З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гадзюкавыя (Viperidae) — сямейства ядавігых змей атрада лускаватых.
Сямейства налічвае 11 родаў і каля 60 відаў са складаным ядазубным апаратам.
Даўжыня да 2 м. Цела рознай афарбоўкі. Галава акругла-трохвугольнай формы, з прытупленай насавой часткай, выразна адмяжоўваецца ад шыі і пакрыта дробнымі шчыткамі. Тулава адносна тоўстае, хвост кароткі. Характэрная асаблівасць — вертыкальная зрэнка. На верхняй сківіцы 1-2 вялікія рухомыя ядавітыя зубы і па 3-5 больш дробных. Ядаправодныя зубы ў стане спакою знаходзяцца ў складзеным становішчы (прыціснуты, канцы накіраваны назад), а пры ўкусе разам з адкрываннем пашчы высоўваюцца ўперад і ўстаюць вертыкальна. Дробныя неядавітыя зубы, якія прыстасаваны для заглытвання забітых ядам ахвяр, размешчаны на нёбных і ніжнясківічных касцях.
Найбольш вядомыя — гюрза, эфа. На Беларусі 1 від — гадзюка звычайная.
Прадстаўнікі сямейства пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўночныя хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй.
Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы.
4 віды гадзюк знаходзяцца у Чырвонай кнізе МСАП.
Аб'екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.
Зноскі
- ↑ а б в Ананьева Н. Б., Орлов Н. Л., Халиков Р. Г., Даревский И. С., Рябов С. А., Барабанов А. В. Атлас пресмыкающихся Северной Евразии (таксономическое разнообразие, географическое распространение и природоохранный статус). — СПб.: Зоологический институт РАН, 2004. — С. 183. — 1000 экз. — ISBN 5-98092-007-2