Перайсці да зместу

Процівазачаткавыя сродкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мужчынскі прэзерватыў

Процівазача́ткавыя сро́дкі, або кантрацэпты́вы — сродкі, якія засцерагаюць ад цяжарнасці. Адрозніваюць механічныя і хімічныя процівазачаткавыя сродкі, якія выконваюць бар'ерную функцыю і перашкаджаюць злучэнню сперматазоіда і яйцаклеткі, гарманальныя процівазачаткавыя сродкі, якія парушаюць фізіялагічныя механізмы ўзнаўлення патомства.

Унутрыматачная спіраль

Да механічных процівазачаткавых сродкаў адносяць прыстасаванні, якія прадухіляюць пранікненне сперматазоідаў у матку або перашкаджаюць развіццю ў матцы аплодненай яйцаклеткі — прэзерватывы, гумавыя дыяфрагмы  (руск.), каўпачкі  (руск.), унутрыматачныя сродкі. Мужчынскі прэзерватыў — адзін з найбольш эфектыўных сродкаў прафілактыкі венерычных захворванняў і СНІДу. Унутрыматачныя процівазачаткавыя сродкі уводзяць у поласць маткі, могуць мець і лекавыя сродкі.

Да хімічных процівазачаткавых сродкаў мясцовага дзеяння адносяць рэчывы, якія выклікаюць гібель сперматазоідаў, што трапілі ў похву, напрыклад, слабыя арганічныя кіслоты, экстракты некаторых раслін. Хімічныя процівазачаткавыя сродкі часта камбінуюць паміж сабой і выкарыстоўваюць у выглядзе спецыяльных паст, парашкоў і інш. Пашыраны гарманальныя лекавыя процівазачаткавыя сродкі  (руск.), якія прадухіляюць цяжарнасць шляхам прыгнечвання авуляцыі і сперматагенезу, зменай уласцівасцей слізі шыйкі маткі і інш.

Блістар з таблеткамі пераральнага гарманальнага кантрацэптыва

У якасці пераральных гарманальных процівазачаткавых сродкаў  (руск.) выкарыстоўваюць сінтэтычныя аналагі жаночых палавых гармонаў або іх камбінацыі.