Эндзі Уорхал
Эндзі Уорхал | |
---|---|
англ.: Andy Warhol | |
Імя пры нараджэнні | англ.: Andrew Warhola Jr. |
Дата нараджэння | 6 жніўня 1928[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 22 лютага 1987[2][5][…] (58 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Andrej Warhola[d] |
Маці | Julia Warhola[d] |
Род дзейнасці | кінарэжысёр, мастак, фатограф, кінапрадзюсар, скульптар, дзеяч выяўленчага мастацтва, аператар-пастаноўшчык, сцэнарыст, аўтар дзённіка, дызайнер, графік, кінематаграфіст, мастак-гравёр, рысавальнік, ілюстратар, перформер, installation artist, аўтар, купец, прадзюсар, дзеяч мастацтваў |
Жанр | партрэтны жывапіс[d][3][9], нацюрморт[3][9] і партрэт[9] |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | поп-арт[3][9] |
Уплыў | Balcomb Greene[d][10], Robert Lepper[d][10], Samuel Rosenberg[d][10] і Joseph C. Fitzpatrick[d][11] |
Партыя | |
Сайт | warhol.org (англ.) |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Э́ндзі Уо́рхал (англ.: Andy Warhol; сапраўднае імя — Андрэй Варгола, славацк.: Andrej Varhola, англ.: Andrew Warhola; 6 жніўня 1928 года ў Пітсбургу, ЗША, пам. 22 лютага 1987 года ў Нью-Ёрку, ЗША) — найвыдатнейшы прадстаўнік поп-арту і сучаснай культуры ўвогуле. Эндзі Уорхал вядомы дзякуючы серыі кампазіцый з вялікім каларыстычным кантрастам, для стварэння якіх выкарыстоўваў тэхніку трафарэтнага друку. Паводле гэтага метаду былі створаны кампазіцыі звычайнага амерыканскага халадзільніка, бляшанкі колы і таматнага супу Campbell, звычайных прадметаў, напр. бананаў, сурвэтак і г.д. Трафарэтны друк дапамог Уорхалу стварыць партрэты вядомых людзей, такіх як: Мэрылін Манро, Элвіса Прэслі, Жаклін Кенэдзі, Марлана Бранда, Элізабет Тэйлар, а таксама Мао Цзэдуна і Леніна. Эндзі Уорхал асэнсоўваў усё, што маляваў, беспрадметна, без лішніх эмоцый. Таматны суп і доларавая банкнота мелі для яго аднолькавую вартасць з людзьмі, якіх ён маляваў.
Уорхал быў прадметам шматлікіх рэтраспектыўных выставак, кніг, мастацкіх і дакументальных фільмаў. Ён прыдумаў шырока ўжывальны выраз «15 хвілінная слава». Многія з яго твораў з’яўляюцца калекцыйнымі і вельмі каштоўнымі. Найбольшая цана, якую заплацілі за карціну Уорхала, складае 100 млн долараў, гэта было палатно пад назвай «Восем Элвісаў», створанае ў 1963 годзе. Гэтая купля была ўпамянута ў 2009 годзе ў артыкуле часопіса The Economist, які апісаў Уорхала як «лідара на рынку мастацтва»[12]. Працы Уорхала ўваходзяць у спіс самых дарагіх карцін, якія былі калі-небудзь прададзены.
Дзяцінства
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Пітсбургу (штат Пенсільванія, ЗША) чацвёртым дзіцём у сям’і эмігрантаў-русінаў[13] з сяла Мікава каля Стропкава на паўночным усходзе сучаснай Славакіі, часткі былой Аўстра-Венгерскай імперыі. Першае дзіця, якое нарадзілася яшчэ ў Славакіі, памерла да пераезду ў ЗША. Бацька Уорхала эміграваў у Злучаныя Штаты ў 1914 годзе, маці далучылася да яго ў 1921 годзе, пасля смерці дзеда і бабкі Уорхала. Бацька Уорхала працаваў у вугальнай шахце. Члены сям’і былі прыхаджанамі русінскіх грэка-каталіцкай царквы. Сям’я жыла на вуліцы Белен, 55, а затым у Доўсан-Стрыт, 3252 у Оклендзе, ваколіцах Пітсбурга. Эндзі меў двух старэйшых братоў, Павел, які нарадзіўся ў 1923 годзе, і Джон, які нарадзіўся ў 1925 годзе. Сын Паўла, Джэймс Уархола, стаў ілюстратарам дзіцячых кніжак.
