Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка
Паўднёва-Афрыка́нская Рэспу́бліка (ПАР) — краіна ў Паўднёвай Афрыцы. Самая паўднёвая краіна кантынента і ўсяго Старога Свету. На поўначы мяжуе з Намібіяй, Батсванай і Зімбабвэ, на паўночным усходзе — з Мазамбікам і Свазілендам; цалкам акружае дзяржаву Лесота. У ПАР тры сталіцы: Прэторыя (адміністрацыйная), Кейптаўн (заканадаўчая), Блумфантэйн (судовая). Самы вялікі горад краіны Яганэсбург.
Тэрыторыю ПАР займаюць пласкагор’і Вельда і Кару, на поўдні і ўсходзе ляжаць горы. Нетры ПАР багатыя вуглём, рудамі чорных і каляровых металаў, алмазамі. Кліматычныя ўмовы, раслінны і жывёльны свет надзіва разнастайныя, кожны куток краіны непаўторны. Найбуйнейшая рака — Аранжавая.
Першымі жыхарамі паўднёваафрыканскай зямлі былі кайсанскія плямёны, за імі следам з’явіліся банту. Еўрапейская каланізацыя пачалася ў 1652 галандскаю (бурскаю) хваляю, якую падчас залатой ды алмазнай ліхаманак захлынула хваля англійская. У 1899—1902 у Паўднёвай Афрыцы адгрымела англа-бурская вайна. З 1910 краіна вядомая як Паўднёва-Афрыканскі Саюз. У 1931 атрымлівае фактычную незалежнасць. У другой палове ХХ ст. за палітыку апартэіду доўгі час (1948—1990) была ізгоем у сусветнай супольнасці. Грамадзянскае супраціўленне чарнаскурай большасці на чале з Нельсанам Мандэлам і АНК прывялі да адмены апартэіду і дэмакратызацыі краіны.
У ХХ-ХХІ ст. ПАР застаецца адной з нешматлкіх афрыканскіх краін, што не зведалі ані дзяржаўных пераваротаў, ані грамадзянскіх войнаў. Сённяшняя ПАР — маладая дэмакратыя, унітарная парламенцкая рэспубліка. Складаецца з 9 правінцый. Член Афрыканскага саюза.
У ПАР жыве 57 млн чал (2018), гэта 24 месца ў свеце. Адна з самых этнічна неаднародных краін кантынента, епіскап Дэсманд Туту адлюстраваў гэта ў метафары «Вясёлкавая нацыя». Найбуйнешыя расава-этнічныя групы: чарнаскурыя банту (зулу, коса), каля 80 %; белыя афрыканеры; «каляровыя» (мультыэтнічная група); індыйцы. У ПАР 11 дзяржаўных моваў. Большасць вернікаў — хрысціяне.
Самая развітая краіна Афрыкі. Адзіная краіна мацерыка, якая мае сучасную дыверсіфікаваную самадастатковую эканоміку. Паводле класіфікацыі Сусветнага банка адносіцца да групы краін з прыбыткам вышэйшым за сярэдні. Пры гэтым вялікая колькасць паўднёваафрыканцаў жыве ў беднасці. ПАР уваходзіць у БРІКС і G20.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Сваёю назвай ПАР абавязана геаграфічнаму становішчу на паўднёвым ускрайку Афрыкі. Ад пачатку існавання (з 1910) краіна звалася Паўднёва-Афрыканскім Саюзам, што адлюстроўвала форму аб’яднання чатырох фармальна асобных калоній. У 1961 годзе дзяржава стала называцца Рэспублікай Паўднёвай Афрыкі. У 1994 былі зацверджаны назвы на 11 афіцыйных мовах ПАР, у тым ліку, South Africa на англійскай і Republiek van Suid-Afrika на мове афрыкаанс. Некаторыя прыхільнікі панафрыканізму практыкуюць тапонім «Азанія».
