Яўстах Прушынскі
Яўстах Прушынскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Аляксандр Дамінікавіч Лапа | ||||||
Пераемнік | Васіль Іванавіч Паўлаў | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 1797 | ||||||
Смерць |
4 сакавіка 1877 |
||||||
Род | Прушынскія | ||||||
Бацька | Станіслаў Ксаверый Прушынскі | ||||||
Маці | Ганна з Сямашкаў[d] | ||||||
Жонка | Алена з Гечэвічаў[d] | ||||||
Веравызнанне | каталіцтва | ||||||
Адукацыя | |||||||
Узнагароды |
Яўстах Станіслававіч Прушынскі (Прашынскі) (руск.: Евстафий Станиславович (Прошинский) Прушинский; польск.: Eustachy Proszyński; ка��я 1798[1] — 4 сакавіка 1877, маёнтак Лошыца, Мінскі павет) — буйны землеўласнік Расійскай Імперыі, мінскі губернскі маршалак (1863—1877).
Паходжанне і сям'я
[правіць | правіць зыходнік]Належаў да сярэднезаможнага маянтковага каталіцкага шляхецкага роду Прушынскіх (Прашынскіх) герба «Любіч»[2], унесенага 4 сакавіка 1800 г. у 1-ю частку, а 13 ліпеня 1826 г. перанесенага ў 6-ю частку дваранскай радаводнай кнігі Мінскай губерні і зацверджанага ў дваранстве ўказам Сената Расійскай імперыі ад 10 лютага 1837 года.
Нарадзіўся ў дваранскай каталіцкай сям’і Станіслава-Ксаверыя Антонавіча Прушынскага (каля 1768—1813), мінскага павятовага падкаморага (1797—1800), і Ганны з роду Сямашкаў (каля 1770—1820), дачкі Андрэя Сямашкі. Бацька Станіслаў Прушынскі валодаў маёнткамі Новы Двор, Трасцянец і Лошыца ў Мінскім павеце Мінскай губерні.
Быў хрышчаны ў каталіцтва.
Меў сястру Станіславу, якая была ў шлюбе з Янам Віктаравічам Любанскім, вілейскім і мінскім павятовым маршалкам, уладальнікам маёнтка Любань Вілейскага павета; а таксама братоў Людвіга-Ірынея (1796 — пасля 1820), заўчасна памерлага; Прота-Фелікса-Раймунда (1799—1849), удзельніка Лістападаўскага паўстання 1830—1831 гг., падпалкоўніка бельгійскіх войск, ад'ютанта бельгійскага караля; і, верагодна, Антона Станіслававіча Прушынскага (памёр каля 1873 г.), чыім сынам быў вядомы мінскі фатограф Антон Антонавіч Прушынскі (1826—1895), адзін з пачынальнікаў беларускай фатаграфіі.
10 чэрвеня 1829 г. у мінскім кафедральным касцёле Яўстах Прушынскі ажаніўся з дваранкай-каталічкай Аленай Вінцэнтаўнай Гечэвіч (20.04.1796, г. Мінск — 1871), сваёй траюраднай сястрой, дачкой мінскага губернатара (1818—1831) Вінцэнта Янавіча Гечэвіча (1770—1840). Для Алены Гэчэвіч гэта быў трэці шлюб: яе першым мужам быў дваранін-каталік Апалінарый Іасафатавіч Сялява (к.1784—п.1836), мінскі павятовы харунжы (1808-1811), мінскі павятовы падкаморы (1820—1823), з якім яна ўзяла шлюб 5 мая 1814 г. у Мінскім кафедральным касцёле; а другім мужам — Генрык-Артур-Аляксандр Казіміравіч Рэйтан (08.08.1799—1823/1826), уласнік маёнтка Шумяцічы Бабруйскага павета і сын слуцкага павятовага маршалка Казіміра Міхалавіча Рэйтана.
На жнівень 1865 г. Яўстах Прушынскі быў у разводзе. Дзяцей не пакінуў[3].