У трэцім класе Уорхал захварэў на харэяю Сідэнгама, таксама вядомай як «скокі святога Віта», якая была вынікам перанесенай раней шкарлятыны, пасля чаго доўга не ўставаў з ложка. У класе ён становіцца ізгоем. З’явілася недаверлівасць, развілася боязь лекараў і бальніц (якая не пакіне яго да смерці). У час, калі ён прыкаваны да ложка, пачынае маляваць, збіраць фатаграфіі кіназорак і рабіць калажы з газетных выразак. Сам Уорхал пазней успамінаў гэты перыяд як вельмі важны ў станаўленні яго асобы.
Калі Эндзі было 13 гадоў, ад няшчаснага выпадку на шахце загінуў яго бацька. У 1945 Уорхал скончыў сярэднюю школу Шэнлі.
Пачатак кар’еры
[правіць | правіць зыходнік]Планаваў атрымаць мастацкую адукацыю ва Універсітэце Пітсбурга, каб у далейшым выкладаць маляванне. Але потым планы змяніліся, і ён паступіў у Тэхналагічны інстытут Карнегі, разлічваючы зрабіць кар’еру камерцыйнага ілюстратара. У 1949 годзе ён атрымаў ступень бакалаўра вытанчаных мастацтваў у галіне графічнага дызайну. Паспяваў в вучобе добра, але часта не знаходзіў агульнай мовы з выкладчыкамі і аднакурснікамі.
Пасля заканчэння ў 1949 годзе пераехаў у Нью-Ёрк, дзе пачаў працаваць афарміцелем крамных вітрын, маляваць паштоўкі і рэкламныя плакаты. Пазней яго прымаюць на працу мастаком-ілюстратарам ў часопісы Vogue, Harper’s Bazaar і яшчэ ў некалькі менш папулярных выданняў.
Ужо да 1950 прыходзіць поспех пасля ўдалага афармлення рэкламы абутковай кампаніі «І. Мілер». На рэкламных плакатах быў намаляваны ў эксцэнтрычнай манеры чарніламі абутак са спецыяльна зробленымі кляксамі.
У 1962 Уорхал правёў першую сваю буйную выстаўку, якая прынесла яму папулярнасць.[14] Да гэтага часу Уорхал змог купіць уласны дом на Манхэтэне, на 33-й Усходняй вуліцы. Даходы яго падняліся да адзнакі 100 тысяч долараў за год, і гэта дало яму магчымасць больш аддавацца ўлюбёнай справе — маляванню, і марыць пра «высокае мастацтва». Псеўданім «Уорхал» з’яўляецца прыкладна ў гэты ж час, у выніку памылкі друку ў адным з часопісаў. Новая трактоўка прозвішча спадабалася Уорхалу, і ён вырашыў пакінуць гэты варыянт прачытання.[15]
У 1956 годзе ён атрымлівае ганаровы прыз «Клуба мастацкіх рэдактараў».
