Перайсці да зместу

Галодная зіма 1944 года (Нідэрланды)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Галандскія талоны на масла, бульбу і рыбу ў перыяд Другой сусветнай вайны да Галоднай зімы

Галодная зіма (нідэрл.: hongerwinter) — масавы голад, які паразіў насельніцтва Нідэрландаў пад канец Другой сусветнай вайны і панёс жыцці каля 18 тысяч чалавек[1]. Прычынай голаду стала эмбарга, накладзенае Германіяй на пастаўку харчу ў Заходнія Нідэрланды пасля правалу аперацыі Маркет Гардэн і пачатку забастоўкі чыгунак, якая ахапіла краіну ў верасні 1944 года. Колькасць насельніцтва ў зоне бедства перавышала 3 мільёны чалавек.

На працягу ўсёй вайны, аж да верасня 1944 года, Нідэрланды не сутыкаліся з буйнымі праблемамі ў забеспячэнні харчом. Хуткі наступ саюзнікаў пасля высадкі ў Нармандыі выклікаў у жыхароў упэўненасць у хуткім падзенні акупацыйнага рэжыму. Усеагульнай радасцю галандцы адгукнуліся 5 верасня 1944 года (нідэрл.: Dolle Dinsdag, «вар'яцкі аўторак») на вестку пра вызваленне Антверпена. Увечар 17 верасня, у дзень пачатку аперацыі «Маркет Гардэн», па рашэнні прэм'ер-міністра ў выгнанні Пітэра Шурдса Гербрандзі (en:Pieter Sjoerds Gerbrandy), падпольнае «Радыё Оранье» (нідэрл.: Radio Oranje — «Аранжавае радыё») заклікала да ўсеагульнай забастоўкі на чыгунцы. Пераважная большасць служачых чыгункі, штат якой складаў 30 тысяч чалавек, пакінулі працоўныя месцы, многія сышлі ў падполле. Гербрандзі спадзяваўся, што «ўжо ў пятніцу мы будзем у Амстэрдаме».

Нечаканая забастоўка магла стаць вырашальным фактарам у поспеху «Маркет Гардэн», аднак аперацыя правалілася. Нямецкія ўлады на працягу дзесяці дзён перакінулі патрэбныя кадры і змаглі аднавіць жыццёва неабходныя пастаўкі зброі і боепрыпасаў для сваіх войскаў, але ў пытанні забеспячэння грамадзянскага насельніцтва занялі жорсткую пазіцыю. Ужо раніцай 18 верасня афіцыйныя паведамленні ў прэсе давалі зразумець: «спыненне чыгунак азначае спыненне паставак ежы». У якасці меры адплаты акупанты прыпынілі ўсе перавозкі на баржах па каналах і рэках. Між тым чыгункі адыгрывалі важную ролю ў перакідцы прадуктаў на захад краіны, і пік паставак прыпадаў на восень[2].

Эмбарга было часткова знята 8 лістапада,[3] і перавозка харчу па каналах дазволена, аднак у гэты час незвычайна суровая і ранняя зіма ўжо скавала лёдам водныя магістралі. Запасы харчу канчаліся, і дарослае насельніцтва ў Амстэрдаме і іншых буйных гарадах да канца месяца атрымлівала ўжо менш за 1000 кілакалорый у дзень. У канцы лютага 1945 года рацыён у заходніх раёнах краіны зменшыўся да 580 ккал. Адступаючы, нямецкая армія ўзрывала масты і шлюзы, яшчэ больш ускладняючы перавозкі, а бязлітасныя баі парушылі працу сельскай гаспадаркі краіны.

Аперацыя «Мана», здымак з самалёта. Цюльпаны высаджаны ў выглядзе надпісу «вялікі дзякуй» (англ.: many thanks). Галандыя, май 1945

Гараджане пераадольвалі дзясяткі кіламетраў пешшу, прапануючы фермерам каштоўныя рэчы ў абмен на ежу. У ежу пайшлі цыбуліны цюльпанаў і цукровы бурак. На дровы разбіралі драўляную мэблю і нават дамы. З верасня 1944 па пачатак 1945 года зафіксаваная колькасць памерлых ад голаду склала 10 тысяч чалавек. Голад спыніўся толькі ў маі 1945 года, разам з перамогай. Незадоўга да гэтага дапамога прыйшла ў выглядзе «шведскага хлеба», які выпякаўся з завезенай са Швецыі мукі. За «шведскім хлебам» рушыла ўслед пагадненне рэйхскамісара Зейс-Інкварта з агентамі саюзнікаў, якое дало магчымасць ажыццявіць скаардынаваны скід харчу з самалётаў. Падчас аперацыі «Мана»\«Абжора» з 29 красавіка па 8 мая 1945 года ВПС Вялікабрытаніі пры падтрымцы ВПС ЗША скінулі каля 11 000 тон прадуктаў на акупаваную тэрыторыю.

