Перайсці да зместу

Беларускае Радыё Рацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Радыё Рацыя
Беларускае Радыё Рацыя
Горад Беласток
Краіна Польшча
Фармат Навінова-музычны
Музычны фармат Беларускамоўны
Частата 98,1 FM (Гродна), 99,2 FM (Брэст)
Час вяшчання кругласутачна
Зона вяшчання Захад Беларусі
Дата пачатку вяшчання 1999
Заснавальнік Беларускі саюз у Польшчы і Беларуская асацыяцыя журналістаў
Сайт www.racyja.com
Анлайн-трансляцыя racyja.com/player/online…
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Беларускае Радыё Рацыя — радыёстанцыя, якая вяшчае на беларускай мове на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы. Фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча. Вячшчае цягам сутак. У кірунку Беласток — Гродна на хвалі 98,1 FM, у кірунку Беласток — Брэст 99,2 FM. З верасня 2021 года доступ на сайт радыё у Беларусі заблакаваны[1].

Пра Радыё Рацыя

[правіць | правіць зыходнік]
Сядзіба Радыё Рацыя

Радыё Рацыя 1999—2002

[правіць | правіць зыходнік]

Праца па стварэнні радыё для Беларусі пачалася ў Польшчы ў 1997 годзе. У стварэнні радыёстанцыі ўдзельнічаў Беларускі саюз у Польшчы і Беларуская асацыяцыя журналістаў з Беларусі.

Назва Радыё «Рацыя» (выкарыстоўваецца як брэнд) прыдумана камандай зачыненага беларускімі ўладамі Радыё 101,2, ядро якога складала былая «Беларуская маладзёжная». У аснове быў жарт-байка, што людзі апасліва азіраліся, калі чулі выраз «ён мае рацыю», бо ўспрымалі яго не як «слушна», а як наяўнасць побач кагосьці з міліцэйскай рацыяй, т.б. небяспечную сітуацыю ва ўмовах апазіцыйных акцый канца 1990-х — пачатку 2000-х гадоў у Беларусі.

Радыё «Рацыя» выйшла ў эфір 3 кастрычніка 1999 года на кароткіх хвалях з праграмай, запісанай у мінскай студыі. Вяшчанне на FM-хвалях з беластоцкай студыі ў 1999—2002 гадах ажыццяўляла асобная рэдакцыя, якая складалася з грамадзян Пол��шчы, менавіта імі было зарэгістравана радыё беларускай меншасці ў Польшчы з назвай Радыё «Рацыя».

Вяшчанне Радыё «Рацыя» на Беларусь вялося з Польшчы. Першыя перадачы, запісаныя ў тэхнічна вельмі складаных умовах мінскай студыі, перавозілі ў Варшаву на дысках. Праз некалькі месяцаў была абсталяваная студыя ў Варшаве, куды вядучыя праграм і гукарэжысёры ездзілі па чарзе на дзяжурства з Мінска.

Радыё «Рацыя» штодзённа забяспечвала 5 гадзін арыгінальнага эфіру. Перадачы складаліся з навін і сюжэтаў на актуальныя тэмы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі, інтэрв’ю, рэпартажаў, а таксама аўтарскіх праграм. На FM-хвалях беластоцкая рэдакцыя «Рацыі» трансліравала музыку, навіны і рэтрансліравала перадачы, падрыхтаваныя мінска-варшаўскай рэдакцыяй для вяшчання на Беларусь.

На кароткіх хвалях Радыё «Рацыя» трансліравалася на Беларусь з перадатчыка пад Варшавай. На кароткіх хвалях сігнал трансліраваўся на частаце 105,5 FM з перадатчыка ў Беластоку на горад і бліжэйшыя ваколіцы. Перадачы Радыё «Рацыя» таксама рэтрансліраваліся на сярэдніх хвалях (з 2001), на «Балтыйскіх хвалях», а таксама — часткова — уключаліся ў праграмы Беларускай рэдакцыі Польскага радыё.