Уорхал адным з першых ужыў трафарэтных друк як метад для стварэння карцін. У сваіх ранніх ён выкарыстаў уласныя, намаляваныя ад рукі малюнкі. Пазней, з дапамогай праектара, ён трансляваў на палатно ўжо фатаграфіі і ўручную абводзіў малюнак. Ужыванне шоўкаграфічнага метаду было адным з этапаў у імкненні Уорхала да масавага рэпрадукавання і тыражавання мастацкіх твораў, насуперак ўсёй крытыцы Вальтэра Беньяміна, які пісаў пра страту аўры і каштоўнасці твора ў век яго тэхнічнай узнаўляльнасці.[16]
Уорхалаў спосаб заключаўся ў наступным: на рамку нацягвалася нейлонавая сетка. Сам відарыс на сетцы ствараўся шляхам кантактнага засвечвання. На сетку, прамочаную фотаэмульсіяй, накладваўся дыяпазітыў. Усё засвечваецца, як пры фотадруку. На асветленых месцах сеткі фотаэмульсія полімерызаваліся і рабілася нерастваральнай плёнкай. Лішняе змывалася вадой. Так стваралася матрыца, гэта значыць друкаваная форма. Яе накладвалі на паперу або тканіну і наносілі фарбу. Фарба пранікала цераз празрыстыя ўчасткі сеткі і стварала малюнак. Такім чынам, наносячы спецыяльным гумавым валікам на драўлянай ручцы чорную фарбу, Уорхал рабіў асноўны контур сваіх самых вядомых твораў: шматразова паўтораных Мэрылін Манро, Элізабет Тэйлар і іншых. Для шматколернага друку патрабавалася колькасць матрыц, роўная колькасці колераў. Аднаго камплекта матрыц хапала на вялікую колькасць малюнкаў. Укараненне інавацыйных тэхналогій у працэс стварэння вобразаў ставіла мастацтва на камерцыйную аснову.
У 1960-х гадах мастак выкарыстоўваў для сваёй творчасці фатаграфіі, надрукаваныя ў СМІ. Пачынаючы з 1980-х гадоў, ён рабіў здымкі сам на Polaroid.[17]
Станаўленне, творчая кар’ера
[правіць | правіць зыходнік]У 1960 Уорхал стварае дызайн для бляшанак Кока-кола, які прынёс яму вядомасць мастака з неардынарным бачаннем мастацтва. У пачатку шасцідзесятых Уорхал ўсё больш займаецца графікай, ствараючы, у асноўным, толькі творы з выявай доларавых банкнот.
Ужо ў 1952 годзе работы Уорхала былі прадстаўлены на выстаўцы ў Нью-Ёрку, а ў 1956 ён атрымаў ганаровы прыз «Клуба мастацкіх рэдактараў». К гэтаму часу мастак зарабляў каля ста тысяч долараў у год, аднак не пераставаў марыць пра «высокае мастацтва».
У 1960 Уорхал малюе свой першы твор з серыі Кока-Кола. У 1960—1962 з’яўляецца цыкл твораў з выявай кансервавых бляшанак супу Кэмпбэл (Campbell’s Soup Can). Першапачаткова плакаты з банкамі супу выконваліся ў тэхніцы жывапісу: «Бляшанка з супам Кэмпбэл (рысава-таматавы)» (Campbell’s Soup Can (Tomato Rice), 1961, а з 1962 года — у тэхніцы шаўкаграфіі («Трыццаць дзве бляшанкі супу Кэмпбэл», «Сто бляшанак супу Кэмпбэл», «Дзвесце бляшанак супу Кэмпбэл» — усе 1962). Таксама, у 1962 годзе, паваротным для сябе, Уорхал стварае серыі «Зялёныя бутэлькі кока-колы». Малюнкі бляшанак у яркіх танах сталі «візітнай карткай» Уорхала. Паказ работ на выстаўцы ў галерэі «Stabl» выклікаў вялікі водгук сярод грамадскасці. Хоць, на думку крытыкаў, гэтыя карціны адлюстроўвалі безаблічнасць і пошласць культуры масавага спажывання, менталітэт заходняй цывілізацыі. Пасля гэтай выставы Уорхала прылічылі да прадстаўнікоў поп-арта і канцэптуальнага мастацтва, такіх як Роберт Раушэнберг, Джаспер Джонс і Рой Ліхтэнштэйн.