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Займаючы плошчу 1,22 млн кв.км., ПАР з’яўляецца 25-й па велічыні тэрыторыі краінай свету. Самая паўднёвая дзяржава кантынента. Менавіта тут знаходзіцца паўднёвая кропка Афрыкі — мыс Іголкавы, а за 100 км на захад — яшчэ болей знакаміты мыс Добрай Надзеі. На працягу 2500 км абмываецца параўнальна халоднымі водамі Атантычнага акіяна на захадзе і Індыйскага — на ўсходзе. На поўначы мяжуе з Намібіяй (частка мяжы ідзе па рацэ Аранжавая), Батсванай і Зімбабвэ (часткова па рацэ Лімпопа), на паўночным усходзе з Мазамбікам і Эсваціні; а яшчэ цалкам акружае невялічкую Лесота, якая з’яўляецца прыкладам класічнага анклава.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Большая частка тэрыторыі краіны ўяўляе сабой высокае (ад 1000 на захадзе да 2100 м на ўсходзе) і амаль плоскае Цэнтральнае плато, што абрываецца да поўдня і ўсходу Вялікім Уступам. Усходняя, найбольш стромая і расчлененая чатка Уступа, вядомая пад назвай Драконавых гор. Менавіта тут знаходзіцца найвышэйшая кропка краіны — гара Матадзі (3450 м). На поўдзень ад паўднёвай стромы Уступа паралельна берагу працягнуліся невысокія (да 2,5 км), ледзьве вышэйшыя за Цэнтральнае плато, старажытныя складкаватыя Капскія горы.
ПАР казачна багатая на рудныя карысныя выкапні — нетры краіны змяшчаюць вялізныя запасы золата, жалезных руд, медзі, марганцу; а таксама на алмазы і каменны вугаль. Бушвельдскі магматычны комплекс утрымлівае прыблізна 90 % вядомых сусветных запасаў металаў плацінавай групы, а менавіта, плаціны, паладыю, рутэнія і інш.
Клімат на большай частцы тэрыторыі ПАР трапічны: засушлівы на захадзе (ажно да пустыннага на паўночным захадзе) і вільготны на ўсходзе. Поўдзень краіны ляжыць у субтрапічным поясе, для заходняй часткі якога характэрныя міжземнаморскія рысы: гарачае сухое лета, прахалодная вільготная зіма; усходняя ж частка ляжыць у вільготнай вобласці, менавіта тут, ля падножжа Драконавых гор, знаходзіцца «полюс ападкаў» краіны са знакам +.
Палову краіны займае басейн ракі Аранжавая, што пачынаецца ў Драконавых гарах і ўпадае ў Атлантычны акіян. На рацэ Аранжавая размяшчаецца 146-метровы вадаспад Аўграбіс. Ападкадэфіцытныя раёны краіны адчуваюць недахоп у вадазабеспячэнні. Каб пазбегнуць дэфіцыту вады, асабліва пітной, на рэках будуюцца вадасховішчы. Аднак менавіта Кейптаўн апынуўся першым вялікім горадам планеты, які рызыкуе застацца зусім без вады.
Паводле агульнай біяразнастайнасці ПАР шостая на планеце. Раслінны свет гэтай зямлі настолькі багаты і самабытны, што біягеографам прыйшлося выдзеліць крайні поўдзень Афрыкі ў цэлае фларыстычнае царства — Капскае, адно з шасці ў свеце.
Уражвае стракатасць раслінных фармацый, што можна сустрэць у ПАР. Поўдзень Цэнтральнага плато і поўнач Капскіх гор займае Кару, хмызняковы стэп. На поўнач ландшафты Кару змяняюцца яшчэ болей сухімі фармацыямі Калахары. Крайні захад краіны займаюць паўпустыні Намакваленда: большую частку года безжыццёвыя, ўвесну яны красуюць неверагоднымі фарбамі. Усходняя, лепш увільготненая частка Цэнтральнага плато занятая саваннамі Высокага Вельда. На поўнач ад Высокага Вельда раскінуўся Бушвельд, што абрынваецца да даліны Лімпопа (Нізкі Вельд). Добра ўвільготненыя 300 км паласы паўднёвага узбярэжжа на мяжы Заходняга і Усходняга Кейпаў за шыкоўную вегетацыю атрымалі назву «Дарога садоў». Жывёльны свет ПАР класічны для саванавай Афрыкі, з вялікай разнастайнасцю мегафаўны.
