Мікола Гваздоў
Мікола Гваздоў | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 1 чэрвеня 1916 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | мерк. 1938 |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт |
Мова твораў | беларуская |
Мікола Гваздоў, поўнае імя Мікалай Васілевіч Гваздоў (1 чэрвеня 1916, Полацк, цяпер Віцебская вобласць — 1938?, УхтпечЛАГ?, Комі) — беларускі паэт.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 1 чэрвеня 1916 года ў Полацку ў сям‘і службоўцаў. Па нейкіх прычынах дзяцінства правёў у дзіцячым доме. У 1933 годзе паступіў на літаратурны факультэт Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута. У 1935 годзе, адчуваючы небяспеку ў часе палітычных рэпрэсій, перавёўся на завочнае аддзяленне і паехаў працаваць настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Чэрыкаў, але хутка быў звольнены. Адной з прычын было ягонае «зневажанне ў вачах вучняў правадыроў партыі». Пераехаў у Мсціслаў, потым у Менск[1][2].
Арыштаваны 13 сакавіка 1936 года на кватэры яго сябра крытыка Пятра Хатулёва па адрасе: вуліца Розы Люксембург, дом 44/2, кватэра 1[3]. Асуджаны 27 чэрвеня 1936 года за «антысавецкую агітацыю»[3] на 5 гадоў лагераў. Накіраваны ў Чыб’ю (УхтпечЛАГ)[1][2].
Верагодна, забіты вясной 1938 г. падчас масавай карнай аперацыі НКУС па знішчэнні палітзняволеных у пасёлку Чыб’ю (Ухта) (УхтпечЛАГ). Дата смерці і месца пахавання невядомыя[4].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Пісаць вершы пачаў у 13 гадоў, калі жыў у Віцебску. Быў пад моцным уплывам паэзіі Сяргея Ясеніна, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Блока. Першы верш «Рабочы-прызыўнік» апублікаваны ў 1932 годзе ў газеце «Віцебскі пралетар». Друкаваўся ў газетах «ЛіМ», «Звязда», часопісе «Работніца і калгасніца Беларусі»[1]. Крыптанім: М.Г-ў[2].
У вершах пісаў пра грамадзянскую вайну, узнікненне італьянскага фашызму, нямецкі палітычны строй. Таксама ёсць інтымна-лірычныя вершы. Стварыў цыкл вершаў з ясенінскімі матывамі незадаволенасці жыццём. Неапублікаваныя вершы гэтага цыклу ў часе арышту паслужылі на следстве «доказам» яго «ўпадніцкіх» настрояў і песімізму[5].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Гваздоў Мікола – Белліт (12 верасня 2023). Праверана 4 жніўня 2024.
- ↑ а б в ГВАЗДОЎ Мікола // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- ↑ а б Гваздоў Мікола(недаступная спасылка). web.archive.org (marakou.by) (13 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2020. Праверана 6 жніўня 2024.
- ↑ Гаўрук — Жалязняк – Белліт (14 ліпеня 2023). Праверана 4 жніўня 2024.
- ↑ Беларускія пісьменнікі 1995, с. 564.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- ГВАЗДОЎ Мікола // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Савік Л. Гваздоў Мікола // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — С. 564. — 684 с.; іл.. — ISBN 985-11-0022-6.