Пачынаючы з гэтага перыяду Уорхал як фатограф і мастак працаваў з вобразамі зорак эстрады і кіно: Мэрылін Манро, Элізабет Тэйлар, Джыма Морысана і Элвіса Прэслі, а таксама з выявамі палітыкаў. Напрыклад, Мао Цзэдуна. Пасля сыходу Манро з жыцця ён стварыў свой знакаміты «Дыптых Мэрылін», які стаў алегорыяй жыцця і смерці актрысы. Па стане на 2011 год Дыптых Мэрылін выстаўлены ў філіяле лонданскай Галерэі Тейт ў Ліверпулі. 2 снежня 2004 года газета «The Guardian» апублікавала спіс 500 самых выдатных твораў сучаснага мастацтва, дзе гэты твор Уорхала займае ганаровае трэцяе месца[18]. У Уорхала быў своеасаблівы, зменлівы падыход да жывапісу. Адным з новаўвядзенняў стала ўжыванне фарбаў кіслотных адценняў.
«Фабрыка»
[правіць | правіць зыходнік]У 1963 Уорхал купіў будынак на Манхэтэне, будынак атрымлівае назву «Фабрыка», тут Эндзі ставіць на паток стварэнне твораў сучаснага мастацтва. У 1964 года адбылася першая выстаўка арт-аб’ектаў Уорхала, якія не ўпісваюцца ў рамкі паняцці жывапісу. Экспазіцыя заключалася ў дэманстрацыі каля сотні копій упаковачнай кардоннай тары, каробак ад кетчупу «Хайнц» і пральнага парашка «Brillo». З нагоды адкрыцця выставы Уорхал зладзіў прэзентацыю сваёй новай незвычайнай студыі, «Фабрыкі», сцены якой былі выфарбаваныя ў сярэбраны колер. У студыі панавала абстаноўка ўсёдазволенасці, праводзіліся вечарынкі. Гэта памяшканне парушыла ўяўленне аб майстэрні мастака як аб адасобленым месцы. «Фабрыка» і яе гаспадар сталі часта фігураваць у рэпартажах свецкай хронікі, пра іх сталі пісаць у часопісах і сродках масавай інфармацыі. Стварае Уорхал і ўласны праект — часопіс «Інтэрв’ю», дзе знакамітасці бралі інтэрв’ю ў знакамітасцей[19].
«Фабрыка» была арганізаванай вытворчасцю, якая выпускала да 80 друкаваных твораў у дзень, гэта значыць некалькі тысяч адбіткаў у год. Быў наняты калектыў рабочых, якія ажыццяўлялі масавую вытворчасць пастаўленых на паток рэпрадукцый з партрэтамі знакамітасцей. Герояў сваіх твораў Уорхал фатаграфаваў у сябе ў майстэрні, робячы Палароідам серыю маментальных здымкаў. З мноства кадраў выбіраўся лепшы, павялічваўся, і метадам шаўкаграфіі пераносіўся на палатно. Паверхня палатна пакрывалася фарбай альбо да рэпрадуктавання, альбо Уорхал наносіў алейную фарбу па ўжо рэпрадуктаванаму адбітку. Звычайна рабілася некалькі варыянтаў аднаго твора. Такім чынам Уорхал ператварыў мастацтва ў «бізнес-арт», кіруючы выканаўцамі, якія тэхнічна рэпрадуктавалі яго ўласныя працы.
Уорхал прытрымліваўся думкі, што знакамітасці на партрэтах павінны былі выглядаць ідэальна і без заган: карціна «Да і пасля» з цыклу «Рэкламныя аб’явы» (1960) давала анонс «новай асобы ад Уорхала», нібыта «палепшанай версіі сябе самога». Ён рэтушаваў маршчыны і дэфекты скуры асобы, прыбіраў лішнія падбародкі, падмалёўваў ярчэй вочы і вусны, надаючы асобам ідэалізаваныя рысы. Сярод кліентаў Уорхала — усё сямейства іранскага шаха Махамеда Рэзы Пехлеві, Мік Джагер, Лайза Мінелі, Джон Ленан, Даяна Рос, Брыжыт Бардо і многія іншыя знакамітасці.[20]
Кінематаграфічная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Паралельна са стварэннем аб’ектаў поп-арта, Уорхал пачынае здымаць кінафільмы, аднак як рэжысёр поспеху дабіўся толькі ў вузкіх колах. У перыяд з 1963 па 1968 гады Уорхал зняў некалькі соцень стужак, у тым ліку 472 чатыроххвілінныя чорна-белыя партрэтныя кінапробы (Screen Tests), дзясяткі кароткаметражных фільмаў і больш за 150 фільмаў з сюжэтамі, толькі 60 з якіх выйшлі ў пракат.
