чалавека, які на вайне страціў руку, а на службе ў пана і нагу. Выгнаны са службы, калека стаў жабраком. Уся гісторыя, апрача трагічнага эпілёга, падаецца ў форме апавяданьня самога калекі — паэтапна, здарэньне за здарэньнем, зьдзек за зьдзекам. Гэта вельмі ўражлівая і сацыяльна выкрывальная споведзь чалавека трагічнага лёсу.[2]

Структура паэмы вызначаецца кампазыцыйнай зладжанасьцю і стройнай арганізацыяй: яна складаецца з 12 часткаў, у кожнай з каторых па 4 страфы. Апошняя страфа кожнай часткі мае анафарычны варыянт звароту да слухачоў, што надае жывую непасрэднасьць твору і падкрэсьлівае яго спавядальны лад. Апошняя частка твора, напісаная ад імя аўтара, ня проста падводзіць вынік жыцьцёвага лёсу героя ў яго апошнім трагічным зломе, але сьведчыць аб кроўнай блізкасьці паэта да чалавека з гушчы народа.[2]

  1. ^ Надрукавана ў часопісе «Чырвоны сейбіт» (№3, 1926 г.) з падзагалоўкам «Гутарка зь мінулага часу»
  2. ^ а б в Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Калека». — C. 275.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Калека» / Аўтар — М.М.Арочка. — C. 275.