Перайсці да зместу

Крымскія горы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Крымскія горы
Крымскія горы. Галоўны хрыбет (Яйла)
Крымскія горы. Галоўны хрыбет (Яйла)
Краіна
РэгіёнКрым
Перыяд утварэннямелавы перыяд 
Даўжыня160 км
Шырыняда 50 км
Найвышэйшая вяршыняРаман-Кош 
Найвышэйшы пункт1545 м 
Крымскія горы (Украіна)
Крымскія горы
Крымскія горы (Крым)
Крымскія горы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Крымскія горы (укр.: Кримські гори, крымскатат.: Qırım dağları, Къырым дагълары) — горная сістэма, размешчаная на поўдні Крымскага паўвострава.

Крымскія горы працягваюцца з захаду на ўсход на 145 км, з поўначы на поўдзень на 40-50 км. Складаюцца з трох паралельных град: асноўнай — Галоўны хрыбет (Яйла) з максімальнай абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўночнай — выш. да 350 м.

Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова Крымскія горы сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Галоўная града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-татарскай мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўднёвы схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць старажытныя вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўночныя грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на поўнач і стромкія схілы на поўдні. Ёсць радовішчы будаўнічых матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш. Мінеральныя крыніцы.

Клімат Крымскіх гор умераны на большай частцы тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўднёвым схіле Галоўнай грады і ўзбярэжжы. Галоўная града перашкаджае пранікненню ўмераных паветраных мас на поўдзень, а субтрапічных — на поўнач. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя тэмпература студзеня каля −2, −4 °C, у ліпені каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студзені каля 4 °C, у ліпені каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой.

Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым. Бываюць селі.

Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўднёвых схілах Галоўнай грады да вышыні 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Галоўнай грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўночны схіл Галоўнай грады, сярэдзінная і паўночныя грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фаўне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш.

На схілах Галоўнай грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі батанічны сад, унікальныя помнікі прыроды: Вялікі каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш.

Крымскія горы — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.