Перайсці да зместу

Франчэска Лапарэлі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Франчэска Лапарэлі
Дата нараджэння 5 красавіка 1521
Месца нараджэння
Дата смерці 20 кастрычніка 1570 (49 гадоў)
Месца смерці
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Франчэска Лапарэлі ці Франчэска Лапарэлі да Картона (італ.: Francesco Laparelli; 5 красавіка 1521, Картона — 20 кастрычніка 1570, Кандыя, востраў Крыт) — італьянскі архітэктар і адзін з найбольш значных[1] ваенных інжынераў XVI стагоддзя, вучань Мікеланджэла Буанароці.

Лапарэлі нарадзіўся ў Картоне 5 красавіка 1521 года ў адной з самых заможных і знакамітых сем’яў у гэтым горадзе. У юнацтве ён навучыўся карыстацца зброяй, вывучаў матэматыку Эўкліда і архітэктуру Вітрувія, а таксама ўдасканаліў свой малюнак. У 1550-х гадах ён сустрэў свайго пазнейшага мецэната Габрыа Сербелоні, генерала і ваеннага інжынера, пад моцным уплывам якога заставаўся.

У 1560 годзе Франчэска Лапарэлі быў выкліканы ў Рым папам Піем IV, дзе яму было дадзена даручэнне аднавіць умацаванні Чывітавек’я. У тым жа годзе ён спраектаваў умацаванні, якія абаранялі новае вусце Тыбра, а ў 1561 годзе кіраваў працамі па абарончай сістэме Ватыканскага ўзгорка. У 1565 годзе ён завяршыў вялікі пяцівугольнік Замка Святога Анёла з бастыёнамі. Спрыяючы ўмацаванню сістэмы абароны Ватыкана, ён супрацоўнічаў з Мікеланджэла Буанароці ў працы над вялікім купалам Базілікі Святога Пятра.

Карта Валеты ад 1580 года.
Бастыён Святога Якава, частка фартыфікацыі Валеты, якая была запраектавана Лапарэлі.

Чатырохмесячная Вялікая аблога Мальты скончылася ў верасні 1565 года, але востраў быў у руінах. Вялікі магістр Жан дэ ла Валет быў поўны рашучасці аднавіць яго, выбраўшы месцам для новай крэпасці ўзвышша на паўвостраве Скіберас. Для ажыццяўлення будаўніцтва быў прыцягнуты Франчэска Лапарэлі. Яго накіраваў на Мальту папа Пій V, які даў грошы на аднаўленне вострава[2].

Лапарэлі прыбыў на востраў у снежні 1565 года, ордэн атрымаў яго першую справаздачу ўжо 3 студзеня 1566 года. Ён сказаў, што ўмацаванні Біргу, Сенглі і Св. Эльма пацярпелі так, што для асноўнага рамонту патрабуецца чатыры тысячы рабочых, якія павінны працаваць 24 гадзіны ў содні. Замест гэтага ён прапанаваў больш хуткае і таннае вырашэнне праблемы — будаўніцтва новых умацаванняў на паўвостраве Скіберас. У справаздачы ад 13 студзеня таго ж года Лапарэлі прывёў больш моцны аргумент для будаўніцтва новага горада, напісаўшы, што для ўтрымання вострава без яго спатрэбіцца 12 000 пешых і 200 конных рыцараў. І толькі 5000 пяхоты будуць абараняць востраў, калі будзе пабудавана новая крэпасць. Рыцары Ордэна накіравалі лісты ў еўрапейскія каралеўскія двары, у якіх пагражалі пакінуць востраў, калі не атрымаюць фінансавай і ваеннай дапамогі. 14 сакавіка 1566 года, пасля атрымання гарантыі Іспаніі і іншых двароў, будаўніцтва пачалося[3].

Лапарэлі распрацаваў план горада ў выглядзе сеткі, каб летам марскі брыз лёгка праветрываў яго. Ён таксама распрацаваў дрэнажную сістэму. Ён вырашыў, што горад будзе абкружаны абарончымі мурамі, а форт Сент-Эльма ў канцы паўвострава павінен быць адбудаваны. Першы камень у падмурак новага горада Валета быў закладзены ў сакавіку 1566 года. Філіп II накіраваў Джавані Джакама Палеары Фраціна праверыць праект умацаванняў. Джакама Базіа запісаў дыскусію паміж Фраціна і Лапарэлі, якая адбылася ў пачатку красавіка 1566 года. Канчатковы праект, апублікаваны 18 чэрвеня 1566 года, прадугледжваў будаўніцтва ўмацаванага горада, які ахопліваў бы паўвостраў да форта Св. Эльма, чые чатыры бастыёны і два cavaliery ахоўваюць сушу. У 1567 годзе план быў перагледжаны, дадалося паглыбленне сухога рову з боку сушы і будаўніцтва цыстэрнаў, складоў, магазінаў і іншых неабходных пабудоў.

Лапарэлі пакінуў Мальту ў 1569 годзе, з-за марской вайны паміж папствам і туркамі. У той час будаўніцтва асноўных карпусоў яшчэ не пачалося. Перш чым Лапарэлі вырашыў вярнуцца на Мальту, ён нечакана памёр ад чумы на Крыце ў 1570 годзе. Яму было 49 гадоў. Будаўніцтва Валеты працягнуў яго памочнік мальтыец Джыралама Касар.

Зноскі

  1. The Art of Orthogonal Planning: Laparelli’s Trigonometric Design of Valletta(недаступная спасылка), Journal of the Society of Architectural Historians, 2004-03, т.63. выпуск 1. ст.4-31
  2. Thomas M. Eccardt: Secrets of the Seven Smallest States of Europe: Andorra, Liechtenstein, Luxembourg, Malta, Monaco, San Marino, and Vatican City. Hippocrene Books, 2005. ISBN 978-0-7818-1032-6. [dostęp 2012-10-22]. (анг.).
  3. Dennis Angelo Castillo: The Maltese Cross: A Strategic History of Malta. Greenwood Publishing Group, 2006. ISBN 978-0-313-32329-4