У даліне Лімпопа на поўначы краіны знаходзіцца адзін з самых вялікіх і слаўных нацыянальных паркаў Афрыкі — парк Кругера плошчай 19 633 кв км.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Старажытнае насельніцтва ПАР — кайсанскія плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пачатку XVII ст. большую частка тэрыторыі ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш.
Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—1488 гг. паўднёвую Афрыку, — партугальскі мараплавец Б. Дыяш. У 1652 г. прадстаўнік галандскай Ост-індскай кампаніі Я. Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У выніку галандскай каланізацыі ўзнікла новая этнічная супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на мове афрыкаанс, вытворнай ад галандскай. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі распачалася супольнасць метысаў — т. зв. каляровых.
У пачатку XIX ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву (КваЗулу) з моцнай арміяй, што на працягу ХІХ ст. супрацьстаяла спачатку бурам, а потым — англічанам, якія ў 1879 г. нанеслі зулу сакрушальную паразу і канчаткова ліквідавалі КваЗулу ў 1887.
У 1806 г. Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брытанскім панаваннем прывяла ў 1836—1837 гг. да «Вялікага трэка» — перасялення часткі бураў на чале з П. Рэтыфам на свабодныя землі на поўначы, дзе былі створаны рэспублікі бураў: Наталь, якую Вялікабрытанія анексавала ў 1843 г., Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1880-я гады ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 гг. Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты.
31 мая 1910 г. Капская калонія, Наталь і былыя бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўднёва-Афрыканскі Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брытанскай Садружнасці. Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5 % насельніцтва краіны ў 1910 г.), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67 % насельніцтва). У 1913 г. прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13 % тэрыторыі краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 г. да ўлады Нацыяналістычнай партыі (НП), урад якой на чале з Дж. Герцагам (1924—1933 гг.) прыняў у 1924—1926 гг. законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 г. ПАС атрымаў пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 2-ю сусветную вайну ўрад Смэтса (1939—1948 гг.) накіраваў на фронт больш за 300 тысяч чалавек, якія змагаліся ў складзе брытанскіх войск супраць Трэцяга Рэйха і фашысцкай Італіі.
З 1948 НП ажыццяўляла дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спецыяльныя пасяленні (лакацыі); у 1959 г. ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21 сакавіка 1960 г. паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве была забаронена буйнейшая афрыканская палітычная арганізацыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідары на чале з Н. Мандэлам арыштаваны. 31 мая 1961 г. была абвешчана Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Новая дзяржава адразу выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 г. Генеральная асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканамічных санкцый і разрыву дыпламатычных адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б. Форстэра (1966—1978 гг.) афрыканскія рэзерваты былі аб’яднаны паводле этнічных прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын»), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) былі абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў.
І толькі ў канцы 1980-х Ф. В. дэ Клерк (прэзідэнт у 1989—1994 гг.) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 г. вызвалены Мандэла, які правёў у турме 27 гадоў, легалізаваны АНК і іншыя афрыканскія партыі. У 1991 г. апартэід быў скасаваны. У красавіку 1994 г. прайшлі першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідар Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—1999 гг.) намеціў асноўныя кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Адмена апартэіду прынесла дэмакратыю і роўнасць, аднак краіна сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі: беспрацоўем, ростам злачыннасці, міграцыяй белых кваліфікаваных кадраў. Да таго ж у пачатку ХХІ ст. Паўднёвая Афрыка стала эпіцэнтрам пандэміі СНІДу. Усё гэта спрычынілася да таго, што сярэдняя працягласць жыцця ў 1992—2005 скарацілася на 10 год, за ёй упаў і ІЧР. Канец 2000-х прайшоў пад знакам ксенафобіі і сутычак з мігрантамі, у выніку якіх загінулі дзясяткі людзей.
У 2010 ПАР прымала Чэмпіянат свету па футболе. У 2011 краіна далучылася да БРІКС.
Дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]ПАР — парламенцкая рэспубліка. Пры гэтым, у адрозненне ад большасці парламенцкіх рэспублік, прэзідэнт ПАР узначальвае яшчэ і ўрад краіны. Прэзідэнт абіраецца са складу партыі, што перамагла ў парламенцкіх выбарах адразу пасля іх правядзення. Такім чынам, пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў лідара дзяржавы супадае з часам дзеяння новага складу парламента.
