Таварыства аматараў навук
Тавары́ства амата́раў наву́к, Навуковае таварыства, Навучальнае таварыства[1][2] — адно з першых тайных таварыстваў на Беларусі, створанае ў 1819 годзе ў Свіслацкай гімназіі. У стварэнні вялікую арганізацыйную і ідэйную ролю адыграў выдавец «Dekada Polska» В. Гельтман, які пазней быў актыўным дзеячам паўстання 1830—1831 гадоў, ён распрацаваў праект статута ад 7 студзеня 1820 года (складаўся з 7 раздзелаў, 30 параграфаў). Першым старшынёй таварыства быў Дыянісій Шлаеўскі. Сакратар Р. Вашчыловіч. Члены таварыства (вядома 15 членаў) падзяляліся на на кандыдатаў, правадзейных членаў, членаў-карэспандэнтаў, ганаровых членаў.
Мэта
[правіць | правіць зыходнік]Мэтай таварыства заключалася ў тым, каб «сумеснымі сваімі працамі ўдасканальваць айчынную мову і памнажаць творы польскага красамоўя».
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Паводле сацыяльнага паходжання члены таварыства былі прадстаўнікамі незаможнага духавенства, збяднелай шляхты, дробных чыноўнікаў. Члены таварыства падтрымлівалі ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Характарам дзейнасці Таварыства аматараў навук не адрознівалася ад падобных арганізацый у Польшчы і беларуска-літоўскіх губернях. Навучэнцы гімназіі наладжвалі тайныя сходы, на якіх абмяркоўвалі свае літаратурныя творы. У іх творах, вершаваных і празаічных, у прамовах выяўляліся, як засведчана ў матэрыялах следства, «патрыятычныя думкі ў польскім духу, успаміны пра славутых дзеячаў былой Польшчы, заклік наследаваць іх дзеля славы айчыны і ўгаворы, каб у таварыстве захаваць адзінства, роўнасць і (дзеля канспірацыі) паслухмянасць начальству вучылішча». Пасля заканчэння гімназіі (6-га класа) амаль усе члены Таварыства аматараў навук сталі членамі так званага Маральнага таварыства.
Ёсць меркаванне, што таварыства існавала да арышту В. Гельтмана ў 1821 годзе[1].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б БелЭн 2002.
- ↑ ЭГБ 2001.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Швед В. В. Тавары́ства амата́раў наву́к, Навуковае таварыства, Навучальнае таварыства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 371. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Таляронак, С. В. Тайныя Свіслацкія гурткі «Навуковы» і «Маральны» (1819—1820) / С. В. Таляронак // Весці АН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — 1994. — № 3.
- Швед В. Тавары́ства амата́раў наву́к, Навуковае таварыства, Навучальнае таварыства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 487. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 680. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.