Перайсці да зместу

Паветраныя баі ў лютым 1999 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паветраныя баі ў лютым 1999 года
Асноўны канфлікт: Эфіопа-эрытрэйская вайна

МіГ-29 і Су-27.
Дата люты 1999 года
Месца эфіопа-эрытрэйскае памежжа
Вынік перамога Эфіопіі
Праціўнікі
ВПС Эфіопіі  (руск.)
Расія Расійскія ваенспецы (верагодна)
ВПС Эрытрэі  (руск.)
Украіна Украінскія ваенспецы (верагодна)
Камандуючыя
Абебе Тэкле Хайманота (галкам ВПС і СПА)
Расія Якім Янакаў (саветнік галкама ВПС і СПА)
невядома
Сілы бакоў
некалькі Су-27 некалькі МіГ-29
Страты
страт няма 2 лётчыкі загінулі, 2 самалёта збіты, 1 самалёт збіты альбо пашкоджаны

Паветраныя баі ў лютым 1999 года — тры сутыкненні ваенна-паветраных сіл Эфіопіі і Эрытрэі падчас пагранічнай вайны 1998—2000 гадоў з удзелам савецка-расійскіх самалётаў Су-27 і МіГ-29. Першае прамое супрацьстаянне авіяцыі бакоў у ходзе канфлікту. Баі адзначыліся меркаваным удзелам лётчыкаў з былых савецкіх рэспублік.

Па выніку, эфектыўна выкарыстоўваючы свае знішчальнікі, эфіопы заваявалі абсалютнае панаванне ў паветры. Больш эрытрэйцы ў адкрытыя паветраныя баі ўступаць не спрабавалі і не выкарыстоўвалі авіяцыю для бамбёжак тэрыторыі і арміі ворага.

Першы раўнд вайны ў паветры выявіў негатоўнасць варагуючых дзяржаў да поўнамаштабных баявых дзеянняў. Эфіопы, нягледзячы на колькасную і якасную перавагу сваіх ВПС, адчувалі недахоп падрыхтаваных пілотаў, тэхнікаў і збройнікаў, запасных частак і былі абмежаваны ў выбары аэрадромаў базавання, якія мелі неабходную інфраструктуру. Летам праз прадстаўніка кампаніі «Росвооружение» палкоўніка Уладзіміра Няфёдава ўлады краіны звярнуліся да Расіі з заяўкай аб закупцы адсутнай матэрыяльнай часткі і паслуг неабходных спецыялістаў, у тым ліку пілотаў-інструктараў. У сваю чаргу эрытрэйцы заручыліся ваенна-тэхнічнай падтрымкай Украіны[1].

У лютым 1999 года дзяржавы, не дасягнуўшы прагрэсу ў перамовах, аднавілі баявыя дзеянні[2]. Да гэтага моманту завяршылася падрыхтоўка лётных і тэхнічных кадраў замежнымі ваенспецамі[3]. Варагуючыя дзяржавы закупілі за мяжой шмат узбраення, асабліва самалётаў і верталётаў. У 1998—1999 гадах толькі Расія паставіла ў зону баявых дзеянняў прыкладна 20 лятальных апаратаў: 6[1] альбо 8[4] знішчальнікаў МіГ-29 і 4 верталёты Мі-8 для Эрытрэі, 8 знішчальнікаў Су-27 і 2 верталёты Мі-24 для Эфіопіі[1].

Эрытрэйцы, выкарыстоўваючы пару МіГ-29, арганізавалі засаду і ледзь не збілі эфіопскі Су-27 з бартавым нумарам 1952. Пілот апошняга знаходзіўся ў патрулі. Ён выявіў адзін варожы самалёт, які знаходзіўся ніжэй, і стаў з ім збліжацца. З далёкасці каля 45 км эфіоп вырабіў пуск Р-27. Ракета выбухнула паблізу машыны, не ўразіўшы яе, так як пілот МіГ-29 своечасова адвярнуў. Лётчык Су-27, працягваючы збліжэнне з праціўнікам у развароце, на далёкасці 10 км выпусціў яшчэ адну ракету. Яна разарвалася паблізу эрытрэйскага знішчальніка, які пачаў пасля гэтага энергічнае зніжэнне. Нечакана эфіоп сам трапіў пад ракетную атаку іншага борта, які знаходзіўся за пласкагор’ем у засадзе. Рознасць вышынь больш за чатыры кіламетры і звышгукавая хуткасць «Сухога» дазволілі сысці ад праціўніка[3].