Заканадаўчая ўлада належыць парламенту, які складаецца з дзвюх палат. Нацыянальная асамблея — ніжняя палата — мае 400 членаў, што абіраюцца кожныя 5 гадоў па прапарцыйнай сістэме з партыйных спісаў. Верхняя палата завецца Нацыянальным саветам правінцый, у ёй засядаюць 90 сенатараў — па 10 ад кожнай з 9 правінцый. Найбуйнейшая палітычная партыя, якой з часу адмены апартэіду нязменна належыць большасць месцаў у абедзвюх палатах, — Афрыканскі нацыянальны кангрэс. Другая ўплывовая партыя — Дэмакратычны альянс.
Судовая сістэма складаецца з наступных інстанцый: Вярхоўны Апеляцыйны Суд, высокія суды і суды магістратаў. Вярхоўны Апеляцыйны Суд з’яўляецца галоўнай судовай інстанцыяй у Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі па крымінальных справах. Ён знаходзіцца ў Блумфантэйне, «судовай сталіцы» краіны. Вярхоўны суд мае права скасаваць неканстытуцыйныя рашэнні парламента.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[правіць | правіць зыходнік]ПАР — унітарная рэспубліка, мае ў сваім складзе 9 правінцый:
- Заходне-Капская правінцыя
- Усходне-Капская правінцыя
- Паўночна-Капская правінцыя
- Гаўтэнг
- Квазулу-Натал
- Фры-Стэйт (Свабодная дзяржава)
- Мпумаланга
- Лімпопа
- Паўночна-Заходняя правінцыя
Права
[правіць | правіць зыходнік]У выніку падзення палітыкі апартэіду і наступных доўгіх працэсаў заканатворчасці ў 1990-х гадах прававая сістэма ПАР была цалкам перагледжана. У краіне дзейнічае Канстытуцыя, прынятая ў 1996 годзе. Яна абараняе і гарантуе ўсе міжнародна прызнаныя правы чалавека. Прававая сістэма ПАР[4] увабрала ў сябе элементы адразу трох прававых сем’яў: рамана-германскай, англа-саксонскай і трад��цыйнай. У цэлым, у сучаснай Паўднёвай Афрыцы пераважае рамана-германскае права, г. зн. назіраецца вяршэнства закона над усімі прававымі рашэннямі.
Крымінальнае права па англійскім ўзоры не кадыфікавана. Пры рэжыме апартэіду для чорнага насельніцтва існавалі асобныя мясцовыя суды («суды правадыроў»), суддзямі у якіх былі таксама пераважна чорныя. У той жа час у агульнай судовай сістэме пераважная большасць суддзяў былі белымі. Асабліва жорсткія меры пакарання былі прадугледжаны для праціўнікаў палітычнага рэжыму — аж да смяротнага пакарання. Пасля падзення апартэіду нормы былі перагледжаныя: у 1995 годзе адменена смяротнае пакаранне, а ў 1997 годзе — юрыдычная лупцоўка. У 90-х гадах у краіне былі ўзаконеныя гомасэксуальныя шлюбы, што робіць яе адзінай у гэтым родзе краінай у Афрыцы.
