Луіс Альберта Алехандра Апарысіа Лакалье Поу (ісп.: Luis Alberto Alejandro Aparicio Lacalle Pou; нар. 11 жніўня1973, Мантэвідэа) — уругвайскі юрыст, палітык і прэзідэнт Уругвая пасля перамогі на ўсеагульных выбарах у 2019 годзе.
Нарадзіўся ў Мантэвідэа ў сям’і будучага прэзідэнта Уругвая Луіса Альберта Лакалье Эрэра і Джуліі Поу. Пачатковую і сярэднюю адукацыю Луіс Альберта Лакалье Поу атрымаў у Брытанскіх школах Мантэвідэа. У 1998 годзе скончыў юрыдычны факультэт Каталіцкага ўніверсітэта Уругвая.
На ўсеагульных выбарах 1999 года быў абраны прадстаўніком дэпартамента Канеланес на тэрмін 2000—2005 гадоў у палату дэпутатаў Уругвая. У 2004 годзе быў пераабраны ў складзе фракцыі эрырыстаў Нацыянальнай партыі, заснаванай яго прадзедам Луісам Альберта дэ Эрэра. У 2009 годзе быў пераабраны трэці раз запар і праслужыў да 2015 года. Кар’ера Луіса Альберта Лакалье Поу падобная да жыццёвага шляху Педра Бардаберы, таксама сына былога прэзідэнта Уругвая, які рушыў услед за сваім бацькам у палітыку.
Лакалье ўступіў у пасаду 1 сакавіка 2020 года. Пасля канстытуцыйнай прысягі перад Генеральнай Асамблеяй ён разам з віцэ-прэзідэнтам Беатрыс Архімон праехаў па праспекце Лібертадор на кабрыялеце Ford V8 1937 года выпуску, які належаў яго прадзеду Луісу Альберта дэ Эрэрэ. Парад скончыўся на плошчы Незалежнасці, дзе ён атрымаў прэзідэнцкі пояс ад былога прэзідэнта Табарэ Васкеса.
Лакалье абвясціў падчас сваёй выбарчай кампаніі пра увядзенне пакета ўрадавых мераў праз закон аб тэрміновым разглядзе, прэрагатыва выканаўчай улады ва Уругваі, які дазваляе ёй накіраваць у Генеральную Асамблею законапраект з безапеляцыйным тэрмінам у 90 дзён. Пандэмія каранавіруса затрымала прадстаўленне законапраекта, які афіцыйна ўвайшоў у парламент толькі 23 красавіка 2020 года.
Зноскі
↑Authority file of the National Library of Uruguay Праверана 20 красавіка 2024.