Зборная Новай Зеландыі па рэгбі
Зборная Новай Зеландыі па рэгбі (англ.: New Zealand national rugby union team), «Ол Блэкс» (англ.: All Blacks, маары Ōpango — «цалкам чорныя») — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Новую Зеландыю ў міжнародных матчах і спаборніцтвах вышэйшага ўзроўню па рэгбі-15, які лічыцца ў гэтай краіне нацыянальным відам спорту. Зборная ўдзельнічала ва ўсіх дзевяці чэмпіянатах свету і толькі адзін раз не змагла трапіць у паўфінал: тройчы станавілася пераможцам (1987, 2011, 2015), два разы заняла другое месца (1995 і 2023) і яшчэ ў трох выпадках стала трэцяй (1991, 2003, 2019).
Новазеландцы дзесяць разоў прызнаваліся камандай года па версіі World Rugby і з’яўляюцца лідарам па колькасці набраных ачкоў і адзіным калектывам у міжнародным рэгбі, які мае станоўчы баланс сустрэч з усімі сваімі сапернікамі. «Ол Блэкс» утрымлівалі першы радок у рэйтынгу зборных Міжнароднага савета рэгбі даўжэй, чым усе астатнія каманды разам у��ятыя. За апошнія сто гадоў новазеландцы саступалі толькі сямі нацыянальным камандам (Аўстралія, Англія, Ірландыя, Радэзія, Уэльс, Францыя і ПАР). Таксама ў сваім актыве перамогу над «чорнымі» маюць зборная Брытанскіх астравоў і зборная свету, якія не з’яўляюцца афіцыйнымі членамі IRB. Больш за 75 % тэставых матчаў зборнай завяршаліся перамогай «Ол Блэкс» — па гэтым паказчыку нацыянальная каманда пераўзыходзіць усе астатнія.
«Ол Блэкс» прымаюць удзел у штогадовым Чэмпіянаце рэгбі (раней — Кубку трох нацый), у якім спаборнічаюць наймацнейшыя зборныя Паўднёвага паўшар’я. З 2012 года, калі набылі моц новыя правілы першынства, да ліку прэтэндэнтаў на тытул (Аўстралія, Новая Зеландыя, ПАР) далучылася аргенцінская каманда. Новазеландцы чатырнаццаць разоў святкавалі перамогу ў гэтым турніры, пры тым, што ўсяго адбыўся 21 розыгрыш.
Першая гульня з удзелам зборнай Новай Зеландыі прайшла ў 1884 годзе; сапернікам выступіла каманда з Камберленда (Новы Паўднёвы Уэльс). 15 жніўня 1903 года рэгбісты правялі першую афіцыйную сустрэчу супраць «Уалабіс». Матч завяршыўся перамогай новазеландцаў (22:3). У 1905 году «Ол Блэкс» адправіліся ў сваё першае турнэ па Еўропе.
Раннія варыянты формы зборнай уключалі чорную рэгбійку з выявай срэбнай папараці і белыя брыджы. У рамках турнэ 1905 года ўсе элементы экіпіроўкі спартсменаў ужо былі чорнымі, адзіным аб’ектам іншага колеру засталася папараць. Менавіта тады за камандай замацавалася мянушка «Ол Блэкс». Перад кожнай гульнёй спартсмены выконваюць хаку — баявы заклік маары. Традыцыйнай версіяй танца з’яўляецца ка-матэ. З 2005 года ў некаторых выпадках выконваецца версія капа-о-панга — крыху зменены варыянт хаку 1924 года «Кіа Уака-нгавары».
У артыкуле не пастаўлены тэматычныя катэгорыі. |