Вячаслаў Шыдлоўскі
Вячаслаў Шыдлоўскі | |
---|---|
| |
Род дзейнасці | пераплётчык, геолаг |
Дата нараджэння | 12 студзеня 1913 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 жніўня 1997 (84 гады) |
Месца смерці |
Вячаслаў Аляксандравіч Шыдлоўскі (12.01.1913 в. Карзуны Ігуменскага павета Мінскай губерні, цяпер Чэрвеньскі раён — 23.08.1997 Мінск, пахаваны ў м. Смілавічы) — мемуарыст, геолаг, мастак, майстар шытарскай (пераплётнай) справы.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Вячаслаў Шыдлоўскі нарадзіўся 12 студзеня 1913 года ў вёсцы Карзуны ў сям’і настаўніка.
Бацька — Аляксандр Казіміравіч Шыдлоўскі, 1884 года нараджэння, да 1917 года працаваў вясковым настаўнікам і жыў на гаспадарцы, успадкаванай ім свайго бацькі Казіміра Аляксеевіча Шыдлоўскага (памёр не раней 1920 года).
Гаспадарка складалася з 2,5 гектараў ворнай зямлі, 1,5 гектараў сенакосу, гападарчых пабудоваў і ўласнага дома, у якім пражывалі 7 сямейнікаў: дзядуля і бабуля Вячаслава Шыдлоўскага, бацька, маці, ягоныя старэйшы брат Усевалад, малодшыя сёстры Глафіра, Фаціна і сам Вячаслаў.
Маці Вячаслава — Наталля Станіславаўна Шыдлоўская, 1889 года нараджэння (па нараджэнні — Віткоўская), паходзіла з сялянскай сям’і сярэдняй заможнасці Лагойскага раёна Мінскай вобласці, была хатняй гаспадыняй.
Пасля рэвалюцыі 1917 года бацька Вячаслава працаваў настаўнікам няпоўнай беларускай сярэдняй школы ў мястэчку Смілавічы Рудзенскага раёна Мінскай вобласці і жыў на сваёй гаспадарцы ў вёсцы Карзуны. У 1935 годе на 51-ым годзе жыцця памёр.
Маленства Вячаслава прайшло ў бацькоўскім доме. У пачатковую школу пайшоў у роднай вёсцы, дзе і правучыўся да 1924 года.
З 1924 па 1929 год вучыўся ў Смілавіцкай няпоўнай сярэдняй школе, у якой раскрылася асаблівая прыхільнасць Вячаслава да малявання, дзякуючы дабратворнаму ўплыву Івана Арыстархавіча Размысловіча — настаўніка гэтага прадмета. У тыя гады Вячаслаў шмат чытае, малюе, знаёміцца з маці Хаіма Суціна — на той час ужо вядомага мастака родам са Смілавіч. Захаваны малюнак смілавіцкай архітэктуры 1928 года сведчыць аб выдатным мастацкім таленце Вячаслава Шыдлоўскага, тады яшчэ 15-гадовага юнака.
Таму не дзіўна, што пасля завяршэння Смілавіцкай сямігодкі ў 1929 годзе Вячаслаў, паслухаўшы парады настаўніка малявання Івана Размысловіча, паспрабаваў паступіць у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Паслаў туды дакументы і малюнкі. Іх прынялі, выклікалі на экзамен. Бацька на фурманцы адвёз яго на чыгуначную станцыю ў Смалявічы. Патрапіўшы ў Віцебск, Вячаслаў здае іспыты, наведвае майстэрню-кватэру аднаго з найвыдатнейшых мастакоў Беларусі таго часу Юдаля (Юрыя) Пэна. Аднак вучыцца ў тэхнікуме юнаку не давялося, бо перавагу аддавалі моладзі рабочага, альбо сялянскага паходжання. Пры такіх падыходах сын «настаўніка з царскіх часоў» амаль што не меў шанцаў.
Давялося паступаць у Смалянскую сельскагаспадарчую прафесійную школу Віцебскай вобласці. У 1931 годзе пасля рэарганізацыі гэтай навучальнай установы разам з курсам быў пераведзены ў сельскагаспадарчы тэхнікум у Барысаве.
