Шклоўскі пасад
Шклоўскі пасад — гістарычны раён Магілёва, які сфарміраваўся ў другой палове XVI—XVII стст. ў паўночна-ўсходнім накірунку ад Старога горада.
З’яўляўся састаўной часткай Новага горада. Межы пасада даходзілі да Палявога вала (на левабярэжжы Дубравенкі, паміж сучаенымі вуліцамі Лазарэнкі і Яцыно), вуліц Вялікая і Малая Грамадзянская, Камсамольская, Лепяшынскага, яра р. Дзебра і Машакоўскай гары.
На тэрыторыі пасада знаходзіліся 2 прыходскія царквы: Васкрасенская дальняя (драўляная 1552, мураваная 1684) і Васкрасенская бліжняя (драўляная; пасля 1672). У 1738—1752 гадах пабудаваны мураваны кармеліцкі касцёл на месцы драўлянага (1636, згарэў у 1708). Культурны пласт XVI—XVIII стст. каля 0,4 м, менш насычаны знаходкамі ў параўнаінні са Старым горадам. У 2007 годзе І. А. Марзалюк даследаваў тэрыторыю былой юрыдыкі касцёла кармелітаў побач з сучасным будынкам па вул. Ленінская. Былі знойдзены 2 унікальныя экзэмпляры паліхромнай каронкавай кафлі з выявамі фігурак ксяндзоў, якія трымаюць у руках келіх для сакраманта (прычасця), тэракотавы кубачак для грунтоўкі палатна і шкляніца XVII — пачатку XVIII ст. зялёнага колеру з рэшткамі зялёнай акварэльнай фарбы; фрагментыты зялёнапаліванай і паліхромнай, аздобленай кобальтавай палівай, рэльефнай кафлі канца XVII — пачатку XVIII ст.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Магілёўскія пасады // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. Т. 2: Л—Я — 464 с. — С. 48. — ISBN 978-985-11-0549-2.