Адносіны з Рэспублікай Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя адносіны ўсталяваныя ў 1993. Пасольства Беларусі ў ПАР адкрыта ў 2000. У 2000-я гады ажывіліся кантакты на розных узроўнях. Прэзідэнты Беларусі і ПАР сустракаліся ў верасні 2006 у Гаване, адбыліся візіты ў Беларусь кіраўнікоў парламента ПАР, міністра замежных спраў, міністра мінеральных рэсурсаў і энергетыкі, іншых высокіх асоб ПАР; міністр замежных спраў Беларусі наведаў ПАР у жніўні 2006.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]З насельніцтвам 57 млн чал. ПАР знаходзіцца на 24-й пазіцыі ў свеце і на 5-6-й у Афрыцы. У 2000-х смяротнасць у краіне доўгі час перавышала нараджальнасць. Гэта звязана з праблемай СНІДу. Па масавым распаўсюджванні ВІЧ-інфекцыі (у асноўным сярод чорнага насельніцтва) ПАР займае першае месца ў свеце (паводле дадзеных ААН, апублікаваных у 2003, 2007 і 2017 гадах). У 2010-х, дзякуючы пашырэнню сістэмы аховы здароўя, распаўсюджанню ведаў аб СНІДзе, выкарыстанню антырэтравірусных прэпаратаў, праблему СНІДУ ўдалося «кансерваваць». Новых выпадкаў захворвання фіксуецца на парадак менш, ужо хворыя людзі жывуць даўжэй і здаравей, скарацілася колькасць выпадкаў перадачы ВІЧ ад маці да дзіцяці. Колькасць хворых на СНІД у 2010-я стабілізавалася на лічбе 7 млн чалавек (12,2 % насельніцтва ў 2017). Цяпер насельніцтва краіны зноў расце даволі высокімі тэмпамі: натуральны прырост у 2018 склаў каля 1 %. Сярэдняя працягласць жыцця, што ўпала да 43 гадоў у 2008, вырасла да 63 гадоў у 2017 годзе.[5]
Статыстычнае бюро Паўднёвай Афрыкі падчас перапісу насельніцтва просіць рэспандэнтаў аднесці сябе да адной з 5 расавых групаў. Перапіс 2011 паказаў наступныя вынікі: чарнаскурыя (79,2 %), белыя (8,9 %), каляровыя (8,9 %), азіяты (2,5 %) ды іншыя (0,5 %).[6] Доля чорнага насельніцтва ПАР расце дзякуючы большай нараджальнасці, а таксама за кошт прытоку чорных эмігрантаў з іншых краін Афрыкі. Паводле найбольш распаўсюджаных ацэнак, ПАР стала другім домам для 5 млн чарнаскурых мігрантаў, з іх 3 млн з Зімбабвэ. Колькасць белых у краіне паступова змяншаецца за кошт іх эміграцыі ў Паўночную Амерыку, Еўропу, Аўстралію і Новую Зеландыю — у 1985—2005 гадах з ПАР з’ехала каля 0,9 млн белых, у асноўным ва ўзросце да 40 гадоў, і іх дзеці (першая прычына — гэта СНІД, другая — страта прывілеяў пасля адмены апартэіду).
У ПАР 11 дзяржаўных моваў, толькі тры краіны свету дэкларавалі больш. Чарнаскурае насельніцтва размаўляе на дзевяці мовах банту, найбольш распаўсюджаныя — зулу, коса, сепедзі (24,7; 15,6; 9,8 % адпаведна). Дзве астатнія дзяржаўныя мовы маюць еўрапейскае паходжанне: вытворная ад галандскай афрыкаанс, што з’яўляецца роднай для бураў і часткі каляровых, а таксама англійская — каланіяльная спадчына, мова міжэтнічных зносін, эканомікі, адукацыі, справаводства. Гутарковай англійская мова служыць для 8,9 % насельніцтва.
Большая частка вернікаў у ПАР вызнаюць хрысціянства (86 %). Пры гэтым набор хрысціянскіх дэнамінацый дастаткова стракаты — ніводная з іх не мае абсалютнай большасці: прыхільнікі сіёнскіх цэркваў (10 %), пяцідзесятнікі (7,5 %), каталікі (6,5 %) і інш. У ПАР ёсць дыяцэзія праваслаўнага Александрыйскага Патрыярхата — каля 35 000 вернікаў. Прыхільнікі анімізму ды іншых традыцыйных афрыканскіх вераванняў маюць долю ў 5,6 %, мусульмане — 1,9 % (2015).[5]