Большасць яго фільмаў, знятых у той перыяд, не мела ніякага сюжэта. У аснову сюжэтных ліній клаліся псеўдадакументальныя здымкі, напрыклад: «мужчына прымярае трусы». Асноўным сэнсам фільмаў Уорхала было раскрыццё сутнасці сексуальнай рэвалюцыі.[21] У сярэдзіне 1960-х Уорхал перайшоў ад здымкі чорна-белых нямых кінастужак да каляровага кіно са сцэнарыем (часцей за ўсё эратычнага зместу). Імкнучыся рассунуць рамкі традыцыйнага кіно, Уорхал заняўся здымкай «нерухомых фільмаў». Самымі значнымі з іх сталі «Спі» (1963) і «Эмпайр» (1964). Першы ўяўляў сабой чорна-белую 5-гадзінную здымку спячага чалавека — амерыканскага паэта Джона Джыёрна, Гэта здымка не суправаджаецца ніякімі гукамі.[22][23] Прэм’ерны паказ фільма адбыўся 17 студзеня 1964 года[23] ў The Film-Makers' Cooperative пры ўдзеле рэжысёра Ёнаса Мекаса, «хроснага бацькі» нью-ёркскага кінаавангарда. Усяго прысутнічала дзевяць гледачоў, двое з іх сышлі з прагляду на працягу першай гадзіны[22]. Першапачаткова замест Джыёрна Уорхал хацеў сняць сон Брыжыт Бардо[22][23]
Сюжэт другой стужкі заключаўся ў 8-гадзінным паказе знятага ў рэжыме запаволенай здымкі нью-ёркскага небаскроба Эмпайр Стэйт Білдынг у перыяд з вечара 25 ліпеня па раніцу 26 ліпеня 1964 г. Сваімі спробамі і перформансамі ў кінамастацтве Уорхал хацеў адкрыць новыя напрамкі ў кінематографе і зацікавіць і здзівіць імі перасычанага гледача.
Замах
[правіць | правіць зыходнік]3 чэрвеня 1968 радыкальная феміністка Валеры Саланас, раней якая здымалася ў фільмах Уорхала, увайшла ў «Фабрыку» і тры разы стрэліла Эндзі у жывот. Пасля чаго выйшла на вуліцу, падышла да паліцэйскага і сказала: «Я страляла ў Эндзі Уорхала». Пацярпелы перанёс стан клінічнай смерці і 5-гадзінную аперацыю, якая скончылася паспяхова.[24] Пасля замаху мастаку прыйшлося насіць гарсэт больш за год, так як амаль усе яго ўнутраныя органы былі пашкоджаныя. Уорхал адмовіўся даваць абвінаваўчыя паказанні ў паліцыі, у выніку чаго Саланас атрымала толькі тры гады турмы і прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы. У яго працах пачынаюць пераважаць тэмы, звязаныя з гвалтоўнай смерцю. Зрэшты, гэтая тэматыка займала Уорхала яшчэ і да замаху, катастрофы хвалявалі яго сваёй прыцягальнасцю. Боязь смерці і калецтваў Уорхал выказваў з дапамогай малюнка электрычных крэслаў, самагубстваў, аварый, пахавання, ядзерных выбухаў, жалобы Жаклін Кенэдзі, пасмяротных партрэтаў Мэрылін Манро і хворай Элізабет Тэйлар. Адна з яркіх ілюстрацый гэтай фобіі Уорхала — карціна 1963 года «Катастрофа з тунцом», у якой прайграныя газетныя выразкі і фота дзвюх жанчын, якія атруціліся кансерваваным тунцом A & P, банка з-пад якога таксама фігуруе ў малюнку.
