Форт I (Брэсцкая крэпасць)
Абарончае збудаванне | |
Форт I Брэсцкай крэпасці | |
---|---|
| |
52°07′15″ пн. ш. 23°37′34″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Брэст |
Заснавальнік | Расійская імперыя |
Дата заснавання | 1879 |
Будаўніцтва | 1879—1880 гады |
Асноўныя даты | |
1879—1880 гады — будаўніцтва форта I 1909—1915 гады — мадэрнізацыя форта |
|
Стан | Форт захаваўся на 80% |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Форт I — форт Брэсцкай крэпасці, пабудаваны ў 1879—1880 гадах падчас стварэння першага кальца фартоў. Знаходзіцца прыкладна за 5 км на поўнач ад Брэсцкай крэпасці, каля вёскі Казловічы.
Належыў да Кобрынскага інжынернага аддзела Брэсцкай крэпасці.
Будаўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Рэкагнасцыровачныя працы на месцы вяліся з 1876 г., будаўніцтва пачалося ў 1879 г. і працягвалася 1 год. Форт будаваўся па спрошчаным тыпавым праекце «Умацаванне № 2». Адразу пасля гэтага была праведзена частковая мадэрнізацыя форта па праекце «Казённы двухвальны». У ходзе мадэрнізацыі быў насыпаны пярэдні вал — фасабея — нізкі вал форта, прызначаны для стралковых пазіцый. Пяцівугольны ў плане форт уяўляе сабой паўдоўгатэрміновае ўмацаванне ў форме рэдута з двума фланкамі, двума фасамі і гаржой, узмоцненае каменнымі казематаванымі пабудовамі. Форт меў 2 валы, падзеленыя сухім ровам (каменны контрэскарп адсутнічаў). Унутраны вал, больш высокі, прызначаўся ��ля ўсталявання на ім артылерыйскіх гармат рознага калібру. Знешні, больш нізкі, вал — фасабея — прызначаўся для стралковых пазіцый пяхоты. У гаржы (задняй часткі) форта таксама быў насыпаны вал, у якім было зроблена 4 праходы для зносін з тылам[1].
Таўшчыню ўнутранага вала перасякаюць 3 цагляныя пацерны, якія злучаюць двор форта з сухім ровам. Да кожнай пацерны з бакоў далучаны выдатковыя парахавыя скляпы, па два да кожнай пацерны. Чатыры скляпы з шасці прызначаліся для захоўвання 480-ці бочачак з зарадамі, два — для захоўвання снарадаў. Кожны склеп мае ў тарцы адмысловае памяшканне для ўстаноўкі газавай лямпы. Гэты калідор злучаўся з памяшканнем склепа зашклёным акном. Такім чынам склепы атрымлівалі асвятленне без рызыкі выбуху ад агню лямпы. Са скляпоў цэнтральнай пацерны наверх выходзяць па две, а з бакавых — па адной шахце, прызначаных для ўздыму зарадаў і снарадаў на вал. Наверсе кожнай шахты знаходзіўся крук, праз які перакідвалі канат, якім і ўздымалі снарады. Бочкі з порахам захоўваліся на драўляных стэлажах. Для таго каб прадухіліць небяспеку выбуху ад з’яўлення іскры пры ўдары металу аб метал, засаўкі, клямкі, завесы, замочныя ключы, замкі і ўсе металічныя часткі дзвярэй скляпоў былі адлітыя з чырвонай медзі. Уваход у склеп закрываўся драўлянымі двухстворкавымі дзвярыма, абабітымі лістамі дахавага жалеза, за якімі былі ўсталяваныя аднастворкавыя дзверы-краты для ажыццяўлення вентыляцыі склепа ў цёплую пару года[1].
Ва ўнутраным вале таксама маецца 8 цагляных сховішчаў, па 3 на фасах і па адным на фланках. Кожнае сховішча — аднапавярховы каземат са скляпеністай столлю плошчай 36 м², які мог служыць прытулкам для 5-9 чалавек гарматнай прыслугі. Падлогі казематаў былі зробленыя з асфальту, для абагрэву ў халодны час былі ўсталяваныя утэрмаркаўскія печы. Зачыняліся казематы двухстворкавымі драўлянымі дзвярыма, абапал дзвярэй мелася па вакну для асвятлення[2].
Да горжы форта прымыкаюць два земляныя траверсы (адзін у сярэдзіне і адзін — злева, паралельна фланку), якія перасякаюць двор ўмацавання і прыкрываюць яго ад бакавых стрэлаў[3]. Усяго форт мог змясціць 250 чалавек гарнізона і каля 20-ці гармат[4] .