Рэдакцыя радыё «Рацыя», якая рыхтавала перадачы на Беларусь: Жанна Літвіна, Зміцер Новікаў, Юрась Карманаў, Іна Студзінская, Галіна Абакунчык, Вольга Бабак, Алена Белапольская, Юрась Бушлякоў, Алесь Дашчынскі, Галіна Жарко, Гена Кеснер, Севярын Квяткоўскі, Юлія Шарова, Алесь Хмяльніцкі, Зміцер Васількоў, Анатоль Додзь, Юрась Трашчынскі, Уладзя Сакульскі, Павел Курза.

Аўтарскія праграмы: «Квадракола» (Лявон Вольскі), «Бабілонская Бібліятэка» (Юрась Бушлякоў), «Галерэя Кліо» (Уладзімір Арлоў), «Прарок» (Кася Камоцкая), «Бумеранг. Гісторыя антысавецкага супраціву» (Алена Арэшка), «Кантэкст. Рэфлексіі з нагоды мінулага тыдня» (Паўлюк Быкоўскі).

Апошняя праграма прагучала 31 мая 2002 года ў сувязі фінансавым становішчам кампаніі Racja Sp. z o.o. і банкруцтвам яе восенню гэтага ж года[2]. Інтэрнэт старонка Радыё «Рацыя» абнаўлялася да канца 2002 года.

Радыё Рацыя 2006—2008

[правіць | правіць зыходнік]

15 лютага 2006 быў створаны Беларускі інфармацыйны цэнтр у Беластоку, які стварыў новую радыёстанцыю пад брэндам Радыё «Рацыя». 22 лютага ў эфір выйшаў першы двухгадзінны інфармацыйна-публіцыстычны блок на сярэдняй хвалі з перадатчыка вялікай магутнасці пад Катавіцамі. «Вы слухаеце Радыё „Рацыя“ — голас свабоднай Беларусі, радыё, якое для беларусаў робяць беларусы ў вольным свеце», — менавіта гэтымі словамі пачаўся абноўлены эфір.

З 27 красавіка 2006 на FM-частаце выходзіць у эфір кругласутачная праграма з перадатчыка ў Беластоку. З 1 чэрвеня Радыё Рацыя выпускае сваю праграму на сярэдняй хвалі з перадатчыкаў у Вільні, а з 1 жніўня — у Каўнасе. У эфірнай сетцы пераважаюць інфармацыйна-публіцыстычнай праграмы, штодзённа трансліруюцца карэспандэнцыі з Беларусі, якія змяшчаюць шырокі спектр палітычнай, гаспадарчай, грамадскай і культурнай інфармацыі.

У ліпені 2006 г. Беларускае Радыё Рацыя пачало кругласутачнае вяшчанне ў Інтэрнэце. Летам 2007 года рашэннем нацыянальнай Рады па тэлебачанні і радыёвяшчанні Польшчы частата 105,1 FM станцыі, якая ахоплівала толькі Беласток, была замененая на частату 98,1 FM (з перадатчыка ў Крыніцай пад Беластокам у магутнасцю 35 kW) якая зараз ахоплівае значную частку Гарадзеншчыны: Гродна, Шчучын, Ваўкавыск, Масты, Бераставіца, а таксама частку Берасцейшчыны. На той жа частоце 98,1 FM ахоплена таксама ўся тая частка Беласточчыны на якой пражывае беларуская нацыянальная меншасць.

У лістападзе 2009 года Беларускае Радыё Рацыя распачало вяшчаць на частоце 99,2 FM з Белай-Падляшскай (ахапіўшы Брэст і памежную тэрыторыю) у кірунку Высокага — Маларыты. Такім чынам Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца першым незалежным трансгранічным беларускім радыё ў абсягу якога знаходзіцца ўся Польска-Беларуская мяжа. Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца першым кругласутачным незалежным вяшчаннем якое дае магчымасць слухаць радыё звыш 1,5 млн слухачоў па абодвух баказ мяжы. Слухачамі Радыё Рацыя з’яўляюцца таксама турысты, кіроўцы аўтамабіляў з усёй Беларусі перасякаючыя польска-беларускую мяжу на пераходах: Кузніца-Брузгі, Баброўнікі-Бераставіца, Палоўцы-Пяшчатка, Цярэспаль-Брэст.

