Плошча Перамогі (Менск)

Плошча Перамогі ў Менску (Беларусь)

Плошча Перамогі — плошча ў цэнтры Менску, месьціцца на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці з вуліцамі Захарава й Кісялёва. Плошча месьціцца ў гістарычным цэнтры Менску насупраць дому-музэю I-га зьезду РСДРП побач з будынкамі Галоўнай рэдакцыі Беларускага Радыё й Тэлебачаньня, і Дому Вясельляў. Ад плошчы пачынаецца сквэр, які цягнецца да ракі Сьвіслач і ўваходу ў Цэнтральны Парк Культуры й Адпачынку імя М. Горкага.

Плошча Перамогі
Агульная інфармацыя
Былыя назвы Круглая Плошча
Бліжэйшыя станцыі мэтро Плошча Перамогі
Вуліца Плошча Перамогі ў Вікісховішчы
Плошча Перамогі

Плошча зьяўляецца візытнай карткай гораду Менску.

Гісторыя

рэдагаваць

Як архітэктурны ансамбль пачала фармавацца ў 1939 годзе ў адпаведнасьці з генплянам Менску 1932—1936 гг. (арх. Ю. Кілаватаў, кансультант В. Вітман].

Да 1958 году плошча называлася Круглая. У 1939 г. пачалі будаваць два дугападобныя дамы паводле праекту арх. Р. Столера. У час вайны іх часткова разбамбілі. У 1947 годзе архітэктар прыехаў у Менск і дапамог іх адбудаваць. Да вайны па праспэкце Леніна праз плошчу хадзіў трамвай. Да ўсталяваньня манумэнту Перамогі на плошчы знаходзіўся сымбалічны камень абгароджаны цэпам.

У 1946 годзе быў аб’яўлены конкурс на манумэнт Перамогі. Першапачаткова плянавалася разьмясьціць помнік каля цяперашняй Кастрычніцкай плошчы. Магчыма гэтым тлумачыцца доўгае пуставаньне месца Кастрычніцкай плошчы да часу калі збудавалі Палац Рэспублікі. Абраны праект прадугледжваў 48-мэтровы помнік зь белага мармуру з ружовым адценьнем. Каб пасьпець адкрыць помнік да 10-годзьдзя вызваленьня Беларусі, вырашылі зрабіць яго з шэрага граніту й на 10 мэтраў карацей.

 
Плошча Перамогі на паштовай марцы 1958 году

Граніт быў прывезены з-пад Днепрапятроўску й Жытоміру. Мазаіку для ордэну Перамогі прыслалі з Акадэміі мастацтваў Ленінграду. Разьбу па граніце зрабілі ўкраінскія муляры. Бронзавыя гарэльефы, меч і вянкі адлівалі ленінградзкія спэцыялісты заводу «Манумэнтскульптура».

Ля падножжа помніка 3 ліпеня 1961 году, у дзень 17-й гадавіны вызваленьня гораду Менску, ганаровы грамадзянін гораду Менску, Герой Савецкага Саюзу генэрал-палкоўнік Аляксей Бурдзейны запаліў вечны агонь.

Каб зьмясьціць станцыю мэтро й выхады, у 1984 годзе архітэктары Б. Ларчанка, Б. Школьнікаў і К. Вязгін пераплянавалі плошчу з круглай у авальную. 1 ліпеня 1984 году на плошчы ўмацавалі гранітныя блёкі з капсуламі зь зямлёй гарадоў-герояў: Масквы, Ленінграду, Валгаграду, Кіева, Адэсы, Севастопалю, Керчы, Новарасейску, Тулы, Берасьцейскай крэпасьці. У 1985 годзе — капсулы зь зямлёй гарадоў-герояў Смаленску й Мурманску.