У 1859 г. стаў хросным бацькам Яўстаху Янавічу Любанскаму (1859 — пасля 1915)[4], які пазней стаў валодаць Лошыцкім маёнткам і палацам.
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Выпускнік Мінскай губернскай гімназіі[5].
Пераход у статус губернскай эліты
[правіць | правіць зыходнік]Прадстаўнікі роду Прушынскіх у часы маленства Яўстаха адносіліся да павятовай эліты Мінскага і Ігуменскага паветаў Мінскай губерні, дзе займалі мясцовыя выбарныя дваранскія пасады. Асаблівых кар’ерных поспехаў Прушынскія ў пачатку XIX ст. займелі толькі ў Ігуменскім павеце[6]. Так, Станіслаў Юзафавіч Прушынскі (1753—1800) двойчы абіраўся ігуменскім павятовым маршалкам (1797—1800), а пазней яго сын Міхал Станіслававіч Прушынскі (1777—1835) займаў тую ж пасаду ў 1804—1805 гг.[6] Напэўна, Яўстаху Прушынскаму таксама было б акрэслена толькі ў Мінскім павеце займаць па выбару дваран нейкую пасаду ці пайсці па ваеннай кар’еры, калі б не ўдалыя шлюбы яго блізкіх сваякоў з Ігуменскага павета[6].
Вырашальным для ўваходжання Прушынскіх у склад рэгіянальнай эліты Мінскай губерні быў шлюб дачкі Станіслава Юзафавіча Прушынскага Елізаветы з мінскім віцэ-губернатарам (1816—1818) і мінскім губернатарам (1818—1831) дваранінам-каталіком Вінцэнтам Янавічам Гечэвічам (1770—1840)[7]. Другую сваю дачку Гелену Станіслаў Прушынскі выдаў за маянткоўца-каталіка Ігната Станіслававіча Манюшку (1787—1869), мінскага павятовага маршалка (1811—1812) і ігуменскага павятовага маршалка (1832—1834), а сына Андрэя Прушынскага ажаніў з князёўнай Юліяй Радзівіл[7]. Урэшце, дачка Вінцэнта Гечэвіча Алена стала жонкай Яўстаха Прушынскага. Іншая дачка Вінцэнта Гечэвіча Сузана ўзяла шлюб з Людвікам Антонавічам Слатвінскім, ігуменскім павятовым маршалкам (1826—1832, 1838—1850) і мінскім губернскім маршалкам (1853—1859)[7].
Паводле даследаванняў гісторыка А.Р. Раюка, «у 1795—1863 гг. для мясцовай алігархічнай эліты Мінскай губерні характэрна дамінаванне 7-8 сямей сярэднезаможнага каталіцкага маянтковага дваранства (Валадковічы, Ваньковічы, Горваты, Гечэвічы, Зяновічы, Оштарпы, Прушынскія, Ракіцкія), а таксама ўстойлівасць складу, параднёнасць, салідарнасць і канцэнтрацыя ў сваіх руках зямельнай ўласнасці і мясцовай нефармальнай ўлады, якія стваралі тым самым рэгіянальную нефармальную эліту, што пераважала на пасадах губернскіх маршалкаў (прадвадзіцеляў дваранства губерні)»[6].
Службовая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаў сваю службу па выбару дваран 18 верасня 1820 г. з невялікай пасады дэпутата ад Мінскага павета для раскладкі земскіх павіннасцей, а з 25 верасня 1823 г. — засядацеля 2-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда. 12 верасня 1826 г. быў выбраны дваранамі Мінскай губерні на значную губернскую судовую пасаду — старшыні 2-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда (зацверджаны расійскім імператарам 25 сакавіка 1827 г., пасаду заняў 29 сакавіка 1827 г.), на якую выбіраўся на два трохгоддзі запар, быў зноў зацверджаны імператарам 17 студзеня 1830 г. да 1832 г. Пасля перайменавання інстанцыі, у 1832—1839 гг. па выбару дваран і зацвярджэнні імператарам быў старшынёй Мінскай палаты грамадзянскага суда. 31 верасня 1838 г. атрымаў чын калежскага асэсара.