Пасля завяршэння тэхнікума ў 1931 годзе паступіў на артылерыйскае аддзяленне Агульнавайсковай школы імя Калініна ў Мінску. Бурлівае жыццё ў сталіцы Савецкай Беларусі дорыць Вячаславу новыя ўражанні і сустрэчы. Нягледзячы на складанасці курсанцкага жыцця, Вячаслаў становіцца адданым чытачом новай беларускай літаратуры (тым больш, што старэйшы брат Усевалад працуе адказным сакратаром «Піянера Беларусі», займаецца перакладамі) і фарміруе сваю першую бібліятэку. У 1936 годзе разам з групай выдатнікаў Вячаслаў Шыдлоўскі быў пераведзены ў Маскоўскую артылерыйскую школу імя Красіна ў Краснадары, у якой і вучыўся на аддзяленні фотаграмаметрыі і гукаметрыі.
6 лістапада 1936 года па хлуслівым даносе (як пазней паказала бесстаронняе разбіральніцтва ў 1989 годзе Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР) быў арыштаваны НКВД і абвінавачаны ў «нацдэмаўшчыне» разам з Лухверчыкам Макарам Яфімавічам і Блецькам Іосіфам Дзям’янавічам (па роду заняткаў арыштаваныя былі: курсант артшколы, вайсковы фельчар і майстар зброі). Паводле абвінавачання, у задачу «контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай групы» ўваходзіла: «ознакомление и проработка „нацдемовской“ литературы».
Лёс першай бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага
[пра��іць | правіць зыходнік]Уражвае спіс літаратуры, забранай у Вячаслава Шыдлоўскага пры вобшуку толькі ў роднай вёсцы Карзуны. Гэта ў тым ліку:
- шаснаццаць нумароў краязнаўчага часопіса «Наш край»;
- літаратурныя часопісы «Полымя» (восем нумароў) і «Маладняк» (15 нумароў);
- па чатыры кнігі Усевалада Ігнатоўскага і Змітрака Бядулі;
- па тры кнігі Якуба Коласа, Янкі Маўра, Платона Галавача, Юлія Таўбіна;
- па дзве — Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Уладзіслава Галубка (з ім Вячаслаў пазнаёміўся яшчэ хлапчуком-падлеткам, выбраўшыся ў 1927 годзе з некалькімі аднакласнікамі на экскурсію ў Мінск і атрымаўшы дапамогу ад знакамітага драматурга ва ўладкаванні на начлег у «Доме селяніна»);
- кнігі Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Юркі Лявоннага, Міхася Чарота, Алеся Дудара, Цішкі Гартнага, Міхася Лынькова, Міколы Хведаровіча, Васіля Каваля;
- выданні Інбелкульта з краязнаўчымі апісаннямі раёнаў Беларусі;
- літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь»,
- кнігі, аўтарства якіх належыць роднаму брату Вячаслава Шыдлоўскага — Усеваладу.
Агулам у спісе забранага было 87 пазіцый і 161 выданне.
Тады ж забралі і сшыткі, у якія былі перапісаныя фактычна забароненыя на той час вершы расійскага паэта Сяргея Ясеніна.
Шэраг кніжак быў забраны пры арышце ў Краснадары, у тым ліку двухтомавік Максіма Багдановіча, выдадзены Інбелкультам, кнігі Янкі Купалы.
Як пісаў Вячаслаў Шыдлоўскі ў сваёй кнізе ўспамінаў «Рысы майго пакалення»: «Сур’ёзным абвінавачваннем лічылася „захоўванне контррэвалюцыйнай літаратуры“, у разрад якой трапілі перыядычныя выданні мінулых гадоў, творы беларускіх пісьменнікаў, абвешчаных „ворагамі народа“, і шэраг кніг беларускіх класікаў».
Так знікла першая асабістая бібліятэка, збіраная Вячаславам Шыдлоўскім.
19 студзеня 1937 г. асуджаны ваенным трыбуналам 3-га артылерыйскага корпуса ў Мінску да 4 год пазбаўлення волі без наступнай паразы ў правох па артыкулах 72а (пропаганда или агитация, содержащие призыв к свержению, подрыву или ослаблению советской власти…) і 76 (звязаная з арт.72а арганізацыйная дзейнасць) Крымінальнага кодэкса БССР. Тэрмін зняволення Вячаслаў Шыдлоўскі адбываў у Расіі ў СВІТлагу (на Калыме ў лагеры «Камандзіроўка Чалюскін», які месціўся побач з турмой Серпанцінкай — апошнім прыстанкам для скіраваных на смерць).
