Ціс
Ціс | ||||||||||||
Ціс еўрапейскі (Taxus baccata) | ||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||
Taxus L. | ||||||||||||
|
Ціс[1] (Taxus) — род вечназялёных хвойных дрэў і кустоў сямейства цісавых.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Вечназялёныя двухдомныя альбо радзей аднадомныя кусты або дрэвы вышынёй до 25–30 м і дыяметрам ствала да 2,5 м. Кара чырванаватая або бура-чырвоная. Каранёвая сістэма добра развітая, стрыжнёвага тыпу. Крона густая, канічная або пірамідальная. Парасткі падоўжаныя. Ігліца даўжынёй да 30 мм, мяккая, лінейная, адзіночная, размешчана спіральна або ў два рады, на кароткіх чаранках.
Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй да 8 мм, акруглыя або прадаўгаватыя, жаўтаватыя. Жаночыя шышкі моцна відазменены. У выглядзе адзіночнай верхавіннай семязавязі, у аснове якой размешчаны дробныя стэрыльныя лускавінкі, а вышэй насенне акружае буйны бакалападобны прынасеннік (арылус), спачатку зялёны, а пры выспяванні сакавіты, ярка-чырвоны, рэдка ружовы або жоўты. Насенне бяскрылае, прадаўгавата-яйцападобнае, завостранае, даўжынёй да 8 мм, спее восенню ў год апылення.
Размнажаецца вегетатыўна і насеннем. Вельмі ценевынослівы, умерана зімаўстойлівы, даволі патрабавальны да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, параўнальна ўстойлівы да гарадскіх умоў, хвароб і грыбных захворванняў, добра пераносіць стрыжку. Пыленне ў красавіку — маі.
Працягласць жыцця да 1500 (і нават да 4000) гадоў.
Пашырэнне
[правіць | правіць зыходнік]Род налічвае 8–13 паліморфных, марфалагічна падобных відаў, распаўсюджаных ва ўмераных, субтрапічных і трапічных рэгіёнах пераважна Паўночнага паўшар’я (Паўночная Амерыка, Афрыка, Еўразія). Шырока культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды, растуць у дэндрарыях і выкарыстоўваюцца на азеляненне. Найбольш вядомы ціс еўрапейскі, або ягадны, ці нягной-трава (Taxus baccata).
Ціс мае шмат садовых форм. Устойлівы да гарадскіх умоў. Драўніна трывалая да гніення.
Віды
[правіць | правіць зыходнік]Паводле звестак The Plant List на 2013 год, да роду Ціс належаць з дзевяці відаў[2]:
- Taxus baccata L. (1753) — Ціс ягадны, ці Ціс еўрапейскі, ці Нягной-дрэва
- Taxus brevifolia Nutt. (1849)
- Taxus canadensis Marshall (1785) — Ціс канадскі
- Taxus cuspidata Siebold & Zucc. (1846) — Ціс востраканцовы, ці Ціс далёкаўсходні
- Taxus floridana Nutt. ex Chapm. (1860)
- Taxus fuana Nan Li & R.R.Mill
- Taxus globosa Schltdl. (1838)
- Taxus sumatrana ((Miq.) de Laub.
- Taxus wallichiana Zucc. (1843)
Натуральныя гібрыды
[правіць | правіць зыходнік]- Taxus ×hunnewelliana Rehder (1925) [= Taxus canadensis × Taxus cuspidata]
- Taxus ×media Rehder (1906) [= Taxus baccata × Taxus cuspidata]
Захворванні
[правіць | правіць зыходнік]Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Драўніна цяжкая, шчыльная, трывалая, устойлівая да гніення, з прыгожай афарбоўкай і тэкстурай («чырвонае дрэва»). Раней шырока прымянялася ў мэблевай і такарнай вытворчасці, для вырабу дробных гаспадарчых прадметаў. У драўніне, ігліцы і кары змяшчаюцца ядавітыя алкалоіды. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. Каштоўная дэкаратыўная павольнарослая расліна. Шырока выкарыстоўваецца для стварэння жываплотаў і ў тапіярным мастацтве. Многія віды моцна скарацілі колькасць і знаходзяцца пад аховай.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 129. — 160 с. — 2 350 экз.
- ↑ Species in Taxus (англ.). The Plant List (2013). Version 1.1. Published on the Internet; http://www.theplantlist.org/. Royal Botanic Gardens, Kew and the Missouri Botanical Garden (28 студзеня 2013).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ціс // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 117. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ціс на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларуская энцыклапедыя»
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ціс