Як прадстаўнік мінскай рэгіянальнай дваранскай маянтковай эліты, для якой у тыя часы быў характэрны ліберальны-кансерватызм у пытаннях зямельнай і сялянскай рэформы[7], з 2 кастрычніка 1844 г. быў членам Мінскага губернскага камітэта для разгляду інвентароў памешчыцкіх маёнткаў, з 28 лютага 1861 па 14 верасня 1863 г. членам Мінскай губернскай па сялянскіх справах прысутнасці[7][5].
Яшчэ ў ходзе падаўлення Студзеньскага паўстання (1863—1864) у заходніх губернях Расійскай імперыі былі забаронены дваранскія выбары і на выбарныя дваранскія пасады, у тым ліку павятовых і губернскіх маршалкаў (прадвадзіцеляў дваранства), з 1863 г. асоб пачалі прызначаць паводле ўказанняў расійскіх улад. Яўстах Прушынскі быў першым у Мінскай губерні нявыбарным губернскім прадвадзіцелем дваранства і апошнім з ліку дваран мясцовага паходжання: займаў пасаду мінскага губернскага прадвадзіцеля (маршалка) дваранства па прызначэнні з 14 верасня 1863 г. да сваёй смерці 4 сакавіка 1877 г.
Адносна яго матываў прыняцця на сябе пасады мінскага губернскага правадыра дваранства рускі паручнік гвардыі Мікалай Ксенафонтавіч Палявы, прызначаны ў 1864 г. ад Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі членам 2-й паверкавай камісіі Бабруйскага павета, пазней успамінаў: «…калі я зблізіўся з некаторымі памешчыкамі-палякамі, я пытаў іх: што за ахвота была Прушынскаму, багатаму незалежнаму чалавеку, ставіць сябе ў такое непрыстойнае, цяжкае, двухсэнсоўнае становішча? Яны растлумачылі мне, што Прушынскі рабіў гэта з любові да айчыны; на пасадзе губернскага прадвадзіцеля дваранства ён мог абараняць многіх, стрымліваць у губернскай па сялянскіх справах прысутнасці антыпольскі кірунак, мог папярэдзіць каго трэба пра пагрозу і заступіцца за яго». Студзеньскае паўстанне было праявай жадання многіх мясцовых дваран да аднаўлення сваёй дзяржаўнасці, а параза вымусіла іх шукаць спосабы захавання сваёй культуры і ідэнтычнасці, якія былі пад пагрозай русіфікацыі з-за пасляпаўстанчай ўрадавай палітыкі Расіі[8]. У Расійскай імперыі да пачатку 1880-х гг. галоўнай этнавызначальнай прыметай лічылася не мова, а веравызнанне: усіх парафіян Рускай праваслаўнай царквы адносілі да «рускага народа», адзінага ў трох галінах (велікарусы, маларусы і беларусы), а каталік асацыяваўся з «палякам»[8]. Гэта было прычынай для многіх беларускіх дваран зацята трымацца гістарычна-традыцыйнага каталіцкага веравызнання і знешне называць сябе «палякамі», каб этнаканфесіянальна адрознівацца ад рускіх і пазбегнуць абрусення[8].