Выжываць дапамагала маладосць, беларуская цягавітасць і …інтэлектуальны багаж начытанасці (як сведчыць кніга ўспамінаў Вячаслава Шыдлоўскага, у турмах і лагерах крымінальнікі дужа любілі слухаць пераказы белетрыстыкі, а тыя з іх, хто крыху вершаваў — нават пачуць пра асновы вершаскладання).
5 лістапада 1940 году Вячаслаў Шыдлоўскі з лагера вызвалены. З 18 снежня 1940 г. па 16 кастрычніка 1947 г. працаваў у геолага-разведачнай службе «Дальбуду» МУС СССР. У 1945 годзе завяршыў курсы старшых калектараў у г. Магадан.
Застаючыся верным сабе, нават у Магадане купляў тэматычна беларускія кніжкі, пра што сведчаць у іх адпаведныя запісы, знаходзіў радасць у маляванні падчас геалагічных экспедыцый.
Падчас Вялікай Ачыннай вайны ў армію не прызываўся, як работнік «Дальбуду». Але за добрую (і небяспечную!) работу геолага-выведніка быў узнагароджаны медалём «За адданую працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».
Як толькі з’явілася магчымасць, вярнуўся ў Беларусь.
16 лютага 1948 г. паступіў у Белгеолагаўпраўленне Міністэрства геалогіі СССР, дзе і працаваў у розных палявых выправах на розных пасадах па 10 лютага 1953 года. З 23 мая 1953 года працуе ў Геолага-гідрагеалагічнай экспедыцыі, а з лістападу 1963 года — у Беларускім геолага-гідрагеалагічным трэсце ўпраўлення геалогіі пры Савеце Міністраў БССР. Давялося аб’ездзіць усю Беларусь з экспедыцыямі ўздоўж і ўпоперак.
15 верасня 1967 году за доўгалетнюю беззаганную працу прадстаўляўся да ўзнагароды нагрудным знакам «Выдатнік разведкі нетраў Міністэрства геалогіі СССР».
Прафесіяналізм і адкрытасць душы Вячаслава Шыдлоўскага на дапамогу паспрялі многім добрым справам, звязаным з геалогіяй Беларусі. Адна з іх — задакументаваная ў ліставанні дапамога з падборам матэрыялу для выдатнай кнігі Эрнэста Ляўкова пра беларускія валуны «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны». У 1953 годзе судзімасць была знятая з Вячаслава Шыдлоўскага па амністыі. А ў 1989 годзе пасля бесстаронняга перагляду справы Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР пастанавіла: «Приговор венного трибунала 3 кавалерийского корпуса по обвинению Шидловского Вячеслава Александровича прекратить за отсутствием состава преступления».
Асабістае жыццё Вячаслава Шыдлоўскага склалася досыць шчасліва. У пачатку 1950-ых сыйшоўся з калегай-геолагам Ядзвігай Скакун, з якой пазней пабраўся шлюбам і ў сям’і нарадзіліся сын Аляксандр (1959 г.н.) і дачка Ганна (1964 г.н.).
Ядзвіга Шыдлоўская з пашанай ставілася да мужа і яго бібліяфільства, а пасля смерці Вячаслава Шыдлоўскага зрабіла вопіс сабранай мужам новай бібліятэкі.
Новая бібліятэка Вячаслава Шыдлоўскага
[правіць | правіць зыходнік]Сваю новую асабістую бібліятэку Вячаслаў Шыдлоўскі пачаў збіраць адразу ж пасля вызвалення з лагера ў 1940 годзе.
У пачатку 1990-ых гадоў бібліятэка налічвала каля пяці-сямі тысяч адзінак захавання: кніг, а таксама часопісаў і газет, якія захоўваліся гадавікамі (апошнія — у самаробных кардонных тубусах, альбо падшыўках).
Прыблізна палова тысячы кніг былі ўзятыя Вячаславам Шыдлоўскім у свой фірменны пераплёт «з сакрэтам» (на схаваны пад карэньчыкам і прашыты блок кожнай кнігі наклейвалася стужка паперы з пазначаным аўтарствам і годам пераплёту).
Бібліятэка займала два пакоі, вітальню ды камору і мела тры галоўныя тэматычныя кірункі:
- літаратура беларускай тэматыкі (у тым ліку па беларускім мастацтве);
- сусветная класіка;
- геалагічная літаратура.
