Перайсці да зместу

Недачалавек

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Недачалавек (ням.: Untermensch.  — Унтэрменш) — філасофска-антрапалагічны[1]; у далейшым прапагандысцкі расісцка-яўгенічны тэрмін з ідэалогіі нямецкіх нацыянал-сацыялістаў. Нямецкае слова «Mensch» літаральна азначае чалавек. Нацысцкая прапаганда выкарыстоўвала яго вытворнае з прыстаўкай Unter-, каб апісаць паводле сваёй канцэпцыі «найніжэ��шых людзей» — габрэяў, цыганаў, славянаў[2][3][4], фінаў, а таксама гэтак званых «Mischlinge» паводле нацысцкай тэрміналогіі Трэцяга рэйха[5][6][7].

Christian Celtic Cross

Партал:Фашызм  

З’яўленне і азначэнні тэрміна

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін «Untermensch» быў запазычаны нацыстамі з кніг амерыканскага расавага тэарэтыка Латропа Стодарда, які ў сваёй кнізе «The Revolt Against Civilization: The Menace of the Under-Man» (бел.: «Бунт проці цывілізацыі: пагроза падчалавека», 1922 год) сцвярджаў, што пасля прыходу да ўлады бальшавікоў, Расеяй стаў кіраваць адзін з самых дэгенератыўных народаў на Зямлі. Стодард лічыў, што камбінацыя з, як ён думаў, прыроджанай расавай непаўнавартасці расейцаў, славянаў, ідыятызму палітычнай дактрыны, якая заклікала да найніжэйшых чалавечых інстынктаў (такіх, напрыклад, як зайдрасць да больш здольных і больш багатых), а таксама той факт, што шэрагі камуністычнай партыі складаліся, на яго думку, з «прыроджаных злачынцаў» у самым звычайным сэнсе гэтага слова, патрабавалі абсалютна новага паняцця для азначэння гэтага феномена: «the Under-man» (літ. «падчалавек»). У гэтым сэнсе Кастрычніцкая рэвалюцыя была, паводле Стодарда, баявым клічам на немінучую бітву, якая набліжалася, паміж цывілізаванымі нацыямі і «масамі з Усходу». І калі белай расе прадбачыцца атрымаць перамогу ў гэтай вайне з «падчалавекам», то — гэтак аргументавалася у кнізе — ёй належыць адмовіцца ад непрадуманых ліберальных ідэй і хутчэй перайсці да рашучых палітычных мер, такіх, напрыклад, як укараненне доўгатэрміновых яўгенічных праграм.

Слова «Untermensch» увайшло ў нацысцкі лексікон з назвы нямецкага перакладу кнігі Стодарда «Der Kulturumsturz: Die Drohung des Untermenschen» (1925 г.). Бо ў ангельскамоўным свеце нават большасць гісторыкаў не ведала, што нацысцкае паняцце «Untermensch» было першапачаткова вынайдзена амерыканцам, то зваротны пераклад слова з нямецкай на ангельскую часта гучыць як «subhuman» («падчалавек»). Вядучы нацысцкі ідэолаг, які зафіксаваў канцэпцыю славянскага «падчалавека» за аўтарствам Стодарда, — Альфрэд Розенберг, у сваёй кнізе «Міф 20-га стагоддзя» Архівавана 24 студзеня 2010. (1930 г.) піша, што расейскі бальшавік — гэта той від чалавека, «якога Латроп Стодард вызначыў як „недачалавека“» ("ням.: den Lothrop Stoddard als „Untermenschen“ bezeichnete», стар. 214). Хоць Стодард і не звяртае ўвагі на гэтае ў сваёй кнізе, але на стварэнне паняцця «падчалавек» ён мог быць натхнёны ніцшэанскай канцэпцыяй звышчалавека, паводле якой, у творы «Гэтак казаў Заратустра» Ніцшэ разглядае чалавека як мост між малпы і звышчалавека, які трэба пераадолець. Згадванне малпы (прататып «недачалавека») у Ніцшэ было алюзіяй на канцэпцыю Дарвіна, якая набірала ў той час папулярнасць. Стодард пісаў у адным з раздзелаў сваёй кнігі (стар. 261), што яму знаёма паняцце «звышчалавек».[8]

Гэткае дзяленне людзей адлюстроўвала сацыял-дарвінісцкую, расісцкую і чалавеканенавісніцкую сутнасць нацыянал-сацыялізму. Тэрмін «звышчалавек» быў запазычаны з ніцшэанства. Адольф Гітлер (як і Беніта Мусаліні) з’яўляўся прыхільнікам філасофіі Фрыдрыха Ніцшы, якая аказала моцны ўплыў на фармаванне яго светапогляду. Аднак у кнізе Ніцшэ «Вясёлая навука» (ням.: Die fröhliche Wissenschaft. , 1882) ужытак слоў «звышчалавек» і «недачалавек» (у афарызме 143 трэцяй часткі кнігі) не звязваўся з нейкай канкрэтнай расай і нават з чалавецтвам у цэлым, і ўвогуле прыводзіцца Ніцшэ ў даволі скептычным рэчышчы («Вынаходства багоў, герояў і звышлюдзей рознага роду, роўна як і чалавекабразаў і недалюдзей, карлікаў, фей, кентаўраў, сатыраў, дэманаў і чарцей»). Але гэтае не перашкодзіла нацыстам інтэрпратаваць дадзеную ідэю па-свойму.[9]

Ужыванне тэрміна «недачалавек»

[правіць | правіць зыходнік]

У сваёй прамове ў 1927 годзе ў баварскім рэгіянальным парламенце нацысцкі прапагандыст Юліус Штрэйхер, выдавец «Der Stürmer», ужыў тэрмін «Untermensch», якім пазначыў камуністаў Нямецкай Баварскай Савецкай Рэспублікі:

Гэта здарылася ў часы [Баварскай] Савецкай Рэспублікі: Калі недалюдзі, якім далі волю, блукалі па вуліцах, забіваючы мінакоў, а дэпутаты хаваліся за комінам у баварскім парламенце.

Гэтаксама ў сваёй прамове «Сусветная небяспека бальшавізму»(ням.: «Weltgefahr des Bolschewismus») у 1936 годзе Ёзэф Гебельс сказаў, што «недалюдзі існуюць у кожным народзе як разрыхляльнік»[10]. На з’ездзе нацысцкай партыі 1935 года ў Нюрнбергу Гебельс заявіў, што «бальшавізм — гэта аб’яўленне вайны інтэрнацыянальнымі недалюдзьмі, на чале якіх знаходзяцца жыды, супраць самой культуры.»[11]

Дыяграма, якая выкарыстоўвалася для ілюстрацыі нацысцкіх Нюрнбергскіх законаў, уведзеных у 1935 годзе
Дыяграма, якая выкарыстоўвалася для ілюстрацыі нацысцкіх Нюрнбергскіх законаў, уведзеных у 1935 годзе

Іншы прыклад ужывання гэтага тэрміна — выпушчаная ў 1936 годзе брашура рэйхсфюрара СС Гімлера «Ахоўныя атрады як баявая антыбальшавіцкая арганізацыя» (Die Schutzstaffel als antibolschewistische Kampforganisation), дзе гаварылася: «Мы паклапоцімся, каб ніколі зноў у Нямеччыне, сэрцы Еўропы, не магла быць распалена знутры або праз эмісараў звонку габрэйска-бальшавіцкая рэвалюцыя недалюдзей (ням.: jüdisch-bolschewistische Revolution des Untermenschen[12]. Гэтак, у прапагандысцкім бюлетэні № 112, які быў выпушчаны аддзелам прапаганды вермахта ў чэрвені 1941 года адразу пасля нападу на СССР (такія бюлетэні зачытваліся асабоваму саставу ўсіх частак вермахта), мэты вайны былі вызначаны гэтак:

Неабходна ліквідаваць чырвоных недалюдзей разам з іх крамлёўскімі дыктатарамі. Нямецкаму народу трэба будзе выканаць самую вялікую задачу ў сваёй гісторыі, і свет яшчэ пачуе пра тое, што дадзеная задача будзе выкананая да канчатку.

—Інфармацыйны бюлетэнь для войскаў (Mitteilungen für die Truppe), № 112, Juni 1941[13].

17 ліпеня 1941 года ў «Illustrierter Beobachter» («тоўстым» ілюстраваным дадатку да афіцыйнага органа НСДАП «Volkischer Beobachter») быў фатаздымак палонных савецкіх афіцэраў з подпісам: «Пойманыя афіцэры Савецкай Арміі — спехам сабранае зборышча недалюдзей і няспелых фанатыкаў» (ням.: Gefangene Offiziere der Sowiet-Armee — eine zusammengewürfelte Gesellschaft aus Untermenschen und unreifen Fanatikern).[14] У тыя ж дні рэйхсфюрар Гімлер выступіў перад эсэсаўцамі з баявой групы «Норд», якая накіроўвалася на Усходні фронт, з прамовай, дзе даў наказ ім на вайну і пералічыў у якасці «недалюдзей» гунаў, вугорцаў, татараў, манголаў і расейцаў:

Калі вы, сябры мае, змагаецеся на Усходзе, вы працягваеце тую ж барацьбу супраць таго ж недачалавецтва, супраць тых жа найніжэйшых рас, якія калісьці выступалі пад імем гунаў, пазней — 1000 гадоў таму ў часы каралёў Генрыха і Атона I, — пад імем вугорцаў, а пасля пад імем татараў; затым яны з'явіліся зноў пад імем Чынгісхана і манголаў. Сёння яны называюцца расейцамі пад палітычным сцягам бальшавізму.

—Выступ райхсфюрара Генрыха Гімлера ў Штэціне 13 ліпеня 1941 года[15][16]

Брашура 1942 года «Der Untermensch» / «Недачалавек», якая была выдадзеная масавым тыражом паводле наказу Гімлера, была накіраваная ў асноўным супраць расейцаў і габрэяў. Расейцы апісваліся як непаўнавартасны народ пад кіраўніцтвам жыдоў, які выраджаецца. Подобная прапаганда была разлічаная на тое, каб заахвоціць немцаў яшчэ горш абыходзіцца з усходнімі народамі. У дадзенай брашуры змяшчаецца наступнае азначэнне недачалавека:

«Недачалавек — гэта біялагічная істота, створаная прыродай, якая мае рукі, ногі, падабенства мозгу, з вачыма і ротам. Тым не менш, гэтая жудасная істота з’яўляецца чалавекам толькі часткова. Яна носіць рысы асобы падобныя да чалавечых — аднак духоўна і псіхалагічна недачалавек стаіць ніжэй за любую жывёлу. Унутры гэтай істоты — хаос дзікіх, неўтаймоўных цяг: безыменная патрэба разбураць, самыя прымітыўныя жаданні і непрыхаваная подласць».

Гэтая жа брашура ўключала ў «падсвет недалюдзей» мулатаў, «фіна-азіятаў», цыганоў і неграў.

Нацысты класіфікавалі тых, каго яны называлі недалюдзьмі, на розныя тыпы; яны аддавалі перавагу вынішчэнню жыдоў і эксплуатацыі іншых народаў ў якасці рабоў[17].

Гісторык Роберт Ян ван Пэльт піша, што для нацыстаў «гэта быў толькі невялікі крок да рыторыкі, у якой еўрапейскі чалавек проціпастаўляецца савецкаму недачалавеку, які стаў пазначаць расейцаў ў лапах юдэа-бальшавізму[18]

Славяне ў нямецкай канцэпцыі недачалавека

[правіць | правіць зыходнік]

Канцэпцыя недачалавека ўключала гэтак жа славянскія народы, такія як палякі, сербы і расейцы.[19] Славяне лічыліся недалюдзьмі, ледзьве прыдатнымі для эксплуатацыі ў якасці рабоў.[20][21] Гітлер і Гебельс параўналі іх з «трусінай сям’ёй» або «абыякавымі жывёламі», якія былі «бяздзейнымі» ды «дэзарганізаванымі» і распаўсюджваліся як «хваля бруду».[22] Тым не менш, некоторыя са славянаў, якія мелі скандынаўскія расавыя рысы, лічылася, што маюць асобнае нямецкае паходжанне, што азначала часткова «арыйскае» паходжанне, і калі ім было меней за 10 год, яны павінны былі быць анямечыны.

Нацысцкія погляды на славянаў былі яўна пагардлівымі, бо яшчэ да Другой сусветнай вайны славяне, асабліва палякі, лічыліся непаўнавартаснымі адносна немцаў. Пасля таго, як Адольф Гітлер набыў палітычную ўладу ў Нямеччыне, паняцце неарыйскіх «недачалавечых рабаўладальніцкіх матэрыялаў» было распрацавана і пачало выкарыстоўвацца і ў дачыненні да іншых славянскіх народаў[23]. Палякі і сербы апынуліся ўнізе славянскай «расавай іерархіі», створанай нацыстамі. Неўзабаве пасля сканчэння тэрміну дзеяння пакта Молатава-Рыбентропа расейцаў таксама пачалі ўспрымаць як частку «недачалавечай» расы. Гэтак жа беларусы, чэхі, славакі і ўкраінцы лічыліся непаўнавартаснымі, нягледзячы на тое, што сярод гэтых народаў былі выяўленыя калабарацыянісцкія групы. Тым не менш, былі такія славянскія народы, як баснійцы, балгары і харваты, якія супрацоўнічалі з Нацысцкай Нямеччынай, але па-ранейшаму ўспрымаліся як расава не «чыстыя», каб дасягнуць статусу германскіх народаў, але ў канчатковым выніку яны лічыліся этнічна лепшымі за усіх іншых славянаў, у асноўным дзякуючы псеўданавуковым тэорыям аб гэтых нацыях, якія маюць мінімальную колькасць славянскіх генаў і значныя дамешкі германскай і цюркскай крыві[24][25].

Каб наладзіць стратэгічны хаўрус з Незалежнай Дзяржавай Харватыя — марыянеткавай дзяржавай, створанай пасля нападу на Югаславію — і Балгарскім царствам, нацысты адхіліліся ад строгай інтэрпрэтацыі сваёй расавай ідэалогіі, а харваты былі афіцыйна апісаныя як «больш германцы, чым славяне», гэтае паняцце падтрымліваў гэтаксама харвацкі дыктатар Антэ Павеліч, які сцвярджаў, што «харваты былі нашчадкамі старажытных готаў», і «ідэя Панславізму была навязаная ім як нешта штучнае»[26][27]. Гітлер таксама лічыў балгараў нашчадкамі цюркаў[27].

Урокі біялогіі ў школах Нацысцкай Нямеччыны выкладалі пра адрозненні паміж скандынаўскай расай «звышлюдзей» і «пагарджанымі» габрэйскімі і славянскімі «недалюдзьмі»[28]. Думка, што славяне былі недалюдзьмі, была шырока распаўсюджаная сярод нямецкіх мас і ў асноўным адносілася да палякаў. Яна працягвала знаходзіць падтрымку і пасля вайны[29].

У якасці прагматычнага спосабу вырашэння дэфіцыту ваеннай сілы нацысты выкарыстоўвалі жаўнераў з шэрагу славянскіх краін, у першую чаргу хаўруснікаў Рэйха Харватыі і Балгарыі[30], а таксама ў межах акупаваных тэрыторый[31]. Канцэпцыя славянаў, у прыватнасці быцця недалюдзьмі, служыла палітычным мэтам нацыстаў; яна была выкарыстаная для абгрунтавання сваёй экспансіянісцкай палітыкі і асабліва агрэсіі супраць Польшчы і СССР для дасягнення Жыццёвай прасторы на Усходзе, асабліва ва Украіне. Першапачатковыя планы Нямеччыны (абагульненыя як генеральны план Ост) прадугледжвалі перасяленне, паняволенне і вывядзенне не менш як 50 мільёнаў чалавек, якія не лічыліся прыдатнымі да анямечваня, з тэрыторый, якія яны хацелі заваяваць у Еўропе; чарназёмныя ўкраінскія глебы лічыліся асабліва жаданай зонай для каланізацыі «расай гаспадароў»[19].

Беларусы ў нямецкай канцэпцыі недачалавека

[правіць | правіць зыходнік]

22 чэрвеня 1943 года генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ зацвердзіў статут «Саюзу беларускай моладзі», у якім беларусы прызнаваліся арыйскай нацыяй. У прамове з гэтай нагоды ён заклікаў моладзь «стаць жаўнерамі Новай Еўропы... супраць бандытызму і тым заслужыць правы на родную зямлю». Мяркуецца, што Кубэ бачыў беларусаў арыйцамі. Арыйская кроў беларусаў яшчэ аргументавалася тым, што Беларусь у адрозненне ад Расеі не знаходзілася 240 гадоў пад мангола-татарскім ігам, з-за чаго захавалася чысціня беларускай крыві.[32][33][34][35]

Памылка ў зносках: тэг <ref> з імем "husserl", вызначаны ў <references>, не згадваецца ў папярэднім тэксце.

  1. Stein, Edith: Welt und Person: Beitrag zum christlichen Wahrheitsstreben, 1962. S. 12.
  2. Alfred Rosenberg, Der Mythus des 20. Jahrhunderts: Eine Wertung der seelischgeistigen Gestaltungskämpfe unserer Zeit, München: Hoheneichen, 1930, here p.214.
  3. Lothrop Stoddard, The Revolt against Civilization: The Menace of the Under Man, New York: C. Sribner’s Sons, 1922.
  4. Владимир Родионов. Идеологические истоки расовой дискриминации славян в Третьем рейхе
  5. Главы «Фёлькише бевегунг»; Uwe Puschner: Die völkische Bewegung im wilhelminischen Kaiserreich, Дармштадт 2001, ISBN 3-534-15052-X
  6. Wolfgang Michalka, Deutsche Geschichte 1933—1945, Франкфурт-на-Майне 1999, стр. 165
  7. Wolfgang Michalka, Deutsche Geschichte 1933—1945, Франкфурт-на-Майне 1999, стр.
  8. Losurdo Domenico. Kampf um die Geschichte. Der historische Revisionismus und seine Mythen. Nolte, Furet und die anderen. Köln: PapyRossa, 2007
  9. Ницше Ф. Весёлая наука // Ницше Ф. Сочинения в 2 т. Т. 1. — М.: Наука, 1990. — С. 600.
  10. Paul Meier-Benneckenstein, Deutsche Hochschule für Politik Titel: Dokumente der Deutschen Politik, Volume 4, Junker und Dünnhaupt Verlag, Berlin, 2. ed., 1937; з прамовы 10 верасня 1936 года; па-нямецку: «… das Untermenschentum, das in jedem Volke als Hefe vorhanden ist …».
  11. Прамова Гебельса на з’ездзе ў Нюрнбергу 1935 года
  12. Himmler Heinrich. Die Schutzstaffel als antibolschewistische Kampforganisation. München: Zentralverlag der NSDAP; F. Eher Nachführung, 1936. P. 29.
  13. Цыт. па: Вете В. Вайна на вынішчэнне: Вермахт и Халакост // Новая і найнавейшая Гісторыя. 1999. № 3.
  14. Beutestücke. Kriegsgefangene in der deutschen und sowjetischen Fotografie 1941—1945 / Hrsg. von Margot Blank, mit Texten von Peter Jahn und Christoph Hammann. Berlin: Christoph Links Verlag, 2003. S. 93.
  15. Der Reichsführer SS zu den Ersatzmannschaften für die Kampfgruppe «Nord» am Sonntag dem 13. Juli 1941, in Stettin. Цыт. па: Stein H. George. The Waffen SS: Hitler's Elite Guard at War, 1939–1945. Ithaca (N. Y.): Cornell University Press, 1984. — P. 126–127.
  16. Ідэалагічныя вытокі расавай дыскрымінацыі славянаў у Трэцім рэйхе, Уладзімір Радывонаў, часопіс «Актуальная гісторыя»
  17. Quality of Life: The New Medical Dilemma, edited by James J. Walter, Thomas Anthony Shannon, стар. 63
  18. Роберт Ян ван Пэльт (студзень 1994 г.). «Auschwitz: From Architect’s Promise to Inmate’s Perdition». Modernism/Modernity. 1 (1): 80-120, тут стар. 97. doi:10.1353/mod.1994.0013. ISSN 1071-6068.
  19. а б «Hitler’s Plans for Eastern Europe». Паўночна-усходні ўніверсітэт. Архіўная з арыгінала 27 траўня 2012 года. Праверана 10 ліпеня 2010 г..
  20. Пітэр Лонгерых (2010 г.). Holocaust: The Nazi Persecution and Murder of the Jews. Oxford; New York: Oxford University Press. стар. 241. ISBN 978-0-19-280436-5.
  21. Huer, Jon (2012). Call from the Cave: Our Cruel Nature and Quest for Power. Lanham, Maryland: Hamilton Books. стар. 278. ISBN 978-0-7618-6015-0. Гітлераўцы разглядалі любую асобу на «ўсходзе», звычайна славянаў, як «недачалавека», прыдатнага толькі для рабства немцам.
  22. Sealing Their Fate (Large Print 16pt) by David Downing, стар. 49
  23. Timm, Annette F. (2010) The Politics of Fertility in Twentieth-Century Berlin. London: Cambridge University Press. стар.188 ISBN 9780521195393
  24. Gumkowski, Janusz; Leszczynski, Kazimierz; Robert, Edward (translator) (1961). Hitler’s Plans for Eastern Europe. Poland Under Nazi Occupation (Першае выд.). Polonia Pub. House. p. 219. ASIN B0006BXJZ6. Архіравана з арыгінала (мяккая вокладка) 9 красавіка 2011 года. Праверана 12 сакавіка 2014 г. на Wayback machine.
  25. Shirer, William L. (1960) The Rise and Fall of the Third Reich. New York: Simon and Schuster. pp.937, 939. Quotes: «The Jews and the Slavic people were the Untermenschen — subhumans.» (937); "Апантанасць немцаў ідэяй, што яны былі галоўнай расай і што славянскія людзі павінны быць іх рабамі, была асабліва заўзятай у адносінах да Расеі. Эрых Кох, упаўнаважаны рэйхскамісар Украіны, выказаў гэта ў сваёй прамове ў Кіеве 5 сакавіка 1945 года.
  26. Rich, Norman (1974) Hitler’s War Aims: the Establishment of the New Order. New York: W. W. Norton & Company. стар.276-7.
  27. а б Адольф Гітлер і Герхард Вайнберг (2007 г.) Застольныя абмеркаванні Гітлера, 1941—1944: яго прыватныя размовы. Enigma Books. стар.356. Цытуючы Гітлера: «Напрыклад, маркіраваць балгараў як славянаў — гэта глупства; першапачаткова яны былі цюркамі».
  28. Маладосць Гітлера, 1922—1945: An Illustrated History by Jean-Denis Lepage, стар. 91
  29. Native Realm: A Search for Self Definition by Czeslaw Milosz, стар. 132
  30. Згодна з нацысцкай палітыкай, харваты былі аднесены да больш «германцаў, чым славянаў»; гэта падтрымаў харвацкі дыктатар Антэ Павеліч, які сцвярджаў, што харваты былі нашчадкамі старажытных готаў, і «ім была навязана панаславянская ідэя як нешта штучнае».
  31. Norman Davies. Europe at War 1939—1945: No Simple Victory. стар. 167, 209.
  32. Пра Кубэ і ягоную дзейнасць Архівавана 5 кастрычніка 2019.
  33. Ольга Кучарэнка. Паміж молатам и кавадлой: барацьба за маладое пакаленне на акупаваных тэрыторыях Савецкага Саюзу // Bulletin des Deutschen Historischen Instituts Moskau. — Band 3 (2009): Kinder des Krieges. Materialien zum Workshop in Voronež 11.-13. März 2008. — S. 83.
  34. Стасункі беларусаў і немцаў падчас акупацыі
  35. Пра прызнанне беларусаў арыйцамі