Жыццё пасля замаху
[правіць | правіць зыходнік]Пасля замаху Уорхал не згубіў цікавасці да творчай дзейнасці і не пераставаў эксперыментаваць з мастацтвам. У 1979 годзе ён заняўся мастацкай размалёўкай гоначнага аўтамабіля.[25] На яго думку, твор мастацтва, які рухаецца ў прасторы — гэта новае слова, новая з’ява ў жывапісу, сутнасць прыгажосці якога адкрывалася ў дынаміцы руху. Роспісам кузава аўтамашыны Уорхал займаўся асабіста. Фарбы наносіў разнастайным падручным матэрыялам, у тым ліку і пальцам. Захавалася яго выказванне: «Я спрабаваў намаляваць, як выглядае хуткасць. Калі машына рухаецца на вялікай хуткасці, усе лініі і колеры змазваюцца»[26].
22 лютага 1987 года Уорхал памёр у сне ад спынення сэрца ў Медыцынскім цэнтры Корнуэл на Манхэтане, дзе яму зрабілі нескладаную аперацыю па выдаленні жоўцевага пузыра. Пахаваны ў родным Пітсбургу. На пахаванні прысутнічала Ёка Она.
Прыватнае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Вядома, што Эндзі Уорхал быў геем.[27][28][29]
Калекцыяніраванне
[правіць | правіць зыходнік]Уорхол быў заўзятым калекцыянерам. Яго сябры ўспаміналі яго шматлікія калекцыі, якія запаўнялі не толькі яго чатырохпавярховы дом, але побач адзінка захоўвання, як «хлам’ё Эндзі». Сапраўдныя маштабы яго калекцыі выявіліся толькі пасля яго смерці, калі Музей Эндзі Уорхала ў Пітсбургу атрымаў 641 скрынь ягонага «хлам’я».
Калекцыі Уорхола ўключалі меню самалётаў, неаплачаныя рахункі, цеста для піцы, парнаграфічныя бульварныя раманы, газеты, маркі, рэкламкі супермаркетаў і банкі ад пячэння, і іншыя дзівацкія штукі. Адной з яго галоўных калекцый былі ягоныя парыкі.
Яшчэ адной рэччу, знойдзенай у скрынях Уорхола ў музеі ў Пітсбургу, была нага старажытнаегіпецкай муміі. Куратар антрапалогіі Музея натуральнай гісторыі Карнегі выказаў меркаванне, што Уорхал, хутчэй за ўсё, знайшоў яе на барахолцы[30].
Камерцыйнае значэнне
[правіць | правіць зыходнік]У апошнія гады Эндзі Уорхал ўзначальвае спіс самых прадаваных мастакоў. Так, у 2013 годзе сумарная кошт прададзеных на аўкцыёнах работ мастака склала 427,1 млн дол.[31] Найбольш высока цэняцца буйнафарматныя палотны 1962—1964 гадоў, цэны на якія могуць даходзіць да 100 млн долараў. Бягучы рэкорд быў усталяваны ў лістападзе 2013 года — 105,4 млн дол за «Сярэбраную аўтакатастрофу (падвойную)» (1963)[32].
За перыяд з 1985 па 2010 сярэднія аўкцыённыя цэны на працы Уорхала выраслі на 3400 %, што прыкладна ўдвая перавышае сярэдні рост коштаў на сучаснае мастацтва за той жа перыяд[33].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ RKDartists Праверана 10 верасня 2021.
- ↑ а б Andy Warhol // Benezit Dictionary of Artists — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г д Union List of Artist Names
- ↑ а б Livingstone M. Warhol, Andy // Grove Art Online / J. Turner — [Oxford, England], Houndmills, Basingstoke, England, New York: OUP, 2017. — doi:10.1093/GAO/9781884446054.ARTICLE.T090699
- ↑ Itaú Cultural Andy Warhol // Enciclopédia Itaú Cultural — São Paulo: Itaú Cultural, 2001. — ISBN 978-85-7979-060-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Find a Grave — 1996.
- ↑ Museum of Modern Art online collection Праверана 4 снежня 2019.
