Перайсці да зместу

Чаір (сад)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Чаір — тып традыцыйнай садовай гаспадаркі ў горным і перадгорным Крыме, які ўяўляе сабой шматузроўневы фітабіягеацэноз[1][2][3]. Мае старажытныя традыцыі, якія сумяшчаюць шматфункцыянальнасць (сад, сенакос, пашу і лесанарыхтоўкі), гармонію з прыродай (улік мясцовых асаблівасцяў клімату і рэльефу), а таксама грамадскае выкарыстанне членамі ўсяго селішча на працягу некалькіх пакаленняў і нават стагоддзяў. У XIX стагоддзі расійскія архітэктары Крыма уключылі элементы крымскіх народных агратэхнічных традыцый у ландшафтны дызайн пры стварэнні паркаў і лецішчаў[1]: так з’явіўся знакаміты парк Чаір  (руск.), які не мае ўжо прамога сельскагаспадарчага значэння.

Гісторыя і этымалогія

[правіць | правіць зыходнік]

Сваім паходжаннем чаіры абавязаны ўдасканаленню агратэхнічнай культуры народаў, якія жылі ў Крыме: здаўна на схілах мясцовых гор вырошчваліся сады, якія не патрабавалі адмысловага догляду. У літаральным перакладзе з крымскататарскага назва чаір (çayır) азначае «горны луг»[4] або «сенакос». Аднак у Крыме чаіры ператварыліся ў полікультурныя раслінныя супольнасці шматфункцыянальнага грамадскага выкарыстання. Чаіры супрацьпастаўляюцца «аланам» — звычайным палянам у горных лясах, якія выкарыстоўваюцца для сенажацяў і пашы. Пры гэтым вытокі крымскага чаірнага садаводства сыходзяць каранямі ў глыбокую старажытнасць. Да прыкладу, раскопкі горнага паселішча таўраў Уч-Баш  (укр.) паказалі выкарыстанне старажытнымі таўрамі чарэшні, алычы, вішні[5]. У паселішчах і магільніках стэпавых скіфаў былі таксама знойдзены рэшткі груш, яблыкаў, грэцкіх арэхаў і чарэшні. У сярэднія вякі ўладкаваннем чаіраў займаліся ў асноўным рэшткі хрысціянскага насельніцтва (армян, готаў, грэкаў). Аднак з пераходам на аселасць гэтую традыцыю паступова перанялі і крымскія татары, асабліва пасля масавай эміграцыі хрысціян у Расійскую імперыю каля 1780 года: частка аселых хрысціян перайшла ў іслам каб застацца на сваіх месцах.

Уладкаванне чаіра было свайго роду рытуалам. Пры гэтым выкарыстоўваліся абрыкосы, слівы, яблыні, грушы, кізіл, цёрн, алыча, айва, фундук, грэцкі арэх. У якасці прышчэпы ў чаірных садках выкарыстоўваліся пладаносныя ці маладыя дрэвы дзікай грушы, яблыні або чарэшні. З яблыневых сартоў у чаіры пераважалі сінапы  (укр.): кандзіль  (руск.), сары  (укр.), судакскі, саблы, кара. Сінапы паходзілі з турэцкага горада Сіноп, але былі палепшаны ў Крыме шляхам селекцыі і скрыжавання з мясцовымі горна-ляснымі яблынямі[3]. Сліву ж прышчаплялі на цёрн або дробнаплодную алычу[6]. Абавязковым атрыбутам чаіра былі і непладовыя ценеўтваральныя дрэвы: чынара (платан усходні (Platanus orientalis)), конскі каштан, а таксама таполя. Іх магутныя разгалістыя кроны дапамагалі падтрымліваць ідэальны баланс цяпла, вільгаці, запавольвалі вятры, давалі цень, перашкаджалі эрозіі і нарэшце змякчалі спёку над драбнейшымі дрэвамі і кустамі. Ствалы дрэў выкарыстоўваліся як падпоркі для лоз вінаграда[7]. Найстарэйшыя дрэвы чаіраў маюць узрост 300—500 гадоў.

