Размах крылаў 57-91 мм. Асноўны фон крылаў белы. На пярэдніх крылах знаходзяцца кольцападобныя сінявата-чорныя плямы. Крылы, як правіла, напаўпразрыстыя ля вонкавага краю. Уздоўж унутранага краю задніх крылаў праходзяць цёмныя палосы. У вяршыні задніх крылаў маюцца чорныя круглявыя кропкі. Брушка цёмна-сіняе, амаль чорнае, з аранжавымі кропкамі на верхнім баку кожнага сегмента. У самцоў маецца вузкая жоўтая паласа па баках брушка. Ногі чорнага колеру, з белымі палоскамі.
Вусень чорны са мноствам шчацінак, з чырвонымі або аранжавымі палосамі на мяжы сегментаў, якія становяцца асабліва прыкметнымі, калі патрывожаны вусень згортваецца ў кола. Зімуе вусень.