Перайсці да зместу

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Гатава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Гатава
Канфесія каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Благачынне Дэканат Мінск-Усход 
Стан Дзейнічае

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла — каталіцкі мураваны храм, які будуецца ў аграгарадку Гатава Мінскага раёна Мінскай вобласці. Знаходзіцца на вуліцы Металургічная, 40.

Парафія была зарэгістравана 15 лістапада 2004 года, а першым пробашчам стаў кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA, які ў той час ужо быў пробашчам парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску (Лошыца).

У лютым 2005 года ў парафію прыбыў новы пробашч — кс. Артур Папроцкі. У 2006 годзе быў зроблены праект новага касцёла і пастаральнага цэнтра для дзяцей і моладзі.

Ксёндз Артур Папроцкі быў пробашчам парафіі да канца 2008 года. Наступныя некалькі месяцаў з душпастырскім служэннем у парафію прыязжалі кс. Генадзь Кухарэвіч і кс. Андрэй Кароль. У той час удалося прыдбаць ва ўласнасць зямлю пад будову касцёла і набыць «вагончык», які пасля рэмонту стаў першай капліцай.

4 красавіка 2009 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў часовую капліцу, крыж і зямельны надзел пад будаўніцтва новага касцёла.

У маі 2009 года пробашчам парафіі быў прызначаны кс. Антоні Обжут. Дзякуючы яго намаганням і падтрымцы кангрэгацыі міхалітаў, восенню 2009 года былі забіты сваі пад будаўніцтва касцёла, а праз год залілі фундамент у будучай святыні.

У кастрычніку 2011 года пробашчам парафіі стаў кс. Кшыштаф Пасвята. 2 студзеня 2012 года распачаліся будаўнічыя працы Пастаральнага цэнтра.

29 верасня 2013 года Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў першую імшу ў новай капліцы ў Пастаральным цэнтры і асвяціў фігуру св. Міхала Арханёла, арыгінал якой знаходзіцца на гары Гаргано ў Італіі, у найстарэйшым санктуарыі ў гонар св. Міхала Арханёла.

1 кастрычніка 2017 года ў падмурак касцёла быў умураваны вуглавы камень з Грота Аб’яўленняў святога Арханёла Міхала на гары Гаргано ў Італіі, які ў 2013 годзе падарыў групе пілігрымаў з Беларусі рэктар італьянскага санктуарыя — кс. Уладзіслаў Сухі[1].

Зноскі

  1. У падмурак мінскага касцёла ўмуравалі камень з Італіі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 студзеня 2022. Праверана 3 студзеня 2022.