Айвенго (1934)/XI
← Раздзел X | Айвенго. Раздзел XI Раман Аўтар: Вальтэр Скот 1934 год Арыгінальная назва: Ivanhoe (1819) Пераклад: Іван Гарбуз |
Раздзел XII → |
РАЗДЗЕЛ XI
НАЧНЫЯ прыгоды Гурта гэтым не скончыліся. Ён і сам пачынаў здагадвацца аб гэтым, калі, мінуўшы адну ці дзве раскіданыя сядзібы, што былі на ўскраіне паселішча, апынуўся на дне глыбокай лагчыны, абодва спады якой густа зараслі арэшнікам і астралістам, а месцамі нізкарослыя дубы, прасціраючы сваё вузлаватае галлё ўпоперак яра, зусім зацямнялі сцежку.
З паселішча даносіліся асобныя галасы: то выбухі моцнага смеху, то крыкі, то адгалоскі музыкі. Усе гэтыя гукі, што паказвалі на бязладнае становішча гарадка, перапоўненага дваранамі і іх прыслугай, пачыналі ўнушаць Гурту некаторы неспакой.
Ён паскорыў хаду, каб выйсці з яра на адкрытую палянку, але яму гэта не ўдалося. Як толькі ён дайшоў да супроцьлеглага канца яра, дзе гушчар быў больш чым дзе, на яго накінуліся чатыры чалавекі, па двое з кожнага боку, схапілі яго і трымалі так моцна, што, калі б ён і спрабаваў уцячы, спроба была-б дарэмная.
— Давай сваю ношку, — сказаў адзін з іх.
— Не так-та лёгка было-б вам вызваліць мяне ад ношкі, — мармытаў Гурт, — каб я мог хоць тры разы стукнуць вас па шыі.
— А вось убачым! Цягніце яго ў лес.
Гурта пацяглі на гору і досыць бесцэрамонна перацяглі па леваму адхону яра на роўнае месца, у густы гай, які аддзяляў лагчыну ад адкрытай палянкі. Ён міжволі павінен быў ісці ў самую сярэдзіну гушчару. Раптам яго нечакана спынілі на палянцы няправільнай формы, на якой дрэў было параўнаўча няшмат, а таму месяц асвятляў яе куды лепш. Тут далучыліся да іх яшчэ двое людзей. У іх былі кароткія мячы пры боку, а ў руках замашыстыя дубінкі; Гурт толькі цяпер заўважыў, што ўсе шэсцера былі ў масках.
— Колькі пры табе грошай? — запытаў адзін.
— Трыццаць цэхінаў маіх уласных грошай, — адказаў Гурт панура.
— Адабраць! У саксонца за душою трыццаць цэхінаў, а ён вяртаецца з сяла цвярозым! Ды за адно гэта трэба ў яго адабраць усё да апошняга гроша… Адабраць абавязкова!
— Я іх збіраў, каб выкупіцца на волю, — сказаў Гурт.
— Вось і відаць, што ты асёл — выпіў-бы тры кварты добрага элю і стаў-бы гэтак-жа вольны, як і твой гаспадар, а не то дык яшчэ вальней яго, калі ён такі-ж саксонец, як і ты.
— Гэта горкая праўда, — адказаў Гурт, — але калі гэтымі трыццацю цехінамі я магу ад вас адкупіцца, пусціце мне рукі і я вам зараз адлічу іх.
— Стой, — сказаў другі, на від як быццам адыгрываўшы між імі ролю начальніка або старшыні, — у цябе тут каліта, я яе абмацаў пад тваім плашчом і чую, што там куды больш грошай, чым ты сказаў.
— Гэта не мае грошы, а майго гаспадара, добрага рыцара, — сказаў Гурт, — я-б пра іх і не заікнуўся, калі-б вы захацелі задаволіцца толькі тым, што мне належыць.
— Бач, які сумленны слуга!
З гэтымі словамі, затрымаўшыя Гурта выцягнулі ў яго з-за пазухі каліту, у якой, разам з цэхінамі, што засталіся, ляжаў і партманецік, які дала яму Рэвека, пасля чаго допыт аднавіўся.
— Хто твой гаспадар?
— Рыцар Пазбаўлены Спадчыны.
— Гэта той, што сваім добрым кап’ём выйграў прыз на сёнешнім турніры? А ну, скажы, як яго завуць?
— Ён мае за лепшае скрываць сваё імя, — адказаў Гурт, — і ўжо безумоўна, ад мяне вы аб гэтым нічога не даведаецеся.
— А цябе як завуць і як тваё прозвішча?
— Калі я гэта вам скажу, вы маглі-б здагадацца аб прозвішчы гаспадара, — сказаў Гурт.
— Аднак, ты добры нахабнік; але пра гэта мы пасля пагаворым. А як гэта золата трапіла ў рукі твайму гаспадару? Па спадчыне ён яго атрымаў, або сам здабыў?
— Сваім добрым кап’ём здабыў, — адказаў Гурт, — у гэтых калітах ляжыць выкуп чатырох добрых коняй і чатырох узбраенняў.