Шчыльнасць насельніцтва (47 чал/кв.км) набліжаецца да сярэднесусветнай. Сярод правінцый найменш заселена засушлівая Паўночна-Капская, найбольш — правінцыі ўсходу і поўначы, якія вызначаюцца лепшай сельскагаспадарчай і прамысловай асвоенасцю ды вышэйшай канцэнтрацыяй чарнаскурага насельніцтва. Дзве траціны паўднёваафрыканцаў жывуць ў гарадах, найбуйнейшыя агламерацыі — Яганэсбург (9,2 млн), Кейптаўн (4,3), Дурбан (3,1), Прэторыя (2,4).[5]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]ПАР — самая развітая на Афрыканскім кантыненце і адначасова адзіная краіна, якую не адносяць да Трэцяга свету. Мае трэці па памерах ВУП на кантыненце пасля Нігерыі і Егіпта, сярод краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары вылучаецца высокім ВУП на душу насельніцтва. ПАР валодае велізарнымі запасамі прыродных рэсурсаў. Шырока развіты тэлекамунікацыі, электраэнергетыка, фінансавая сфера, рынак актыўна пашыраецца. Уваходзіць у БРІКС, G20, міжнародную арганізацыю краін АКТ. Да гонару ПАР варта адзначыць, што тут не квітнее ценявая эканоміка. У 2013 часопіс fDi magazine назваў ПАР «першай афрыканскай краінай для будучыні». Але пакуль тая будучыня не пачалася, рэспубліку ўсё яшчэ нельга аднесці да развітых краін свету. Сярэдні даход насельніцтва толькі набліжаецца да ніжняй мяжы сярэднесусветнага даходу. Значная частка людзей жыве за рысай беднасці і нават у галечы, а паводле маёмаснай няроўнасці (індэкс Джыні) ПАР уваходзіць у апошнюю сусветную дзясятку. У ПАР вельмі высокі — адзін з самых высокіх у свеце — узровень злачыннасці, асабліва ў бедных раёнах. Колькасць забойстваў складае 31 у год на 100 тысяч насельніцтва[7]. З 57 мільёнаў насельніцтва Паўднёвай Афрыкі толькі 23 млн чалавек з’яўляюцца працаздольнымі. Беспрацоўных — 26-27 % (у 2016-17 годзе).[5]. У сельскай гаспадарцы праводзіцца палітыка перадачы ўгоддзяў ад белых да чорных, якая выклікае трывогу экспертаў падабенствам да зімбабвійскага сцэнара.
Прамысловасць
[правіць | правіць зыходнік]Сваім апераджальным развіццём ПАР шмат у чым абавязаная багаццю прыродных рэсурсаў. Каля 52 % экспарту тавараў прыпадае на прадукцыю горназдабыўной прамысловасці. Шырока здабываюцца золата, алмазы, марганец, уран, металы плацiнавай групы, храміты. Вельмі развіта здабыча вугалю — па выкарыстанні вугалю для вытворчасці электрычнасці ПАР займае 3-е месца ў свеце (з-за адсутнасці нафты каля 80 % усёй выпрацаванай энергіі Паўднёвай Афрыкі базуецца на спальванні вугалю). ПАР — трэці ў свеце вугальны экспарцёр.
У адрозненне ад большасці краін Трапічнай Афрыкі, ПАР можа пахваліцца развітымі машынабудаваннем (вытворчасць транспартных сродкаў), хімічнай прамысловасцю, чорнай і каляровай металургіяй. У 2010-х штогадовы выпуск аўтамабіляў у ПАР скаладаў 500—600 тыс. адзінак. Свае заводы ў краіне маюць BMW, Ford, Volkswagen, Toyota і інш. Развіццё атрымалі і традыцыйныя для Афрыкі лёгкая і харчовая прамысловасць. Аднак развітая апрацоўчая прамысловасць не захінае сыравіннага твару эканомікі: большая частка здабытых рэсурсаў не перапрацоўваецца, а ідзе на экспарт. У ПАР вельмі рознабаковая электраэнергетыка, хоць перавага па-ранейшаму аддаецца вугалю. Недалёка ад Кейптаўна працуе адзіная ў Афрыцы АЭС «Коберг». Вялікая ўвага надаецца развіццю альтэрнатыўнай энергетыкі.
Сельская гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]Сельскагаспадарчую спецыялізацыю вызначаюць збожжавыя культуры (пшаніца і кукуруза), вінаград, садавіна і агародніна; авечкі ды козы. ПАР уваходзіць у дзясятку сусветных лідараў па зборы такіх спецыфічных культур, як цыкорый, клешчавіна, грушы, сізаль. Найважнейшай тэхнічнай культурай з’яўляецца цукровы трыснёг. Паколькі на большай частцы тэрыторыі краіны клімат засушлівы, толькі 15 % яе плошчы прыдатна для выкарыстання пад раллю. Аднак у адрозненне ад большасці іншых краін Афрыкі, дзе адбываецца эрозія глебаў, гэтыя 15 % выкарыстоўваюцца з розумам, і ПАР цалкам забяспечвае ўнутраныя харчовыя патрэбы, а таксама з’яўляецца адным з вядучых экспарцёраў сельгаспрадукцыі. Асабліва трывала аграрыі ПАР звязаны з еўрапейскім рынкам: калі на поўдні Афрыкі збіраюць ўраджай — у Еўропе зіма. Правінцыя Заходні Кейп мае выдатны клімат для вінаградарства, вінаград (1,5 млн тон штогод) ідзе збольшага на патрэбы вінаробства.