Грамата, выдадзеная ўладальніку бакалейнай крамы, які стаў адным з пунктаў Чырвонага Крыжа па раздачы «шведскага хлеба» галодным

Медыцынскія даследаванні

[правіць | правіць зыходнік]

Галодная зіма, якая паразіла такую высокаразвітую краіну і была адлюстраваная ў мностве дакументаў, дала ўнікальныя магчымасці для медыцынскіх даследаванняў.

Найбольш каштоўнымі апынуліся звесткі пра дзяцей, вынашаных у перыяд голаду. Падчас міжнароднага даследавання (англ.: Dutch Famine Birth Cohort Study) было паказана, што ў наступным жыцці яны часцей пакутавалі ад дыябету, атлусцення, сардэчна-сасудзістых захворванняў, мікраальбумінурыі і іншых праблем[4]. Як і меркавалася, вага гэтых дзяцей пры нараджэнні была зніжана, але нечаканым стала тое, што іх уласныя дзеці праз шмат гадоў таксама не дацягвалі да сярэдняй вагі. Гэта навяло на думкі пра эпігенетыческую рэгулёўку вагі, якая перадаецца на наступнае пакаленне.

Прычыны цэліякіі, непераноснасці глютэну, таксама нечакана выявіліся падчас голаду. Дзеці, хворыя на цэліякію, пайшлі на папраўку, калі бальніцы атрымлівалі вельмі мала пшаніцы, але калі першы каштоўны груз хлеба, які прызначаўся ў першую чаргу дзецям, быў нарэшце выдадзены, хворым на цэліякію адразу стала горш. Гэта пацвердзіла здагадкі галандскага педыятра Вілема Дыке, які ўжо задумваўся пра ролю мучных прадуктаў у развіцці хваробы. У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гадоў ён даказаў эфектыўнасць безглютэнавай дыеты[5].

Шэраг статыстычных даследаванняў гаворыць пра двайную рызыку развіцця шызафрэніі, а таксама пра павышаную частату шызатыпічнага расстройства і прыроджаных дэфектаў нервовай сістэмы ў дзяцей, вынашаных у перыяд Галоднай зімы[6][7].

Перажылі голад

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Henri A. van der Zee, The Hunger Winter: Occupied Holland 1944—1945, University of Nebraska Press, 1998. pp.304-305
  2. Holland at War Against Hitler: Anglo-Dutch Relations, 1940—1945 Michael Richard Daniell Foot Routledge, 1990 ISBN 0-7146-3399-2, 9780714633992; на стр. 174—175
  3. Phillips, Jim; Smith, David Nichol (2000). Food, science, policy, and regulation in the twentieth century: international and comparative perspectives. New York: Routledge. ISBN 0-415-23532-4.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка), на стар. 126
  4. http://ihome.ust.hk/~lbcaplan/dutchfamine.html Архівавана 19 лютага 2007. Bibliography of Dutch Famine of 1944
  5. van Berge-Henegouwen G, Mulder C (1993). "Pioneer in the gluten free diet: Willem-Karel Dicke 1905–1962, over 50 years of gluten free diet" (PDF). Gut. 34 (11): 1473–5. doi:10.1136/gut.34.11.1473. PMID 8244125. PMC 1374403
  6. Walker, Elaine E.; Cicchetti, Dante (2003). Neurodevelopmental mechanisms in psychopathology. Cambridge, UK: Cambridge University Press. ISBN 0-521-00262-1.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка), на стар. 88-93
  7. Brown AS, Susser ES (November 2008). "Prenatal nutritional deficiency and risk of adult schizophrenia". Schizophr Bull. 34 (6): 1054–63. doi:10.1093/schbul/sbn096. PMID 18682377.