 
Манумэнт у падземным пераходзе станцыі

8 траўня 1985 году ў адзначэньне 40-годзьдзя Перамогі ў падземным пераходзе на плошчы Перамогі адчынілася Мэмарыяльная заля ў гонар Герояў Савецкага Саюзу, якія загінулі за вызваленьне Беларусі. Пад плошчай была пабудаваная кальцавая галерэя, якая пераходзіць у мэмарыяльную залю. У цэнтры залі вянок з мастацкага шкла з падсьветкай (мастак У. Пазьняк). На сьцяне залі замацаваныя бронзавая Зорка Герою Савецкага Саюзу й лісты зь імёнамі 566 ураджэнцаў Беларусі й іншых рэспублікаў, якія прымалі ўдзел у вызваленьні беларускай зямлі, і за свае подзьвігі былі ўзнагароджаныя званьнем Героя Савецкага Саюзю.

У 2003 годзе адбылася чарговая рэканструкцыя плошчы.

Пляніроўка плошчы Перамогі

рэдагаваць
 
Плошча

Архітэктурны ансамбль плошчы пачаў фармавацца ў канцы 1930-х гг. з пабудовы двух дугападобных дамоў, зьвернутых да цэнтру гораду (1939, скончаны ў 1947, архітэктар Р. Столер), у аснове пляніроўкі якіх ляжыць тыпавая 4-кватэрная сэкцыя. Забудова вялася па генплянах 1932—1938 гг., 1946 і праекту плошчы 1950 (арх. М. Баршч, Л. Аранаўскас і Г. Аранаўскас, карэкціроўка Г. Заборскага й Л. Мацкевіча, 1954).

Плошча мае ў пляне прамавугольнік (225×175 м), які завяршаецца з аднаго боку паўкружжам. Яе прастора расчлянёная на дзьве часткі — круглую й аванплошчу. Кампазыцыйным цэнтрам зьяўляецца разьмешчаны пасярод круглай часткі плошчы манумэнт Перамогі, які замыкае пэрспэктыву праспэкта Незалежнасьці й вуліцы Захарава. Гэты 38-мэтровы гранітны абэліск, увянчаны трохмэтровай выявай ордэну Перамогі. На пастамэнце ля падножжа абэліску — сьвяты меч Перамогі. Помнік быў збудаваны ў 1954 годзе ў гонар воінаў Савецкай арміі й партызан Беларусі, загінулых у баях за вызваленьне Беларусі.

Па абодва бакі праспэкту значна ніжэй яго ўзроўню паміж вул. Захарава, Камуністычнай і Фрунзэ разьбіты сквэр партэрнага тыпу, уздоўж яго пастаўленыя жылыя дамы, па тры з кожнага боку (1950—1956). Па вуглах дамы ўвянчаны вежкамі, а з паўднёвага боку злучаныя паміж сабой калянадай. Тарцовую частку плошчы замыкаюць з боку Камуністычнай вуліцы (былая Захар’еўская) Дом-музэй I зьезду РСДРП (будынак адноўлены ў 1948, арх. І. Валодзька), мост праз раку Сьвіслач (1951—1953), а з боку вуліцы Фрунзэ манумэнтальныя вароты — уваход у Цэнтральны дзіцячы парк.

Помнік Перамогі

рэдагаваць
 
Помнік Перамогі на паштовай марцы Беларусі

На плошчы ўмацаваны трыццацівасьмімятровы гранітны помнік, увянчаны трохмятровай выявай ордэна Перамогі. На пастамэнце ля падножжа помніка — сьвяты меч Перамогі. Помнік збудаваны ў 1954 годзе ў гонар воінаў Савецкай арміі й партызанаў Беларусі, якія загінулі ў баях за вызваленьне Беларусі ад нямецкіх захопн��каў. Скульптары: З. Азгур, А. А. Бембель, С. Селіханаў. Архітэктары: У. А. Кароль, Г. Загорскі.

На чатырох гранях пастамэнту помніка закладзеныя бронзавыя тэматычныя гарэльефы: «9 мая 1945 года», «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Партызаны Беларусі», «Слава загінулым героям».

Чатыры бронзавыя вянкі вакол абэліска азначаюць чатыры франты, воіны якіх прымалі ўдзел у вызваленьні Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Плошча Перамогі (Менск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў