Міскіта
Міскіта (Mískitu) | |
Агульная колькасць | 231000 (2019 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Нікарагуа, Гандурас |
Мова | міскіта, крэольская |
Рэлігія | шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | маянья |
Мі́скіта (саманазва: Mískitu) — народ у Цэнтральнай Амерыцы, карэннае насельніцтва Маскітавага берага. Жывуць у Нікарагуа і Гандурасе. Агульная колькасць (2019 г.) — 231000 чалавек[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Міскіта з'яўляюцца нашчадкамі старажытнага насельніцтва Цэнтральнай Амерыкі, выціснутага ў другой палове 1 тысячагоддзя — першай палове 2 тысячагоддзя з больш урадлівых горных раёнаў на прыбярэжныя карыбскія нізіны плямёнамі з цэнтральнай і паўднёвай Мексікі. Самі міскіта лічаць, што іх продкі прыйшлі з поўначы, з тэрыторыі сучаснага Гандураса, на чале з правадыром Міскута.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XVI ст. іспанцы падзялялі заходні бераг Карыбскага мора ў сучасным Нікарагуа на 2 буйныя рэгіёны — Тагузгальпа на поўначы і Талагальпа на поўдні. Яны былі населены 30 рознымі плямёнамі індзейцаў, магчыма, продкамі маянья і міскіта. Пасля 1629 г. англійскія каланісты з вострава Правідэнсія ўсталявалі кантакты з «каралём» міскіта, рэзідэнцыя якога знаходзілася на мяжы сучасных Нікарагуа і Гандураса. Каля 1638 г. сын гэтага караля нават вандраваў у Англію і атрымаў абяцанне дапамогі ў барацьбе з іспанцамі. Сувязі паміж міскіта і Англіяй узмацніліся пасля захопу англічанамі Ямайкі. Кароль міскіта Олдмэн зноў наведаў саюзную краіну і сустрэўся з Карлам II. Яго сын Джэрамі I падтрымліваў гандлёвыя зносіны з Ямайкай і аказваў дапамогу англійскім капёрам. Атрыманне агнястрэльнай зброі дазволіла міскіта пашыраць свае ўладанні ўздоўж карыбскага ўзбярэжжа, захопліваць і прадаваць ў рабства прадстаўнікоў іншых плямён.
На мяжы XVII ст. і XVIII ст. значную ролю ў дзяржаве міскіта сталі адыгрываць самба. Аляксандр Эксквемелін паведамляў, што яны паходзілі ад афрыканскіх рабоў, выратаваных з затанулага галандскага карабля яшчэ ў першай палове XVII ст. Нашчадкі ад сумесных шлюбаў афрыканцаў і індзейцаў ператварыліся ў асобную галіну міскіта[2]. У пачатку XVIII ст. яны ўзгадваліся як арганізатары ўзброеных атрадаў, што рабілі напады на тэрыторыі, падначаленыя іспанцам. Правадыра самба называлі «генералам». У 1711 г. правадыр самба ўжо займаў прастол караля Джэрамі I і зваўся Джэрамі II. Яго нашчадкі склалі каралеўскі род міскіта.
У 1740 — 1786 гг. і 1844 — 1860 гг. дзяржава міскіта з'яўлялася пратэктаратам Вялікабрытаніі. Спроба яе інтэграцыі ў Іспанскую каланіяльную імперыю ў канцы XVIII ст. выклікала грамадзянскую вайну за атрыманне каралеўскага пасада, а потым абвяшчэнне незалежнасці ад Іспаніі. Хаця рэальная ўлада ў пратэктараце заставалася ў руках мясцовых каралёў, брытанскія плантатары атрымалі магчымасць сяліцца ў яго межах разам з рабамі, высакародныя міскіта апраналіся падобна да еўрапейцаў, прымалі англійскія імёны. Брытанцы выкарыстоўвалі атрады міскіта ў войнах у Цэнтральнай Амерыцы, а таксама супраць чарнаскурых паўстанцаў-марунаў Ямайкі. У XIX ст. на Маскітавым беразе была шырока распаўсюджана місіянерская дзейнасць пратэстантаў. Толькі на паўночным захадзе некаторыя абшчыны міскіта прынялі каталіцызм і займаліся гандлем з іспанамоўнымі метысамі.
У 1860 г. у выніку дагавора ў Манагуа Вялікабрытанія адмовілася ад Маскітавага берага на карысць Нікарагуа. Нікарагуанскія ўлады фармальна прызналі дзяржаву міскіта як аўтаномную рэзервацыю, аднак яе тэрыторыя значна скарацілася да зямель вакол Блуфілдса, а кароль у афіцыйных дакументах вызначаўся як правадыр. У 1869 г. паўночная частка былой дзяржавы міскіта перайшла да Гандураса. Незадаволенасць міскіта сваім становішчам прывяла да міжнароднага арбітража. У 1894 г. нікарагуанскія ўзброеныя сілы ўварваліся ў Блуфілдс, дзяржава міскіта была канчаткова ліквідавана. На яе месцы быў створаны нікарагуанскі дэпартамент Селая.
Частка міскіта-каталікоў супрацоўнічала з нікарагуанскімі дзяржаўнымі ўстановамі. У 1927 г. яны падтрымалі паўстанне генерала Аўгуста Сесара Сандзіна. Астатнія міскіта традыцыйна захоўвалі апазіцыйную накіраванасць у дачыненні да афіцыйных улад. Гэтаму спрыяла ізаляванасць карыбскага ўзбярэжжа ад астатняй тэрыторыі Нікарагуа. З 1960-х гг. пачалася нацыяналізацыя індзейскіх зямель, што выклікала дадатковую незадаволенасць. Пасля перамогі Сандзінісцкай рэвалюцыі міскіта падтрымлівалі ўзброеныя атрады контрас. Грамадзянская вайна прывяла да бегства мірнага насельніцтва ў Гандурас.
У 1987 г. на месцы дзяржавы міскіта былі створаны Аўтаномны рэгіён паўднёва-карыбскага ўзбярэжжа і Аўтаномны рэгіён паўночна-карыбскага ўзбярэжжа. У 1990 г. правадыры міскіта пагадзіліся спыніць ваенныя дзеянні і ўпусціць на кантралюемыя імі тэрыторыі нікарагуанскія дзяржаўныя ўзброеныя фарміраванні. Аднак незадаволенасць з боку міскіта захавалася. У 2009 г. палітычная група на чале з Генры Вільямсам нават паспрабавала аднабакова адлучыцца ад Нікарагуа. У Нікарагуа і Гандурасе працягваецца захоп індзейскіх зямель прыватнымі асобамі. У абедзвюх дзяржавах лідары міскіта ўдзельнічаюць у барацьбе за правы карэнных народаў.
Этнаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Міскіта — неаднастайны народ. У яго склад уваходзяць розныя моўныя, рэлігійныя і расавыя групы. Асобна вылучаюцца этнаграфічныя групы самба, нашчадкі ад змяшаных шлюбаў паміж індзейцамі і афрыканцамі, і тавіра, што лічацца чыстакроўнымі індзейцамі. Яны размаўляюць на 2 адрозных дыялектах мовы міскіта. На поўдні Маскітавага берага ў склад міскіта таксама ўваходзяць крэолы, нашчадкі афрыканскіх рабоў, вызваленых у 1841 г. Яны размаўляюць на крэольскім дыялекце англійскай мовы (так званая «нікарагуанская крэольская мова»). Мяркуецца, што некаторыя невялікія этнаграфічныя групы, што насяляюць берагі рэк ўздоўж Маскітавага берага, паходзяць ад іншых індзейскіх плямён, заваяваных і асіміляваных з боку міскіта.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Заняткі
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйна міскіта мелі комплексную гаспадарку, дзе земляробства спалучалася з паляваннем і рыбалоўствам. Важнай сельскагаспадарчай культурай быў маніёк. Пасля кантактаў з еўрапейцамі з'явіліся такія культуры, як рыс, фасоля, бананы, стала вядома жывёлагадоўля. Мужчыны рыхтуюць участкі і дапамагаюць пры пасадцы і ўборцы ўраджая, астатняя сельскагаспадарчая праца лічыцца жаночай. У мінулым гэта дазваляла мужчынам пакідаць сям'ю, каб рыбачыць, паляваць, займацца гандлем ці браць удзел у ваенных паходах. У нашы дні мужчыны шукаюць працу на камерцыйных плантацыях, руднях, гарадскіх прадпрыемствах. Традыцыйныя рамёствы: выраб керамікі, драўлянай мэблі і лодак.
Жытло
[правіць | правіць зыходнік]Да кантактаў з еўрапейцамі міскіта насялялі берагі рэк, але к канцу XVII ст. перасяліліся на марское ўзбярэжжа. У 1699 г. еўрапейцы апісвалі Маскітавы бераг як пэўную колькасць невялікіх вёсак уздоўж Карыбскага мора. Звычайна сяліліся каля лагун і вусцяў рэк, гандлёвых факторый і місіянерскіх станцый.
Асноўны тып паселішча — вёска. Самыя малыя вёскі ўключаюць некалькі хацін. У вялікіх вёсках жыве да 600 чалавек. Міскіта не будуюць платы, зямля паміж хацінамі ачышчана ад хмызняку і травы. Хаціны пераважна каркасныя на палях. Сцены ладзяць з драўляных дошак або бамбука, дах — з саломы. Распаўсюджаны адкрытыя падстрэшнікі і асобныя кухні.
Грамадства
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш дробнай сацыяльнай адзінкай грамадства міскіта з'яўляецца малая нуклеарная сям'я. У мінулым была дазволена палігамія, але большасць сем'яў фарміравалася па манагамнаму прынцыпу. Звычайна жонка перасялялася ў вёску мужа. Але з пачатку XX ст. з распаўсюджаннем часовай працоўнай міграцыі мужчын жанчыны пасля шлюбу часцяком застаюцца жыць у родных паселішчах. Царкоўны шлюб заключаецца толькі, калі пара ўпэўнена ва ўзаемных пачуццях. Разводы адбываюцца без фармальнасцей. Сям'я лічыцца ўладальнікам зямлі, якую апрацоўвае. Традыцыйна пасля смерці асабістыя рэчы ўладальніка знішчаліся. У нашы дні яны пераходзяць у спадчыну да жонкі і дзяцей. Пэўных звычаяў атрымання спадчыны няма, таму яе падзел можа суправаджацца канфліктамі.
Вылучаюцца групы сваякоў тая, што паходзяць ад агульнага продка, і кіямп, нашчадкі адной пары. Міскіта гасцінны да чальцоў сваіх тая і кіямп, аднак іншых абавязкаў у іх адносінах не маюць. Жыхары адной вёскі складаюць аўтаномную абшчыну на чале са старэйшынамі. У эпоху існавання манархіі вылучаліся высакародныя правадыры, звычайна сваякі караля.
Фальклор
[правіць | правіць зыходнік]Фальклор міскіта вядомы песнямі, паданнямі і тэатральнымі відовішчам��, прысвечанымі каралям. У святочныя дні арганізуюцца танцы. Танцоры ўтвараюць адзінае кола, але кожны рухаецца сам па сабе.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова міскіта адносіцца да сям'і моў місумальпан. У канцы XIX — пачатку XX ст. пратэстанцкія місіянеры распрацавалі для яе алфавіт на аснове лацінкі, апублікавалі граматыку і слоўнік. У 1985 г. у Нікарагуа была складзена больш сучасная граматыка[3].
У нашы дні мова міскіта выкладаецца ў школах Гандураса.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Відавочна, да кантактаў з еўрапейцамі міскіта былі політэістамі. Захавалася вера ў духаў сонца, лесу, вады і іншых сіл прыроды, розных міфічных істот. У нашы дні яна спалучаецца з пашанай хрысціянскай тройцы. Важную ролю ў мінулым адыгрывалі шаманы. Яны лекавалі аднавяскоўцаў, арганізоўвалі супольныя святы. Некаторыя сучасныя пахавальныя звычаі бяруць пачатак у дахрысціянскіх культах.
З XIX ст. адбывалася актыўная місіянерская дзейнасць пратэстантаў. На захадзе рэгіёна, населенага міскіта, фарміраваліся каталіцкія абшчыны. У нашы дні царкоўныя інстытуты адыгрываюць важную сацыяльную ролю ў гуртаванні грамадства.