У гадах 1998—2002 у склад кіраўніцтва Радыё Рацыі ўваходзілі: Яўген Вапа (старшыня ўправы), (Жана Літвіна і Віктар Стахвюк намеснікі старшыні ўправы). Прадстаўнікамі ўласніцкай структуры з’яўляліся: Алег Латышонак (як прадстаўнік Беларускага саюза ў Польшчы) і Зміцер Новікаў (як прадстаўнік журналісцкага асяроддзя Беларусі).

У 2006 годзе ў выглядзе Беларускага інфармацыйнага цэнтра было абноўлена Беларускае Радыё Рацыя, якое ўзначаліў Яўген Вапа. З восені 2006 года да канца сакавіка 2008 года Радыё Рацыя кіраваў Віктар Стахвюк. З мая 2008 года пасаду праграмнага дырэктара Радыё Рацыя заняў радыёжурналіст Яраслаў Іванюк.

Радыё Рацыя сёння

[правіць | правіць зыходнік]
Сядзіба Радыё Рацыя

2008 год для Рацыі пачаўся з сур’ёзных праблем — ціск з боку КДБ на журналістаў, правакацыі. У сакавіку 2008 года цягам некалькі дзён журналісты Рацыі былі пад моцным ціскам з боку ўладаў. Адбыўся разгром студыі Радыё Рацыі ў Мінску.

Летам 2008 года некалькі журналістаў Рацыі звальняюцца, заяўляючы аб немагчымасці працы на радыё.

Пасля ўсіх гэтых падзеяў на Рацыі пачынаецца стабілізацыя творчай і адміністрацыйнай дзейнасці.

За ўвесь час сваёй працы журналістам Радыё Рацыя МЗС Беларусі адмаўляе ў акрэдытацыі, што выклікае папярэджанні адміністрацыйнага характару з боку пракуратуры і КДБ.

У 2009 годзе пачынаецца вяшчанне на Брэст на хвалі 99,2 FM.

У 2010 годзе калектыў радыё папаўняецца новымі асобамі: Яўген Івін, Улад Грынеўскі, Мікола Бянько, Генадзь Барбарыч, Юлія Сівец.

У 2021 годзе станцыя правяла вялікую мадэрнізацыю абсталявання, дазволіўшы значна падвысіць тэхнічную якасць вяшчання.

У лютым 2022 года беларуская Генеральная пракуратура абвясціла матэрыялы сайта «Радыё „Рацыя“» экстрэмісцкімі[3]. У кастрычніку 2023 года экстрэмісцкімі прызналі Telegram-канал радыё і яго старонку на Facebook, а таксама іх лагатыпы[4]. У студзені 2024 года КДБ абвясціў радыё экстрэмісцкім фарміраваннем[5]. За стварэнне такога фарміравання і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасць[6].

Студыя Радыё Рацыя

Адміністрыцыя:

  • Яўген Вапа — старшыня ўправы суполкі, галоўны рэдактар.
  • Юрка Ляшчынскі — праграмны дырэктар.
  • Віктар Разін — кіруючы па справах тэхнічна-вяшчальных.
  • Марцін Рэмбач — дырэктар па справах прамоцыі і развіцця радыё.
  • Віктар Сазонаў — прамоцыя радыё.
  • Арнольд Точыскі — прамоцыя радыё.
  • Пётр Янкоўскі — намеснік старшыні суполкі ўправы па эканамічна-адміністрацыйных справах.

