Белорусское эхо
«Белорусское эхо» | |
---|---|
Рэдактар | А. Мадзалеўскі |
Заснавана | 30 мая 1918 |
Спыненне публікацый | 1 лістапада 1918 |
Мова | беларуская |
Галоўны офіс |
«Белорусское эхо» — штотыднёвая грамадска-палітычная, літаратурная і эканамічная газета. Выдавалася на рускай мове, часткова на беларускай мове, у Кіеве (30 мая — 1 лістапада 1918 года). Ставіла асноўнай задачай гуртаванне беларусаў, якія жылі ў Украіне. Рэдактар А. Мадзалеўскі.
Мела карэспандэнтаў у буйных гарадах Украіны і Беларусі, Маскве і Петраградзе. Асноўнай задачай ставіла гуртаванне беларусаў, якія жылі на Украіне, забеспячэнне іх сувязі з радзімай. Праводзіла ідэю нацыянальнага аб’яднання беларускіх сіл на Украіне і Беларусі ў цэлым (арт. «Аб’ядноўвайцеся» М. Доўнар-Запольскага, «Неадкладная справа» і «Нашы задачы» I. Краскоўскага пад псеўд. Кій і крыптанімам «I. К.», «Асновы еднасці» А. Навіны). Выступала за адбудову, умацаванне і незалежнасць беларускай дзяржавы, яе свабоднае нацыянальнае і эканамічнае развіццё, нацыянальнае адраджэнне, аб’яднанне ўсіх грамадскіх сіл беларускага народа дзеля рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў, прызнанне суверэннасці Беларусі з боку суседніх дзяржаў, найперш РСФСР (паведамленне пра абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, перадавіца ад 3 чэрвеня 1918 года, тэкст ноты дэлегацыі БНР на чале з А. Цвікевічам, М. Доўнар-Запольскім да расійскага ўрада аб непрызнанні пунктаў Брэсцкага міру 1918 года, якія закраналі інтарэсы Беларусі, тэкст размовы Я. Хлябцэвіча са старшынёй Віленскай беларускай рады А. Луцкевічам, арт. «Прамы доўг» А. Цвікевіча пад псеўд. А. Гвоздзь і інш.].
У публікацыях «Беларускі рух у Гомельскім павеце» і «Украінскія культтрэгеры» (абодва пад крыптанімам «Іксэн»), «Братняя ліцытацыя Беларусі» Я. Юзюковіча, «Голас грамадзян» выступала супраць прэтэнзій гетманаўскай Украінскай дзяржавы на паўднёва-беларускія землі. Разглядала пытанні арганізацыі эканамічнага жыцця на Беларусі (арт. «Беларуская гандлёвая палата ў Кіеве», «Арганізацыя гандлю», «Гандлёвыя перспектывы Беларусі» М. Доўнар-Запольскага пад псеўд. М. Целяпень і без подпісу), праблему бежанцаў (рубрыка «Бежанскі аддзел», публікацыі І. Краскоўскага, перадавіцы), пісала пра мінулае, сучаснае і перспектывы беларускага адраджэнскага руху (арт. «Тры акты» П. Крачэўскага, «Заходняя камуна» А. Гвоздзя, «Дзяржаўнае будаўніцтва на Беларусі і міжнацыянальныя адносіны» пад крыптанімам «Т.»). Асвятляла дзейнасць урада БНР, друкавала яго афіцыйныя распараджэнні і паведамленні, абмяркоўвала стан і перспектывы ўзаемаадносін беларускага ўрада з навастворанымі дзяржавамі (арт. «Бліжэйшыя праблемы» А. Гвоздзя), пытанні дзяржаўнага будаўніцтва і культурнага жыцця на Беларусі (рубрыка «Хроніка мітраполіі»), паведамляла пра дзейнасць беларускіх культурна-асветніцкіх і грамадска-палітычных суполак на Украіне і ў Расіі (рубрыка «Беларускія арганізацыі на Украіне»).
На старонках газеты змешчаны творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, 3. Вехаця, У. Галубка, Ц. Гартнага, М. Грамыкі, К. Каганца, А. Паўловіча, Ю. Фарботкі, літаратурна-гістарычны нарыс «Беларусь у песнях» Фарботкі, артыкул пра Купалле як беларускае свята, інфармацыя пра выхад брашуры А. Цвікевіча пра беларускі адраджэнскі рух, альманах «Варта», хроніка падзей і інш.
Выйшла 9 нумароў.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ліс, А. С., Шорахава, А. Я. «Белорусское эхо» / А. С. Ліс, А. Я. Шорахава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 8.