Раніцай два эфіопскія знішчальнікі сустрэліся над сектарам Бадмэ з чатырма МіГамі[1]. Су-27 № 1954, які з напарнікам выконваў планавае дзяжурства ў паветры, быў выведзены на перахоп пары МіГ-29. Відавочна, эрытрэйцы збіраліся штурмаваць наземныя эфіопскія сілы. Эфіопскі лётчык выйшаў у зону дазволеных пускаў, правільна вытрымаў рэжым і своечасова вырабіў пуск двух Р-27 па вядучаму пары. У выніку адна машына была збіта і адразу ж разбурылася ў паветры, а лётчык Самуэль, які пілатаваў яе, загінуў. Тым часам другі самалёт энергічна разгарнуўся і вярнуўся на сваю тэрыторыю, не выканаўшы задання[3].

У бок г. Адыс-Абеба, сталіцы Эфіопіі, на вялікай вышыні быў пасланы МіГ-29. Яго выявіў наземны пункт кіравання. На гэтую мэту адразу ж пачалі наводзіць Су-27 з бартавым нумарам 1958. Нечакана наземны пункт навядзення выявіў яшчэ адзін МіГ-29. Другі знішчальнік ляцеў на малой вышыні і раптам пачаў прыцэльванне па праціўніку. Эфіопскі лётчык паспеў за вельмі абмежаваны час прыцэліцца і пусціць дзве Р-27 перад атакай эрытрэйца. Ракеты ўразілі варожы самалёт (па іншых даных, эфіоп абстраляў машыну гарматным агнём[1]); пілот Ёнас загінуў. Лётчык другога МіГ-29, убачыўшы абломкі напарніка, тэрмінова вярнуўся на свой аэрадром. З-за малога астатку паліва пілоту Су-27 таксама прыйшлося паспяшацца на сваю базу[3].

Апошні згаданы паветраны бой зафіксаваў на відэастужку франтавы эфіопскі карэспандэнт. Праз некалькі дзён відэазапіс паказалі па мясцовым тэлебачанні, што спрыяла ўзняццю баявога духу войск і прэстыжу знішчальніка «Сухога». Дзякуючы эфектыўнаму выкарыстанню Су-27 было заваявана абсалютнае панаванне ў паветры. Больш эрытрэйцы ў адкрытыя паветраныя сутыкненні ўступаць не спрабавалі і не выкарыстоўвалі авіяцыю для бамбёжак тэрыторыі і арміі ворага[3].

Прыкметна, што МіГ-29 і Су-27, як два галоўных знішчальніка расійскай вытворчасці, ніколі да гэтага ў гісторыі не сустракаліся ў баі праціўнікамі. Гэта быў першы падобны выпадак[5].

16 мая 2000 года два МіГ-29 з’явіліся ў небе над горадам Барэнту, калі раптам іх атакавалі некалькі Су-27. Бой быў нядоўгім: адзін МіГ быў збіты, другі быў моцна пашкоджаны, але здолеў дацягнуць да аэрадрома ў Асмэры. Знішчальнік, аднак, давялося спісаць[1].

Зноскі

  1. а б в г д е Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004.
  2. Visafric (7 February 1999). "Ethiopian Leader admits allegation of Eritrean air strike based 'on wrong information'". www.dehai.org. Праверана 29 March 2017.
  3. а б в г д А. Иванович. Эфиопия — Эритрея : Уроки воздушной войны // Авиация и время : журнал. — 2009. — № 4. — стр. 40—46.
  4. Юрий Некрасов. Вооруженный конфликт между Эфиопией и Эритреей, 2001 год.
  5. Игорь Рожин. Как Су-27 воевали против МиГ-29 в небе Африки // Russia Beyond : международный мультимедийный проект. — 14 января 2022.