— Колькі ж тут усяго?
— Дзвесце цехінаў.
— Толькі дзвесце цэхінаў! Твой гаспадар вялікадушна паступіў з пераможанымі і ўзяў вельмі мала выкупа. Назаві імёны, ад каго ён атрымаў гэта золата.
Гурт назваў.
— А як-жа ўзбраенне і конь храмоўніка Брыяна дэ-Буагільбера? Якую суму ён за іх вызначыў? Ты бачыш, што мяне абмануць нельга.
— Мой гаспадар, — адказаў Гурт, — нічога не захацеў узяць з храмоўніка, таму што прагне толькі яго крыві. Яны знаходзяцца ў смяротнай варожасці, і таму між імі не можа быць ніякіх мірных зносін.
— Уздуйце агонь! — сказаў старэйшы, або так званы „капітан“. — Я пагляджу, што ў яго там у каліце.
Мігам распалілі агонь, і ўсе ўзяліся аглядаць каліту. Астатнія стаўпіліся вакол, і нават тыя двое, што трымалі Гурта, выцягнуўшы шыі, з такой цікавасцю заглядалі наперад, што пакрыху пачалі адпускаць палоннага. Ён, вядома, выкарыстаў іх безуважлівасць, раптоўнай патугай скінуў іх з сябе і добра мог-бы ўцякаць, калі-б адважыўся пакінуць ім маёмасць свайго гаспадара. Але гэта ў яго і ў галаве не было. У адзін міг выхапіў ён дубінку ў аднаго з акружаўшых яго людзей, хапіў ім капітана па галаве ў такі момант, калі той усяго менш чакаў падобнага нападу, і ледзь не забраў назад каліту са ўсім скарбам. Аднак рабаўнікі ў час схамянуліся і зноў завалодалі як калітою, так і Гуртам.
— Ах ты ашуканец! — сказаў капітан, устаючы. — Ты-ж мне галаву праламаў; папаўся-б ты ў рукі другой падобнай кампаніі, дрэнна табе было-б за такую дзёрзкасць. Але ты зараз даведаешся пра свой лёс. Пагаворым спачатку аб тваім гаспадары: рыцару належыць ісці спераду ад свайго зброяносца, такі ўжо закон рыцарства… Пастой смірна… Калі зноў кранешся, я так цябе пачастую, што больш ніколі не ўстанеш. Таварышы, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да свае шайкі: — гаспадар яго, вандроўны рыцар, павінен прайсці праз нашы рукі без мыты. Ён вельмі падобны да нашага брата, каб нам пажывіцца за яго кошт. І сабакі-ж не грызуцца між сабою ў тых месцах, дзе водзіцца шмат лісіц і ваўкоў.
— Чым-жа ён да нас падобны? — запытаў адзін з банды. — Хацеў-бы я паслухаць, як можна гэта давесці.
— Дурны чалавек, — сказаў капітан, — ��ы хіба-ж гэты рыцар не такі абяздолены бядняк, як і мы. Хіба ён не нажывае сабе хлеб штодзённы вострым мячом? Ці не ён пабіў Фрон-дэ-Бёфа і Мальвуазена гэтак-жа, як і нам-бы хацелася іх пабіць? І ці не ён абвясціў смяротную варожасць Брыяну дэ-Буагільберу, якога і мы ненавідзім па шмат якіх прычынах?
— А як-жа быць з гэтым дзёрзкім мужыком? Няўжо так і адпусціць яго?
— Не, паспрабуй ты сам намяць яму бакі, — адказаў капітан. — Гэй, слухай, — гаварыў ён далей, звяртаючыся да Гурта, — калі ты з такой ахвотай ухапіўся за дубінку, можа ты зможаш ею арудаваць?
— Пра гэта табе лепш ведаць, — сказаў Гурт.
— Ды, прызнацца, ты такі хвацкі мне даў! — адказаў капітан. — Пастарайся гэтага хлопца гэтак-жа ударыць, тады ідзі на ўсе чатыры бакі. А калі не ўправішся з ім… няма чаго рабіць, ты такі слаўны хлапец, што я, здаецца, сам унясу за цябе выкуп. А-ну, Мельнік, бяры сваю дубінку і сцеражы сваю галаву; а вы, хлопцы, адпусціце палоннага і дайце яму таксама дубінку. Тут цяпер святла досыць, і яны могуць добра адтузаць адзін аднаго.
Байцам далі па аднолькавай дубінцы, і яны выйшлі на сярэдзіну палянкі, каб як мага лепш выкарыстаць святло месяца. Абступіўшыя іх смяяліся і крычалі свайму таварышу:
— Мельнік, трымай вуха востра, не то сам прайграеш выкуп.
Мельнік ухапіў дубінку за сярэдзіну і, хутка пакручваючы ёю вакол галавы, зухавата выклікаў Гурта на паядынак:
— А-ну, мужык, выходзь! Толькі адважся сунуцца, я табе пакажу, як пападацца мне пад руку!