На першым этапе ўладкавання чаіра даліну горнага ручая перагароджвалі радамі плеценых запруд з мэтай затрымання ўрадлівага глею, які ўтвараў некалькі шэрагаў тэрас на схіле гары або ўзгорка. Найбольш спрыяльнымі для чаіраў лічыліся горныя схілы на вышынях да 700 м над узроўнем мора, з якіх у нізіну скочвалася халоднае паветра. Чаір не прытрымліваецца раднасці, паколькі першараднымі фактарамі з’яўляюцца неаднародны мікраклімат і лакальнае ўвільгатненне[3]. Некаторыя сакрэты чаірнага садоўніцтва дайшлі да нашых дзён. Да прыкладу, пры пасадцы грэцкага арэха выкопвалася неглыбокая ��ма. Затым на дно яе ўкладваўся плоскі камень, які не даваў асноўнаму пню сысці далёка ўглыб бясплоднай і сухой горнай глебы. Такім чынам каранёвая сістэма арэха развівала доўгія бакавыя карані на невялікай глыбіні ў верхнім урадлівай і больш увільготненым пласце зямлі. Акрамя гэтага, зверху на плоскі камень кідалі некалькі жмень пшаніцы або ячменю. Гэтае збожжа хоць і прарастала, але прабіцца на паверхню не магло, згніваючы ў зямлі і ператвараючыся ў натуральнае ўгнаенне для маладога дрэва. Іншай тонкасцю была пасадка двух звязаных разам саджанцаў так, каб іх карані ў першыя пару гадоў цесна зрасталіся паміж сабой. Праз пару гадоў слабейшы ствол зрэзвалі і ў выніку пакінуты высадак атрымліваў магутную каранёвую сістэму, якой была не страшная засуха[2].

Выкарыстанне і догляд

[правіць | правіць зыходнік]

У чаірах пасвілі авечак, коз, кароў; касілі траву; нарыхтоўвалі дровы і збіралі галлё. У чаірах таксама збіралі плады для вырабу фруктовага мёду (бякмеса), сухафруктаў, павідла і узвараў[6]. Хоць чаіры не патрабавалі стараннага догляду, прыкладанне працы ў выглядзе перыядычнага прарэджвання кроны, выдалення засохлых галін, а таксама забеспячэння (ва ўрадлівыя гады) галін падпоркамі давала станоўчыя вынікі. Чаіры вырасталі ў асноўным блізу невялікіх сельскіх абшчын, не мелі агароджы і карысталіся іх дарамі ўсе члены абшчыны. У перыяд Крымскага ханства аднак з’явіліся і вялікія прыватныя чаіры, поўнасцю або часткова агароджаныя для прадухілення перавыпасу свойскіх жывёл.

Росквіт і заняпад

[правіць | правіць зыходнік]

Укараненне тэхналогій прамысловага садаводства ў савецкім Крыме прывяло да заняпаду традыцыйнага чаірнага садаводства. Калі да рэвалюцыі 1917 года на паўвостраве было 8 000 га чаірных садоў, то да сярэдзіны 1930-х гадоў іх засталося не больш 5 000 га, а да пачатку XXI века захоўваецца не больш за 20 га старажытных чаірных садоў. На тэрыторыі Алушцінскага, Бахчысарайскага, Белагорскага лясніцтваў у чаірных садках можна выявіць рэліктавыя 100-120-гадовыя яблыневыя дрэвы Размарына белага, Ранета шампанскага  (укр.) і Кандзіль-сінапа. Пры гэтым мясцовыя сарты ў чаіры давалі да 2 т яблыкаў, а завезеныя — не больш 1 т[6].

Зноскі

  1. а б Архивированная копия (руск.). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2017. Праверана 19 сакавіка 2017.
  2. а б Что такое чаир?. Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2017. Праверана 19 сакавіка 2017.
  3. а б в Чаиры — традиционное садоводство крымских народов — Славянская культура. Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2017. Праверана 19 сакавіка 2017.
  4. Крымскотатарско-русский словарь. Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2021. Праверана 19 сакавіка 2017.
  5. Архивированная копия (руск.). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2017. Праверана 19 сакавіка 2017.
  6. а б в Чаирные сады. Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2017. Праверана 19 сакавіка 2017.
  7. «В парке Чаир распускаются розы. В парке Чаир расцветает миндаль…»(недаступная спасылка)