Калі адміністрацыя віленскага ваеннага генерал-губернатара прызначыла у 1863 г. новых павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства і падштурхоўвала мясцовае дваранства літоўска-беларускіх губерняў прыносіць вернападданыя адрасы расійскаму імператару, то новапрызначаны (з 14 верасня 1863 г.) мінскі губернскі прадвадзіцель дваранства Яўстах Прушынскі падаў 25 верасня 1863 г. свой адрас ад імя дваран Мінскай губерні, які быў падпісаны 2744 асобамі, і адначасова зрабіў зварот на беларускай мове[9]. Рускі чыноўнік адміністрацыі віленскага ваеннага генерал-губернатара А. Масолаў, сведка падзеі, напісаў у мемуарах, што гэты беларускамоўны зварот расійскія ўлады палічылі за чарговую хітрасць «палякаў»: «Ковенскае дваранства прадставіла адрас за 500-мі подпісамі 26 жніўня, затым гродненскае — у сярэдзіне верасня; у канцы верасня і мінскае разам з новым прадвадзіцелем Прушынскім, чалавекам выдатнай сумленнасці, сілы волі і розуму. Вырашыўшы скласці адрас, ён напісаў агульнае пасланне на беларускай мове з выказваннем сваіх перакананняў. Ён выказаў у ім упэўненасць у гістарычнай неабходнасці зліцця заходніх губерняў з Расіяй, але ў той жа час неабходнасць гэтага зліцця ён даказваў думкай аб панславізме. Думка гэта пусціла карані ў Мінскай губерні, бо ў ёй заключалася вядомая хітрасць палякаў, якія на ўсё згодны, абы толькі не быць і не называцца рускімі»[9]. Зварот Прушынскага была скіраваны на тое, што Расійская імперыя павінна аб’яднаць усе славянскія народы ў адной дзяржаве (панславізм), але не асіміляваць іх, а пакінуць ім (у тым ліку беларусам) права на моўную і культурную самабытнасць у адзінай імперыі пад скіпетрам рускіх цароў[9].
4 красавіка 1865 г. атрымаў чын стацкага саветніка, а 16 красавіка 1867 г. — правадзейнага стацкага саветніка[10].
З 31 ліпеня 1864 па 4 сакавіка 1877 г. быў старшынёй Мінскага дабрачыннага таварыства[10].
Масонства
[правіць | правіць зыходнік]Быў членам масонскай ложы «Паўночнага шэсця пад паўночнай зоркай» у г. Мінску: па стану на 1820 г. — член ложы 1-й ст.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Кавалер ордэнаў Св. Станіслава 3-й ст. (02.02.1834 г.), Св. Ганны 2-й ст. (20.12.1846 г.), Св. Уладзіміра 3-й ст. (04.10.1863 г.), Св. Станіслава 1-й ст. (27.12.1868 г.), Св. Ганны 1-й ст. (01.01.1872 г.).
Узнагароджаны бронзавым медалём «У памяць вайны 1853-1856» (26.08.1856 г.), цёмна-бронзавым медалём на стужцы з дзяржаўных кветак «У памяць здушэння польскага мецяжу 1863-1864 гг.» (31.03.1865 г.), знакам узнагароды «За ўвядзенне ў дзеянне Палажэнняў 1861 г.» (28.02.1869 г.), Найвышэйшым спрыяннем за стараннасць і карысныя працы па прад’яўленні і зацвярджэнні люстрацыйных актаў (27.07.1870 г.), знакам узнагароды «За працы па пазямельным уладкаванні дзяржаўных сялян» (жнівень 1870 г.).
Гаспадарчая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Суседзі адзначалі гаспадарчы талент маянткоўца Прушынскага, які здолеў дабіцца высокай ураджайнасці зямлі, у тым ліку дзякуючы па-сучаснаму механізаванай апрацоўцы[4].
Выпрацоўваючы ўлас��а, узгадняючы і выказваючы пазіцыю землеўласнікаў Мінскай губерні, Яўстах Прушынскі апублікаваў у Мінску ў 1858 г. свае погляды на плануемую расійскім урадам сялянскую рэформу ў сваім артыкуле «Некалькі слоў аб артыкуле графа Урускага, воляй і няволяй у працы і іншым разам агучаных». Ён лічыў, што вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці без надзялення іх зямлёй (панскай ці дзяржаўнай) ёсць лепшым стымулятарам для іх прадпрымальнасці і актыўнасці ў гаспадарчай працы, а надзяленне зямлёй прывядзе іх да нячыннасці і абцяжарання абавязкамі па выплаце грошай за вылучаны надзел. А адразанне сялянам участкаў зямлі з панскіх маёнткаў, на думку Прушынскага, можа стаць прычынай заняпаду ці нават банкруцтва эфектыўных дваранскіх гаспадарак, якія могуць прадастаўляць працоўныя месцы для сялян[4]. Вядома, што ў канечным выніку сяляне ў 1861 г. былі вызвалены з прыгоннай залежнасці і надзелены ўчасткамі зямлі, за якія яны значна пераплацілі, чым калі б куплялі той жа надзел па рынкавым кошце[4].