Найбольш шыро��а была прадстаўленая беларуская тэматыка, для якой характэрныя чатыры асаблівасці.
Першая - невялікі аб’ём (каля пяці дзясяткаў) даваенных выданняў. Відаць, з прычыны іх пераходу пасля пераплёту ў рукі іншых беларускіх бібліяфілаў. Пры гэтым Вячаслаў Шыдлоўскі відавочна пакідаў у сябе выданні, якія «перагукаюцца» з канфіскаванымі ў 1936 годзе (гадавік часопіса «Маладняк» за 1928 год, кнігі Платона Галавача, Кузьмы Чорнага, Янкі Маўра, Міхася Чарота, Змітрака Бядулі, Міхася Лынькова). Таксама ў сваю новую асабістую бібліятэку Вячаслаў Аляксандравіч быў адшукаў і двухтомае інбелкультаўскае выданне выбранага Максіма Багдановіча (пазней гэтыя тамы разам з ліставаннем з Зоськай Верас былі падараваныя музею Максіма Багдановіча ў Мінску).
Другая асаблівасць - шырокая падборка паэтычных кніг, у тым ліку першых кніг беларускіх паэтаў, дэбютаваўшых у 1960-1970-ых гадах. Вялікая частка з гэтых кніг па-мастацку апраўленая ў індывідуальныя вокладкі, альбо падрыхтаваная для такой аправы. У некаторых пераплётах пакінутае дадатковае месца для запісаў, якое паэты ўласнаручна запоўнілі новымі вершамі.
Трэцяя - наяўнасць бібліяфільскіх выданняў, адметнасць якіх вядомая толькі вузкаму колу абазнаных чытачоў (напрыклад, першы і адзіны том збору твораў Янкі Купалы 1951 года ў афармленні Анатоля Тычыны, анталогія перакладаў верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?», у якой пераклады на мовы свету змешчаныя у алфавітным парадку).
І апошняя важная адметнасць бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага - імкненне дапоўніць кнігу, узбагаціць дадатковым бібліяфільскім матэрыялам (лістом ці фотаздымкам пісьменніка, успамінамі пра яго, перапіскай з выдавецтвам, альбо проста кніжнай закладкай пазнавальнага зместу).
Яшчэ адной адметнасцю бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага з’яўлялася наяўнасць вялікай падборкі кніг з аўтографамі рэпрэсаваных пісьменнікаў і навукоўцаў, сярод якіх:
- Рыгор Хацкевіч: «Вячаславу Шыдлоўскаму, з якім калісьці мы шукалі скарбы на Калыме, дару гэты сціплы скарб маёй душы. 6-IV-77г.»;
- Гаўрыла Гарэцкі: «Вельмішаноўнаму Вячаславу Аляксандравічу Шыдлоўскаму ад аўтара. V.83»;
- Сяргей Грахоўскі: «Брату майго інстытуцкага брата — Вячаславу Аляксандравічу Шыдлоўскаму жадаю толькі дабра на доўгія гады! Сяргей Грахоўскі 28/XII.79г.»;
- расійскі паэт Анатоль Жыгулін (захаваліся дзясятак кніг з аўтографамі і ліставанне).
Шытарская (пераплётная) справа
[правіць | правіць зыходнік]Нерэалізаваная мастацкая прага (з прычыны благіх жыццёвых абставінаў) скіравала творчыя высілкі Вячаслава Шыдлоўскага на ўнікальнае захапленне шытарскай (пераплётнай) справай.
Стыль кніжнага аздаблення Вячаслава Шыдлоўскага характарызуюць гарманічнае спалучэнне з выдавецкім афармленнем і зместам кнігі, выкарыстанне шырокай (але цёплай, прыемнай воку) колеравай гамы і матэрыялу для пераплёту, прымяненне пад прэсам літарных і малюнкавых адбіткаў для абазначэння аўтара, назвы і зместу кнігі.
Кнігі з асабістай бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага часта пазначаны мастацкімі экслібрысамі, суперэкслібрысамі, у некаторых выпадках — унікальнымі малюнкамі-экслібрысамі ў адзінкавым асобніку (напрыклад, аўтарства мастака Арлена Кашкурэвіча).
