Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (1918—1924)
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя | |
---|---|
Дата заснавання | 1918 |
Дата роспуску | 1924 |
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), эсдэкі — палітычная партыя на Беларусі ў 1918—1924 гадах. Папярэдніцай БСДП была Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), якая ўяўляла сабой блок народнікаў і марксістаў. У 1915 на тэрыторыі Беларусі, акупіраванай нямецкімі войскамі, марксісты (І. Луцкевіч, A. Луцкевіч, Цётка і інш.) выйшлі з БСГ і ўтварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную работ��іцкую групу (БСДРГ).
Пасля расколу БСГ (красавік 1918) беларускія марксісты, якія дзейнічалі ва Усходняй Беларусі, аб'ядналіся з БСДРГ і ўтварылі з ёю БСДП. Асноўныя прынцыпы БСДП — свабода, роўнасць, братэрства, дэмакратыя, прававая дзяржава. Сацыяльная база — кваліфікаваныя рабочыя, адукаваныя сяляне, рамеснікі, інтэлігенцыя. Актыўнымі дзеячамі партыі былі В. Іваноўскі, І. Краскоўскі, А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, Я. Лёсік, С. Рак-Міхайлоўскі, A. Смоліч, Б. Тарашкевіч.
Праект праграмы БСДП складзены ў 1919 А. Смолічам. У адпаведнасці з вучэннем К. Маркса партыя лічыла, што пераход да сацыялізму магчымы толькі ў высокаразвітай краіне. Прызнаючы вучэнне аб класавай барацьбе, БСДП меркавала, што да сацыялізму можна прыйсці шляхам рэформ. He адмаўляючы ідэі дыктатуры пралетарыяту, члены БСДП лічылі, што ўстанаўленне палітычнай улады рабочага класа будзе магчыма толькі тады, калі ён складзе большасць насельніцтва і пераможа на дэмакратычных выбарах. У галіне сельскай гаспадаркі БСДП стаяла за нацыяналізацыю памешчыцкай, манастырскай і царкоўнай зямлі і перадачу яе беззямельным і малазямельным сялянам. Пры гэтым не выключала магчымасці выкупу памешчыцкай зямлі дзяржавай, што не пярэчыла вучэнню Маркса. Прапаноўвала перадаць сялянам зямлю ў пажыццёвае карыстанне з правам перадачы ў спадчыну. Партыя выступала за развіццё кааперацыі ў вёсцы. Яна лічыла, што кааперацыя рыхтуе рэальных практычных працаўнікоў і арганізатараў будучага сацыялістычнага ладу. Развіццё сельскай гаспадаркі разглядалася як неабходная ўмова развіцця прамысловасці. БСДП лічыла, што для сацыялізацыі вытворчасці на Беларусі яшчэ не было ўмоў, і папярэджвала, што неадкладная сацыялізацыя можа прывесці да «бюракратычнага сацыялізму», эканаммічнай катастрофы. У праекце праграмы прадугледжваўся комплекс эканамічных мер для барацьбы з эксплуатацыяй на вёсцы, а таксама меры сацыяльнай абароны рабочых. На думку эсдэкаў, усе рэформы можна ажыццявіць у свабоднай і дэмакратычнай краіне. БСДП прапаноўвала ўвесці ўсеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права з тайным галасаваннем, забяспечыць свабоду слова, друку, сходаў, партый, арганізацый, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, тайну перапіскі, аддзяленне царквы ад дзяржавы. Усе гэтыя меры павінны былі служыць вызваленню чалавека з паднявольнай адміністрацыйнай апекі. БСДП выступала за незалежнасць Беларусі як дэмакратычнай рэспублікі. Мэтай партыі было зрабіць свой народ паўнапраўным членам інтэрнацыянальнай сям'і. Эсдэкі былі ўпэўнены: вольны ад эксплуатацыі народ будзе выяўляць сваю творчасць у нацыянальных формах; задачай сацыялізму з'яўляецца не знішчэнне нацыянальных асаблівасцей, a іх культываванне; прагрэс павінен весці не да асіміляцыі народаў, a да найвышэйшай формы іх згоднага жыцця, да працоўнага інтэрнацыянала. Ваенныя падзеі перашкодзілі БСДП правесці ўстаноўчы з'езд і зацвердзіць праграму.
У БССР дзейнасць партыі была спынена арыштам яе актывістаў у сакавіку 1921. Я. Лёсік, А. Смоліч і інш. былі рэабілітаваны і працавалі ў навуковых і навучальных установах. У Заходняй Беларусі БСПД знаходзілася ў апазіцыі да польскага ўрада. Прытрымлівалася легальных, парламенцкіх форм барацьбы. Удзельнічала ў стварэнні Блока нацыянальных меншасцей, які на выбарах у сейм у лістападзе 1922 атрымаў 28% галасоў. У 1922 у БСДП аформілася больш левае крыло на чале з С. Рак-Міхайлоўскім — Беларуская партыя незалежных сацыялістаў (БПНС). Пазней да яе далучыўся Б. Тарашкевіч. У 1925 БПНС амаль цалкам злілася з КПЗБ. Ад БСДП засталася вузкая група інтэлігентаў на чале з A. Луцкевічам, які называў партыю штабам без арміі. Асноўныя прычыны распаду БСДП — практычная адсутнасць на Беларусі буйной прамысловасці і кваліфікаванага нацыянальнага рабочага класа, інжынерна-тэхнічнай інтэлігенцыі, палітычныя рэпрэсіі ў БССР, сацыяльная і нацыянальная палітыка польскага ўрада, якая штурхнула значную частку беларускіх сацыялістаў на шлях больш радыкальнай барацьбы, а таксама раскольніцкая дзейнасць у беларускім руху Камінтэрна, ВКП(б) і КП(б)Б.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сідарэвіч, А. М. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 408—409.