Заходняя канфедэрацыя індзейцаў
Заходняя канфедэрацыя індзейцаў (англ.: Western Indian Confederacy) — часовы саюз індзейскіх народаў так званай Паўночна-Заходняй індзейскай тэрыторыі, што цягнулася ад Вялікіх азёр на поўначы да Кентукі на поўдні, у 1783—1814 гг.
Складанне канфедэрацыі адбылося ў выніку паражэння Вялікабрытаніі ў вайне за незалежнасць ЗША. Яна павінна была супрацьстаяць міграцыі амерыканскіх перасяленцаў на землі, населеныя індзейцамі, а таксама супольна прадстаўляць інтарэсы індзейскіх народаў у перагаворах з прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Іспаніі.
У склад канфедэрацыі ўваходзілі:
- Рада трох агнёў
- Іракезы ЗША і Канады
- Ілінойс
- Плямёны ракі Вабаш
- Ваяндот
- Ленапэ
- Менаміні
- Шаўні
- Маямі
- Кікапу
- Верхнія маскогі
- Ніжнія чэрокі
Спрэчкі паміж самімі індзейцамі не дазвалялі канфедэрацыі эфектыўна выконваць свае намеры. Дагаворы, заключаныя ёю, часцяком парушаліся асобнымі ваеннымі і рэлігійнымі групоўкамі. Гэта стала зачэпкай для ЗША распачаць так званую Паўночна-заходнюю індзейскую вайну (1785—1795 гг.).
У 1794 г. амерыканскія войскі наснеслі паражэнне аб’яднаным сілам індзейцаў на чале з правадыром шаўні Блакітнай Кашуляй і прымусілі брытанцаў спыніць дапамогу Заходняй канфедэрацыі. Вялікабрытанія імкнулася адрадзіць Заходнюю канфедэрацыю падчас Англа-амерыканскай вайны (1812—1814 гг.), але яе намаганні абмежаваліся дапамогай паўстанню Тэкумсэ.