Дзякуючы свайму захапленню шытарствам, а таксама трапяткой любові да беларускай кнігі Вячаслаў Шыдлоўскі меў сяброўскія, альбо прыязныя адносіны з пісьменнікамі і бібліяфіламі Барысам Сачанкам і Максімам Лужаніным, а таксама Сяргеем Грахоўскім (былым аднагрупнікам Усевалада — брата Вячаслава), Алегам Лойкам, Яўгеніяй Янішчыц, Адамам Мальдзісам, Зоськай Верас.
Выдатныя беларускія пісьменнікі былі рады такой пашане да сваіх кніг, пра што сведчаць аўтографы, адрасаваныя Вячаславу Шыдлоўскаму:
- «Пра такую ўвагу да кнігі можна толькі марыць! Алег Лойка»;
- «Паважаны Вячаслаў Аляксандравіч, дзякую за ўвагу, за гэты пераплёт! Спадзяюся, што пазнаёмімся з Вамі асабіста! А.Вярцінскі 23 сакавіка 72г.»;
- «Паважанаму Вячаславу Аляксандравічу Шыдлоўскаму з удзячнасцю за прыемна спраўленую кніжачку „Каласкі“ і за добры аб ёй водклік. З.Верас. 16/XII.1986 Вільня».
Пра маштаб розгаласу шытарскай працы Вячаслава Шыдлоўскага таксама сведчыць тое, што ў 1980-ыя гады беларускае тэлебачанне прысяціла цэлую перадачу гэтаму яго захапленню.
Сёння кнігі ў мастацкай аправе Вячаслава Шыдлоўскага можна ўбачыць на пачэсным месцы ў літаратурных музеях і найлепшых прыватных калекцыях беларусікі.
У 1979 годзе Вячаслаў Шыдлоўскі зрабіў аправу для ўсяго накладу легендарнага канвалюта «Пытанні гісторыі Беларусі», які ўтрымліваў восем пазіцыяў:
- артыкул Уладзіміра Пічэты «Очередные вопросы белорусской историографии», адкапіяваны з «Вестника Наркомпроса С. С. Р. Б.» (выпуск 11-12, 1922 год);
- палемічны артыкул Міколы Алексютовіча «А дзе ж ісціна аб’ектыўная?», адкапіяваны з часопіса «Полымя» за май 1966 года;
- друкапіс гістарычнага даследавання Міколы Ермаловіча «Па слядах аднаго міфа»;
- артыкул Георгія Штыхава «Ад старажытных плямёнаў да з’яўлення беларусаў», адкапіяваны з часопіса «Полымя» за жнівень 1971 года;
- артыкул Язэпа Юхо «Уніі Вялікага княства Літоўскага з Польшчай», адкапіяваны з часопіса «Полымя» за студзень 1972 года;
- артыкул Язэпа Юхо «Статуты Вялікага княства Літоўскага», адкапіяваны з часопіса «Полымя» за лістапад 1966 года;
- артыкул Міколы Улашчыка "История с … «историей», адкапіяваны з часопіса «Нёман» за сакавік 1983 года;
- копію па-мастацку аформленага спіса Вялікіх князёў літоўскіх, рускіх і жамойцкіх у XIII—XVI стагоддзях.
Кінатэка
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ адным захапленнем Вячаслава Шыдлоўскага можна назваць кіна/фотаздымку.
Займаючыся гэтым з прафесійных абавязкаў геолага, Вячаслаў Шыдлоўскі знаходзіў час, каб пакінуць для наступнікаў на кінастужцы і важныя падзеі беларускай культуры:
- «Вязынка 6.VII/75»;
- «Ракуцёўшчына 1985»;
- «4 ліпеня 1982 г. Святкаванне стагоддзя з Дня нараджэння Янкі Купалы».
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Шыдлоўскі Вячаслаў. Рысы майго пакалення. — Мінск: Бел-франс, 2001. — 215с.
- Карлюкевіч А.М. Сцежкамі Ігуменшчыны. - Мінск: Беларусь, 2008 (с 39-42 "Лёс Вячаслава Шыдлоўскага").
- Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 5. - Мінск: СтройМедиаПроект, 2022. - 176с. (с.96-104 лісты Людвікі Антонаўны Сівіцкай-Войцік да Вячаслава Аляксандравіча Шыдлоўскага).
- Бушэнка Аляксандр. Праклятыя гады// Раённы веснік (Чэрвень). 12.10.2012.
- Владимир Шуляковский. Узник Колымы. Документальный очерк // Вечерний Минск. 2008 год. Нумары 126, 127, 128, 131, 132, 137, 138.