З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бра́таўка[1] (Melampyrum) — род кветкавых раслін сям��йства заразіхавых.
Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны у канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з дзвюма створкамі.
Адрозніваецца каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўночнай Амерыцы. На тэрыторыі Беларусі найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-мар’я (Melampyrum nemorosum), братаўка польская (Melampyrum polonicum) і братаўка лугавая (Melampyrum pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Братаўка грабеньчатая (Melampyrum cristatum) трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (Melampyrum sylvaticum) — у лясах, братаўка палявая (Melampyrum arvense) — каля дарог і на палях.
Дэкаратыўныя, лекавыя, меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.
Зноскі