— Калі ты і сапраўды Мельнік, — адказаў Гурт, з той-жа зухаватасцю і не з меншай спрытнасцю пакручваючы над галавою сваю дубінку, — значыцца, ты ўдвойчы рабаўнік, а я, як сумленны чалавек, выклікаю цябе на бойку!
Сказаўшы гэта, абодва праціўнікі пачалі біцца і ў працягу некалькіх хвілін з аднолькавай сілай, адвагаю і ўмельствам адбівалі і наносілі адзін аднаму ўдары і хуткім хлопаннем адной дубінкі аб другую ўтваралі бесперапынную траскатню; з боку можна было падумаць, што, прынамсі, дванаццаць чалавек б’юцца ў рукапашную.
Доўга яны біліся з роўным поспехам, і Мельнік, бачачы такое ўпартае супраціўленне і чуючы рогат сваіх таварышоў, якія, як гэта бывае ў падобных выпадках, радаваліся яго няўдачы, урэшце згубіў цярплівасць.
Мельнік шалёна наступаў на Гурта, удараючы папераменна абодвума канцамі сваёй дубінкі і стараючыся падысці на поўдубінкі ад яго, тады як свінапас толькі абараняўся, растапырыўшы рукі і хутка пакручваючы кіем, каб абараніць сваю галаву і цела ад удараў. Такім чынам ён трымаўся ў абарончай позе, крыху адступаючы назад і не зводзячы вачэй з праціўніка, покуль не заўважыў, што той пачынае задыхацца. Тады ён леваю рукою замахнуўся дубінкай яму ў твар. Мельнік толькі што збіраўся адбіць гэты удар, як Гурт спрытна перахапіў сваю дубінку ў правую руку
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
і з усёй сілы трэснуў яго ў левы бок галавы. Мельнік мігам распластаўся на траве.
— Малайчына, сумленна пабіў! — закрычалі разбойнікі. — Многія леты добрай пацесе і старой Англіі! Саксонец за адным захадам панясе цэлым і скарб, і сваю ўласную скуру, а Мельнік-то сплашаў перад ім.
— Ну, сябра мой, можаш ісці сваёю дарогаю, — сказаў Гурту капітан. — Я дам табе ў праважатыя двух таварышоў: няхай яны карацейшым шляхам давядуць цябе да самага шатра твайго гаспадара ды пасцерагуць ад начных валацуг, у якіх сумленне не такое чулае, як у нас. Гэтай ноччу шмат іх бадзяецца па тутэйшых месцах. Сцеражыся, аднак, — дадаў ён сурова, — помні, што ты нам не сказаў свайго імя, дык і нашых імён не пытай і не спрабуй дазнавацца, хто мы і адкуль. Калі-ж будзеш спрабаваць дазнацца, наракай на сябе: з табою здарыцца што-кольвек куды горшае, чым сёння.
Гурт падзякаваў капітана за ласкавасць і абяцаў выканаць яго парады. Два ўдалых малайцы, захапіўшы свае дубінкі, загадалі Гурту ісці за імі па пятах і пайшлі вакольнай сцежкай праз самы гушчар зноў у той-жа яр. На ўскраі лесу яшчэ двое выйшлі ім насустрач і сказалі штосьці праваднікам, якія адказалі ім шэптам, пасля чаго тыя зноў пайшлі ў глыб лесу, дазволіўшы ім беспакарна ісці далей. З гэтага Гурт зрабіў заключэнне, што банда вялікая і што яны зірка ахоўваюць усе подступы да месца іх зборышчаў.
Выйшаўшы на адкрытую палянку, якая парасла верасам, Гур�� не ведаў, куды накіравацца, але праважатыя павялі яго проста на верх бугра, адкуль ён, пры святле месяца, адразу ўбачыў перад сабою рады частаколаў, што акружалі бегавішча, шатры, што знаходзіліся ў абодвух яго канцах, сцягі, што паласкаліся над імі і нават мог пачуць матыў той песні, якую мармытаў сабе пад нос адзін з вартавых, што стаяў на варце.
— Далей мы з табою не пойдзем, — сказаў адзін з праважатых, — інакш нам самім не мінуць ліха. Памятай-жа тое, што табе сказана: маўчы аб тым, што з табою здарылася сёння, і ўбачыш, што ўсё будзе добра; а калі забудзеш нашы парады, — не ўсцеражэшся ад нашай помсты, хоць-бы схаваўся ў Лонданскую вежу.
— Дабранач вам, ласкавыя панове, — сказаў Гурт, — я вашых загадаў не забуду і спадзяюся, што вы не будзеце мець за крыўду, калі я пажадаю вам заняцца больш бяспечным рамяством.
На гэтым яны рассталіся. Праваднікі пайшлі назад той-жа сцежкай, а Гурт пайшоў да шатра свайго гаспадара і, не гледзячы на толькі што выслуханыя перасцярогі, безадкладна расказаў яму падрабязна ўсё, як было.