- ↑ https://www.workwithdata.com/person/andy-warhol-1928 Праверана 28 кастрычніка 2024.
- ↑ а б в г RKDartists
- ↑ а б в https://archive.triblive.com/news/college-years-shows-warhols-early-work/
- ↑ https://newsinteractive.post-gazette.com/thedigs/2014/05/09/joseph-c-fitzpatrick-pittsburghs-legendary-art-teacher/
- ↑ A special report on the art market: The Pop master's highs and lows (англ.). The Economist (25 сакавіка 2013).
- ↑ Jane Daggett Dillenberger, Religious Art of Andy Warhol, Continuum International Publishing Group, 2001, p.7
- ↑ Andrew Warhol — American Artist — Biography Архівавана 16 студзеня 2014.
- ↑ Биография Энди Уорхола Архівавана 9 мая 2013.
- ↑ Das Kunstwerk im Zeitalter seiner technischen Reproduzierbarkeit, 1936)
- ↑ Шелкография Уорхола.
- ↑ Work of art that inspired a movement … a urinal // The Guardian. — 02.12.2004.
- ↑ Кто такой Энди Уорхол?
- ↑ Поп-арт: Уорхол, Энди
- ↑ Энди Уорхол — король поп-арта Архівавана 3 жніўня 2019.
- ↑ а б в Sleep by Andy Warhol
- ↑ а б в Sleep (1963) — Trivia
- ↑ Энди Уорхол — король поп-арта Архівавана 3 жніўня 2019.
- ↑ Энди Уорхол и Арт-кар BMW M1
- ↑ Уорхол, Энди
- ↑ Colacello, Bob (1990). Holy terror: Andy Warhol close up. London: HarperCollins. ISBN 0-06-016419-0. OCLC 21196706.
- ↑ Meyer, Richard (2002). Outlaw representation: censorship and homosexuality in 20th-century American art. Oxford: Oxford University Press. ISBN 0-19-510760-8. OCLC 44721027.
- ↑ Matarazzo, Father Sam (1998). The Religious Art of Andy Warhol. New York: The Continuum Publishing Company. p. 33. ISBN 0-8264-1112-6.
{{cite book}}
: Пададзена больш чым адно значэнне|author=
і|last=
specified (даведка) - ↑ The 5 most unusual habits of Andy Warhol . Inktank.fi (20 лістапада 2012). Праверана January 13, 2013.
- ↑ «Артгид»: Топ-10 самых продаваемых художников по версии Artnet
- ↑ Andy Warhol (1928—1987) | Silver Car Crash (Double Disaster) | Contemporary Art Evening Auction | Sotheby’s Архівавана 27 жніўня 2017.
- ↑ «A One-Man Market» Архівавана 13 лютага 2014.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Schaffner, Ingrid. The Essential Andy Warhol. — New York City: Harry N. Abrams, 1999. — ISBN 0-8109-5806-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Эндзі Уорхал на Вікісховішчы |
- Эндзі Уорхал на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- Карціны Эндзі Уорхала Архівавана 6 ліпеня 2012.
- Фонд Эндзі Уорхола (англ.)
- Калекцыя Эндзі Уорхала ў Пітсбургу (англ.)
- Time Capsules. Калекцыя прац Уорхала. (англ.)
- Вэб-музей Эндзі Уорхала Архівавана 9 мая 2013.
- Эндзі Уорхал. Дакументальны фільм. (англ.)
- Уорхал у Парыжы Архівавана 3 верасня 2011.. Слайд-шоу. (англ.)
- Нарадзіліся 6 жніўня
- Нарадзіліся ў 1928 годзе
- Нарадзіліся ў Пітсбургу
- Памерлі 22 лютага
- Памерлі ў 1987 годзе
- Памерлі ў Нью-Ёрку
- Пахаваныя ў Пенсільваніі
- Члены Дэмакратычнай партыі ЗША
- Асобы
- Мастакі паводле алфавіта
- Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, якія не маюць старонак цёзак па прозвішчы
- Кінарэжысёры ЗША
- Мастакі ЗША
- Поп-арт