Журналісты і аўтары:

  • Міхал Андрасюк — звольніўся ў снежні 2010 года. Працаваў у якасці — журналіста, ді-джэя, аўтара перадачы «Ці можна жыць без?», вядучы «Падляскага канцэрта па жаданнях».
  • Алесь Аркуш — аўтар праграмы «Жыццё з літаратурай», адказны за сайт.
  • Уладзімір Арлоў — аўтар праграмы «Адкуль наш род».
  • Кастусь Бандарук — аўтар праграмы «Крыначка» і «Каментара».
  • Генадзь Барбарыч — журналіст.
  • Аляксандр Каверкаў і Таццяна Парашунтава — аўтары праграмы «Пункціры».
  • Эля Бура — аўтар праграмы «Казкі малышам».
  • Мікола Бянько — журналіст.
  • Ганна Васілевіч — журналістка.
  • Мілана Вераснёва — аўтар праграмы «Музычны веер», «Таямніцы імёнаў», ді-джэй.
  • Зміцер Вайцюшкевіч і Максім Жбанкоў — аўтары праграмы «Мачо-клуб».
  • Барыс Гарэцкі — журналіст, суаўтар праграмы з Наталляй Якавенка «Палітыка дэ-факта»
  • Наталля Герасімюк — аўтар праграмы «Культурнае бязмежжа…», журналістка, штодня вядзе культурную афішу.
  • Яўген Івін — журналіст, вядучы праграмы «Аўта-топ», агляд спартыўных навін.
  • Алесь Зайцаў — журналіст.
  • Таццяна Заміроўская — аўтар праграмы «Ад джаза да Баха».
  • Яна Запольская — аўтар праграмы «Шчыра за гарбатаю», «Агляд беларускага інтэрнэта», вядзе «Акно ў Еўропу» журналістка.
  • Элона Карпюк — аўтар праграмы «Словы з музыкай», ді-джэй.
  • Алесь Краўцэвіч — аўтар праграм «Спакон вякоў», «Дэмакратыя без рэтушы».
  • Зміцер Косцін — журналіст, аўтар праграм «Акно ў Еўропу», «З Бацькаўшчынай у сэрцы», вядучы «Падляшскага канцэрта пажаданняў»
  • Віктар Парфёненка — журналіст.
  • Улад Грынеўскі — журналіст.
  • Валя Лаеўская — журналістка.
  • Кірыл Смяглікаў — аўтар праграмы «Кіна прэм’ера», «Інтэлектуальная сфера», ді-джэй.
  • Сяргей Сыс і Алена Лапцёнак — аўтары праваабарончай праграмы «Людзьмі звацца».
  • Алег Хаменка — вядучы праграм «Радыё Тузін хітоў», «Фолк-брама».
  • Уладзімір Хільмановіч — аўтар праграмы «Краязнаўчыя кропкі», «Імёны Гародні» у суаўтарстве з Андрэям Чарнякевічам, агляд спартыўных навін.
  • Ганна Шайкоўская — журналістка, вядучая «Падляшскага канцэрта пажаданняў».
  • dj zona — аўтар праграмы «Сусветны хіт», «Басовішча на заўсёды».

Супрацоўнікі:

  • Галіна Беденічук — сакратар.
  • Альжбэта Тышук — бухгалтэр.
  • Кшыштаф Ангельчык — тэхнічная база,
  • dj zona — тэхнічная база, гукач.
  • Яўген Маліноўскі — тэхнічная база,
  • Стэфан Свярубскі — тэхнічная база.
  • Віктар Стахвюк — вяшчальна-тэхнічны кансультант управы.
Студыя Радыё Рацыя

1 кастрычніка 2009 года ў Беластоку ў свае 40 год памірае Альгерд Невяроўскі. Працаваў журналістам у Беластоку, выпускаў навіны, рыхтаваў матэрыялы і вёў аўта-перадачу. Да працы на Радыё Рацыя працаваў доўгі час на Радыё Свабода, супрацоўнічаў з СМІ Расіі і Польшчы. Пахаваны ў Мінску.