У некралогу на Яўстаха Прушынскага паважліва пісалася ў 1877 г., што ён атрымаў «маёнтак Лошыца <...> у самым жаласным становішчы; як кажуць, не было ні кола, ні двара, а на ўсю вёску, якая складаецца з 30-40 двароў, ледзь было тры коні ды два воліка, ад чаго і зямля была не прадукцыйная, а сяляне ў самым адчайным стане. Маёнтак гэты ў цяперашні час даведзены да зайздроснага стану як па эканамічных, так і механічных характарыстыках»[11].
Знаёмства з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам
[правіць | правіць зыходнік]Каталіцкія дваране-маянткоўцы Мінскай губерні прынялі чынны ўдзел у аднаўленні літаратурнага статусу беларускай мовы. У 1850-ыя гг. у Мінскай і Магілёўскай губернях значны ўплыў на праяўленне мясцовымі каталіцкімі дваранамі зацікаўленасці да гутарковай мовы беларускіх сялян, стварэнне новай беларускай літаратурнай мовы, упэўненае аднаўленне статусу літаратурнай і папулярызацыю яе сярод розных саслоўяў Беларусі зрабіў сваімі мастацкімі літаратурнымі творамі і тэатральнай дзейнасцю адораны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які не раз гасцяваў у Яўстаха Прушынскага ў маёнтку Лошыца[12].
Сваю беларускамоўную вершаваную аповесць «Купала» (1855) Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч прысвяціў свайму сябру — бабруйскаму павятоваму маршалку (1844—1859) і дбайнаму гаспадару Аляксандру Лапе (1802—1869), які пазней быў выбраны дваранамі на пасаду мінскага губернскага маршалка (1859—1863). Сама аповесць была напісана аўтарам у Мінску на матэрыяле святкавання Купалля сялянамі ў маёнтку Лошыца, які належаў Яўстаху Прушынскаму. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч часта бываў «у Лошыцкім сяле, каля Мінска, гаспадарнага пана Прушынска», увекавечыўшы гэтую паважлівую ацэнку свайму сябру Прушынскаму ў сваёй беларускамоўнай аповесці «Дурны Зміцер, хоць хітры» (1855)[12].
Расійскі праект «зваротнай уніі» (1865—1866)
[правіць | правіць зыходнік]У Студзеньскім паўстанні (1863—1864) прымала ўдзел шмат каталіцкіх святароў, таму «паланізм» і каталіцызм успрымаліся як адзіны падрыўны антырасійскі саюз[9]. Для прадухілення новага сепаратызму ў Заходнім краі расійскі ўрад тады бачыў два шляхі: перавод усёй каталіцкай паствы ў праваслаўе ці «абрусенне каталіцызма» (г.зн. размежавання польскай і каталіцкай ідэнтычнасцяў — для ператварэння каталіцызма ў лаяльную расійскай уладзе і сумяшчальную з «рускай» этнічнасцю канфесію)[9]. Задумка ўрадавага праекта была ў тым, каб стварыць у Расійскай імперыі фактычна незалежны ад Рыма каталіцкі Сінод у Санкт-Пецярбургу, якому б былі падначалены ўсе каталіцкія парафіі ў Расійскай імперыі, а таксама ўвесці рускую мову ў дадатковае каталіцкае набажэнства (акрамя літургііі на латыні), прызначаць каталіцкіх біскупаў і адмяніць абавязковы цэлібат для белага каталіцкага святарства[13]. Сучасныя расійскія даследчыкі назвалі гэтыя і падобныя прапановы расійскіх улад у 1865—1866 гг. пр��ектам «зваротнай уніі», праводзячы аналогію з Берасцейскай царкоўнай уніяй (1596), калі праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай пераходзіла пад вяршэнства Папы Рымскага[13]. Тэрмін «зваротная унія» упершыню ўжыў у 1866 г. у газеце «Виленский вестник» адзін з ідэолагаў заходнерусізма Міхаіл Каяловіч, калі выказаўся за унію толькі на тэрыторыі польскіх губерняў Расійскай імперыі, але не ў Заходнім краі, бо ў апошнім яна, паводле Каяловіча, складала бы канкурэнцыю праваслаўнай царкве, яшчэ не мелай цвёрдых пазіцый і прыхільнасці сярод былых уніятаў заходніх губерняў з часу Полацкага царкоўнага сабору (1839). І толькі ў аддаленай будучыні Міхаіл Каяловіч бачыў карысць ад «народнага лацінства» у Заходнім краі[13].