Кошт будаўніцтва форта і пракладзенага да яго бруку склаў 211 527 рублёў і 49 капеек. Згодна з «табелем нармальнага ўзбраення крэпасці Брэст-Літоўск» 1895 года, I форт быў узброены чатырма гарматамі калібра 8 цаляў (200 мм), адзінаццаццю гарматамі калібра 6 цаляў (150 мм) вагой у 190 пудоў (3,11 т), трыма — вагой 12 фунтаў (5,4 кг), трыма — 24 фунты (11 кг) і чатырма паўпудовымі (81,9 кг) марцірамі[3].
Форт даваў магчымасць абстрэльваць мясцовасць паперадзе і перашкаджаў ворагу пераправіцца праз раку Буг. Фактычна, форт з’яўляўся артылерыйскай батарэяй перад Кобрынскім умацаваннем. Недахопам форта была адсутнасць гаржавой казармы, што не дазваляла размяшчаць у ім сталы гарнізон у мірны час і не забяспечвала гарнізон бяспечнымі сховішчамі падчас аблогі[3].
Мадэрнізацыя перад Першай сусветнай вайной
[правіць | правіць зыходнік]Па плане ўдасканалення ўмацаванняў Брэсцкай крэпасці, у 1909 годзе форт I увайшоў у другое кальцо фартоў, пачалася яго мадэрнізацыя, якая не была завершана. У вонкавым вале пачалося будаўніцтва трох казематаваных траверсаў, на ўнутраным вале былі размешчаны два бетонных назіральных пункта з бронекалпакамі. Траверсы ўяўлялі сабой бетонныя казематы. На даху кожнага каземата размяшчаўся меншы каземат. Адзін з траверсаў (на левым фасе) так і не быў дабудаваны — другі паверх адсутнічае. Таўшчыня сцен траверсаў складае 1 м, перакрыцця — 2 м бетону. Таксама побач з фортам у лесе былі пабудаваны 2 бетонных сховішча. Абодва яны былі недабудаваныя і падарваныя. У мадэрнізацыі форта прымаў удзел капітан Бялінскі І. В.[5]
Першая і Другая сусветныя войны
[правіць | правіць зыходнік]Пры адступленні рускай арміі ў 1915 годзе форт быў пакінуты некранутым, за выключэннем новых бетонных траверсаў, якія былі падарваныя сапёрамі[4].
У 1940—1941 гадах побач з фортам былі пабудаваныя тры ДАПы 62-га Брэсцкага ўмацаванага раёна — артылерыйскія паўкапаніры №515 (у лесе каля бетоннага сховішча) і №529 (на ўнутраным вале форта) і кулямётна-артылерыйскі ДАП №512[6].
Форт у баявых дзеяннях ніколі не ўдзельнічаў[6].
Форт сёння
[правіць | правіць зыходнік]У пасляваенны час на тэрыторыі форта доўгі час размяшчалася ваенная частка СПА, у казематах стаялі ракеты, пацерны часткова былі перагароджаны цаглянымі сценкамі. На знешнім вале былі пабудаваныя кацельня і некалькі прыватных дамоў[6].
Левы і правы бетонныя траверсы падарваныя — пліты перакрыццяў ляжаць на зямлі. Практычна цалкам захаваўся цэнтральны траверс, толькі пліта перакрыцця злёгку пашкоджана. Форт I мае добрую захаванасць (каля 80%[4]) земляных і цагляных збудаванняў і з’яўляецца адзіным захаваным фортам першага кальца, які практычна не мадэрнізаваўся пасля сваёй пабудовы[6].
-
Пацерна ўнутры
-
Назіральны пункт з бронекалпаком
-
Двухпавярховы каземат
-
Калодзеж для боезапасу
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Арлоў 2017.
- ↑ Арлоў 2017, с. 49—50.
- ↑ а б в Арлоў 2017, с. 50.
- ↑ а б в Сувораў, Міцюкоў 2009, с. 36.
- ↑ Сувораў, Міцюкоў 2009.
- ↑ а б в г Наследие Брестской крепости / Форт I.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Суворов А. М., Митюков А. В. Форт V и другие форты Брестской крепости / В. В. Губаренко. — Брэст: Полиграфика, 2009. — ISBN 978-985-90178-6-5. Архівавана 28 сакавіка 2019.
- Орлов В. Фортовой период (1876—1915) // Атлас крепости Брест-Литовск: в 3-х тт. — Брэст: Фонд развития Брестской крепости, 2017. — Т. 3. — 288 с. — ISBN 978-5-9500200-5-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Наследие Брестской крепости. Форт I (руск.)(недаступная спасылка). Фонд развития Брестской крепости (1 студзеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 15 жніўня 2019. Праверана 21 студзеня 2019.