Свята-Петра-Паўлаўская царква (Бяроза)
Славутасць | |
Свята-Петра-Паўлаўская царква | |
---|---|
52°32′10,3″ пн. ш. 24°58′40,97″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Бяроза |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Брэсцкая і Кобрынская |
Благачынне | Бярозаўскае |
Архітэктурны стыль | рэтраспектыўна-рускі |
Дата пабудовы | 1772 год |
Матэрыял | цэгла |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Петра-Паўлаўская царква — праваслаўны храм у імя святых апосталаў Пятра і Паўла ў горадзе Бярозе. Помнік архітэктуры другой паловы XVIII—XIX стагоддзяў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудавана ў 1772 годзе з цэглы намаганнямі святара Данілы Сушынскага[1].
Храм быў рэканструяваны ў 1864 годзе па праекце інжынера Леанарда Кржыжаноўскага на ўрадавыя сродкі з капіталу, «всемилостивейше дарованного на возобновление православных храмов в Белорусских губерниях»[2].
У 1872 годзе архітэктар Якаў Фардон склаў праект званіцы і каштарыс на яе абліцоўку[3]. Пасля гэтага царква займела рысы архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.
Істотна перабудавана ў 2003 годзе з паводле праекта, распрацаванага архітэктарам Леанідам Макарэвічам у 1998 годзе. Пры храме створана сястрыцтва ў гонар святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]У выніку перабудовы напярэдадні Першай сусветнай вайны будынак набыў традыцыйную чатырохчасткавую кампазіцію: трох’ярусная званіца, трапезная, асноўны аб’ём і апсіда з рызніцамі. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі аднанефнага бесслуповага храму дамінуе званіца. Будынак мае рысы класіцызму (трохвугольны прафіляваны франтон, падвоеныя пілястры тасканскага ордара, руставаныя ліштвы паўцыркульных акон) і рэтраспектыўна-рускага стылю (несапраўдныя закамары, шатровы дах званіцы, канструкцыйная схема васьмярык на чацверыку галоўнага барабану і інш.). Існуючы манументальны храм уражлівай архітэктуры, трактаванай у традыцыях старажытнарускага царкаўнага храмабудаўніцтва. Асноўная архітэктурная тэма — вертыкальна цягнутыя арачныя і кілепадобныя праслы-закамары і аконныя праёмы, цыбулепадобнае шматкупалле. У прасторавай кампазіцыі пануе вертыкальна імклівая і прапарцыянальна зграбная 3-ярусная чацверыковая званіца, завершаная макаўкай на вытанчанай шыі. Далучаны да званіцы праз нізкую трапезную кубападобны аб’ём малітоўнай залы завершаны шчыльна згрупаваным 5-купаллем, якое ўзбагачаюць макаўкі прыдзелаў і прытвора.
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]Меўся драўляны разны іканастас, скампанаваны з карынфскіх калонак, прафіляваных карнізаў і раскраповак, ажурная разьба царскіх варот акаймоўвала абразы. У інтэр'еры мастацкую каштоўнасць уяўлялі абразы 18 — 19 ст. на дошках «Пакроў Маці Божай» (перададзены ў Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Рэспублікі Беларусь), «Маці Божая з дзіцем Хрыстом і Іаанам» (дошка, бронзавая пасярэбраная рыза, прывезена з палаца ў в. Здзітава, датавана 1800), «Успенне Маці Божай» (палатно, алей). Меліся пісаныя алеем на палатне абразы, стылістычна звязаныя з рускім акадэмічным жывапісам другой паловы 19 ст. — «Узнясенне», «Воін з кап’ём». Пэўную цікавасць уяўлялі абразы 19 ст. «Афанасій Філіповіч» і «Віленскія мучанікі». Мелася ілюстраванае Евангелле канца 18 стагоддзя.
Зноскі
- ↑ Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века. Том I, 1899. — С. 92
- ↑ Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
- ↑ Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 80
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Свята-Петра-Паўлаўская царква (Бяроза) на Вікісховішчы |
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Бяроза) на сайце Radzima.org
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Бяроза) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Бяроза) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)