Па ініцыятыве расійскіх улад у 1865 г. была складзена «Запіска» аб праекце царкоўнай уніі рымска-католікаў з праваслаўем у Заходнім краі і была прапанавана былому мінскаму праваслаўнаму епіскапу Антонію (Зубко) і мінскаму губернскаму прадвадзіцелю дваранства Яўстаху Прушынскаму, каб апошнія паспрыялі папулярызацыі гэтай ідэі сярод уплывовых дваран-маянткоўцаў і каталіцкіх ксяндзоў, у чым Прушынскі і епіскап Антоній праявілі пэўную актыўнасць[13].
Аднак у канечным выніку праект «зваротнай уніі» быў у 1866 г. адхілены самім расійскім урадам[13]. У лістападзе 1866 г. расійскі імператар Аляксандр II скасаваў Канкардат з Ватыканам ад 1847 г.
Маёнткі
[правіць | правіць зыходнік]Атрымаў у спадчыну родавыя маёнткі Лошыца і Новы Двор у Мінскім павеце, якія налічвалі ў 1824 г. супольна 178 рэвізскіх душ, а ў 1840 і 1850 г. — 208 душ[4].
У 1868—1877 гг. маёнткі Лошыца і Новы Двор супольна мелі абшар у 3250 дзесяцін зямлі[4][11].
У ліпені 1869 г. расійскі імператар Аляксандр II задаволіў хадайніцтва Прушынскага аб вызваленні яго ад деяння Палажэння 10 снежня 1865 года і аб распаўсюджанні на яго праў, прадастаўленых у Заходнім краі маянткоўцам «рускага паходжання»[11]: г.зн. Яўстах Прушынскі захаваў права набываць маёнткі ў Заходнім краі і быў пазбаўлены неабходнасці плаціць штогадовы кантрыбуцыйны збор з маёнткаў, уведзены расійскім урадам у адносінах да маянткоўцаў-католікаў Заходняга края. У 1871 г. Яўстах Прушынскі набыў маёнтак Яхімоўшчына і Палачаны ў Вілейскім павеце.
Паводле тастамента, у 1877 г. пасля смерці бяздзетнага Яўстаха Прушынскага яго маёнткі Яхімоўшчына і Палачаны ў Вілейскім павеце і маёнтак Лошыца (пад Мінскам) у Мінскім павеце перайшлі па спадчыне да пляменніка — Яна Янавіча Любанскага (1820—1884), сына сястры Яўстаха Прушынскага — Станіславы (з роду Прушынскіх)[11][4].
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]Памёр 4 сакавіка (ст.ст.) 1877 г. у сваім маёнтку Лошыца «ад працяглай і цяжкай хваробы»[10].