Мяса-малочная жывёлагадоўля засяроджана на поўначы і ўсходзе правінцыі Фры-Стэйт, ва ўнутраных раёнах правінцыі Гаўтэнг і ў паўднёвай частцы правінцыі Мпумаланга. У Паўночным і Усходнім Кейпах распаўсюджаныя пароды мяснога напрамку. На засушлівыя тэрыторыі Паўночнага і Усходняга Кейпаў, Фры-Стэйта і Мпумалангі прыпадаюць раёны авечкагадоўлі. На сусветны рынак пастаўляюцца шкуркі каракулевых авечак. У вялікай колькасці разводзяць коз, у асноўным — 75 % — ангорскіх, чыя шэрсць высока цэніцца на Захадзе (да 50 % сусветнай вытворчасці махеру прыпадае на Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку). У апошнія гады — у асноўным у правінцыі Фры-Стэйт — актыўна развіваецца страусагадоўля.
Рыбалоўства
[правіць | правіць зыходнік]Па ўлову рыбы (каля 1 млн тон у год) ПАР займае вядучае месца ў Афрыцы. Асноўныя аб’екты промыслу — сардзіны, селядзец, хек, анчоўсы, марскі акунь, скумбрыя і інш.
Лясная гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]Карэнныя лясы займаюць 180 тыс. га, г. зн. усяго 0,14 % тэрыторыі краіны. Большая частка дзелавой драўніны паступае з лесапасадак. Прыкладна палова лясных «плантацый» засаджаны хвояй, 40 % — эўкаліптам і 10 % — мімозай.
Знешні гандаль
[правіць | правіць зыходнік]ПАР мае стабільнае станоўчае гандлёвае сальда: імпарт (89,9 млрд дол. у 2016 годзе) меншы за экспарт (110 млрд дол. у 2016 годзе). Асноўныя артыкулы імпарту: нафта, прадукты харчавання, хімічныя тавары; экспарту: алмазы, золата, плаціна, сельскагаспадарчая прадукцыя, машыны, аўтамабілі, абсталяванне. Галоўныя пакупнікі паўднёваафрыканскіх тавараў — Кітай, ЗША, Германія, Індыя; пастаўшчыкі ў ПАР — Кітай, Вялікабрытанія, ЗША, Германія.[8]
Узброеныя сілы
[правіць | правіць зыходнік]Нацыянальныя сілы абароны былі створаны ў 1994 годзе пасля першых постапартэідных нацыянальных выбараў і прыняцця новай канстытуцыі, замяніўшы сабой Паўднёва-Афрыканскія сілы абароны (англ.: South African Defence Force, SADF).
Віды ўзброеных сіл
[правіць | правіць зыходнік]- Сухапутныя войскі (англ.: South African Army)
- Марскія сілы (англ.: South African Navy)
- Ваенна-паветраныя сілы (англ.: South African Air Force)
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Горад Порт-Элізабет
- Капскія горы
- Кгалема Матлантэ
- Горад Кімберлі
- Шарліз Тэрон
- Беспарадкі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (2021)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ http://www.statssa.gov.za/publications/P0302/P03022018.pdf
- ↑ https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=55&pr.y=16&sy=2018&ey=2023&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=199&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/africa
- ↑ Правовая система ЮАР(недаступная спасылка), South African
- ↑ а б в г https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/sf.html Архівавана 22 мая 2020.
- ↑ http://www.statssa.gov.za/census/census_2011/census_products/Census_2011_Census_in_brief.pdf
- ↑ Юлия Латынина . Праверана 14 снежня 2013.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=246&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сайт урада ПАР (англ.)
- Фотагалерэя
- ПАР Архівавана 7 чэрвеня 2012. Для падарожнікаў