Ацэнка дзейнасці
[правіць | правіць зыходнік]Паводле ацэнкі беларускага гісторыка А.Р. Раюка: «Жыццё аднаго з прадстаўнікоў дваранскай эліты Мінскай губерні Яўстаха Прушынскага з’яўляецца яшчэ адным выдатным прыкладам існавання сярод ліберальна-кансерватыўнага маянтковага дваранства Мінскай губерні ў сярэдзіне XIX ст. спрыяльнай настроенасці на падтрымку беларускай палітычнай суб’ектнасці, этнічнай ідэнтычнасці і культуры і на вяртанне літаратурнага статусу беларускай мове. Многія мясцовыя каталіцкія маянтковыя дваране адчувалі адказнасць за лёс сваёй краіны, мовы і культуры і добра разумелі, што эфектыўнае вырашэнне эканамічных, рэлігійных і моўна-культурных складанасцяў і супярэчнасцяў у Беларусі, а таксама вызначэнне стратэгіі далейшага развіцця беларускага грамадства з’яўляецца немагчымым без аднаўлення палітычнай і культурнай самастойнасці і народнага адзінства»[14].
Зноскі
- ↑ Прыблізны год нараджэння зыходзячы з узросту, прыведзенага ў яго фармулярных спісах за розныя гады; запіс пра нараджэнне (хрышчэнне) ў метрычных кнігах Каралішчавіцкага, Мінскага кафедральнага і Смілавіцкага касцёлаў не выяўлены.
- ↑ У шляхецкім генеалагічным вывадзе ад 04.08.1800 г. Прашынскія сцвярджалі, што паходзяць з княжацкага роду, і сваім родапачынальнікам называлі князя Канстанціна Фёдаравіча Прушынскага, які жыў у пачатку XVI ст. У рэчаіснасці род Прушынскіх да княжацкіх не адносіўся, а рэальную асобу клікалі «князь Канстанцін Фёдаравіч Крошынскі»
- ↑ Минские губернаторы 2016, с. 202.
- ↑ а б в г д е ё Раюк 2022, с. 82.
- ↑ а б Минские губернаторы 2016, с. 199.
- ↑ а б в г Раюк 2022, с. 80.
- ↑ а б в г д Раюк 2022, с. 81.
- ↑ а б в Раюк 2022, с. 84.
- ↑ а б в г д Раюк 2022, с. 85.
- ↑ а б в Минские губернаторы 2016, с. 200.
- ↑ а б в г Минские губернаторы 2016, с. 201.
- ↑ а б Раюк 2022, с. 83.
- ↑ а б в г д Раюк 2022, с. 86.
- ↑ Раюк 2022, с. 87.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- ПРОШИНСКИЙ (ПРУШИНСКИЙ) Евстафий Станиславович // Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793-1917) : биографический справочник / сост. Ю.Н. Снапковский; редкол.: В.И. Адамушко [и др.]. — Минск: Беларусь, 2016. — 398 с. — ISBN 978-985-01-1200-2.
- Долбилов, М. Обратная уния: из истории отношений между католицизмом и православием в Российской империи 1840–1873 / М. Долбилов, Д. Сталюнас. – Вильнюс : Liedykla, 2010. – 274 с.
- Долбилов, М. «Обратная уния»: проект присоединения католиков к православной церкви в Российской империи (1865–1866 годы) / М. Долбилов, Д. Сталюнас // Славяноведение. – 2005. – №5. – С. 3–34.
- Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863–1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
- Раюк, А.Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А.Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — №1. — С. 58—63.
- Раюк, А.Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795–1863 гг. / А.Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі ; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.
- Токць, С. Зваротная унія / С. Токць // Палітычная сфера. – 2012. – №18–19. – С. 262–272.
- Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław—Warszawa—Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1991. — Cz. 1. — T. 1. — 352 s.
- Губернскія маршалкі мінскія
- Нарадзіліся ў 1797 годзе
- Памерлі 4 сакавіка
- Памерлі ў 1877 годзе
- Памерлі ў Мінскім павеце
- Прушынскія
- Выпускнікі Мінскай губернскай гімназіі
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 1 ступені
- Кавалеры ордэна Святога Станіслава 1 ступені
- Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 3 ступені
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 2 ступені
- Кавалеры ордэна Святога Станіслава 3 ступені
- Асобы