Госці Радыё Рацыя

[правіць | правіць зыходнік]

Гасцямі Радыё Рацыя ад моманту яе абнаўлення 2006 год былі дзесяткі, калі не сотні вядомых асоб, пачынаючы ад дзяржаўных дзеячаў Беларусі, Польшчы, Літвы і канчаючы прадстаўнікамі грамады Беларусі.

Штодня на хвалях Рацыі можна пачуць міністраў, дэпутатаў, юрыстаў, праваабаронцаў, сенатараў і проста выбітных людзей. Дзякуючы Рацыі можна адсочваць важнейшыя падзеі разам з каментарамі і прадамі ад Зянона Пазняка, Станіслава Шушкевіча, Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Казуліна, Сяргея Калякіна, так і дзяржаўных асоб Беларусі Паўла Латушкі, Віктара Гайсёнка і інш.

У Рацыі ёсць і «сябры», якіх можна пачуць часцей іншых, якія даюць свае прагнозы, каментары ў асноўным, гэта палітолагі, якія гатовыя прадставіць слухачам радыё аб’ектыўную інфармацыю.

Перадачы Радыё Рацыя

[правіць | правіць зыходнік]

Музыка тыдня

Аўтар: Сяргей Будкін

Цягам гадзіны ў праграме — самыя гарачыя навіны беларускай музычнай сцэны, апошнія айчынныя рэлізы і лідары продажаў, музычныя рарытэты і хіты на ўсе часы. Перадача разбітая на некалькі рубрыкаў — «Канцэрт тыдня», «Песьня тыдня», «Альбом тыдня», «Скандал тыдня», «Імяніннік тыдня» і інш. Будзьце ў курсе і слухайце беларускае!

Жывая чытанка

Аўтар: Сяргей Будкін

«Жывая чытанка» — літаратурна-музычны праект Радыё Рацыя. З навінкамі беларускай літаратуры слухачоў знаёмяць самі аўтары твораў — паэты, пісьменнікі, публіцысты. Героі «Жывой чытанкі» самі абіраюць месца чытання і самі замаўляюць музыку. У «Жывой чытанцы» свае творы агучылі Уладзімір Арлоў і Святлана Аляксіевіч, Андрэй Хадановіч і Наталка Бабіна, Леанід Дранько-Майсюк і Павел Севярынец…

Краязнаўчыя кропкі

Аўтар: Уладзімір Хільмановіч

Калі вам хочацца адчуць старасвецкі дух ранейшай Беларусі, той Беларусі, якая напэўна ўжо адышла ў нябыт, вам варта наведаць мястэчка Гальшаны. Ад самой назвы ўжо нібы патыхае сівой даўніной. І сапраўды пачаткі Гальшанаў сягаюць у тыя часы, калі на нашай зямлі валадарылі напаўлегендарныя князі, што закладалі падмуркі ВКЛ.

Басовішча назаўсёды!

Аўтар: DJ Zona

Фестываль Музыкі Маладой Беларусі БАСОВІШЧА адбыўаецца адзін раз у год. Незабыўная атмасфера і добрая музыка. Як змагацца з чаканнем наступнага канцэрта? Найлепш уключыць Радыё Рацья ў пятніцу а поўначы — тады якраз зможаце пачуць рэтрансляцыю канцэртаў якія ўдалося нам запісаць падчас фестывалю БАСОВІШЧА. DJ Zona запрашае выслухаць размовы з музыкамі — іх выступы, а таксама архіўныя канцэрты з мінулых гадоў.

Культурнае бязмежжа…

Аўтар: Наталля Герасімюк

Межы бываюць розныя — дзяржаўныя, палітычныя, фізічныя і віртуальныя. Межам падапарадкоўваецца амаль усё. Амаль, бо не ўсё можна абмежаваць, закрыць, уціснуць у пэўны абшар. Музыка, літаратура, мастацтва і наогул культура межам не падпарадкоўваюцца — тут проста бязмежжа. Культурнае бязмежжа — безкрэс, воля, свабода і поўная неабмежаванасць. Гутаркі пра культуру памежжа-бязмежжа ў аўтарскай праграме Наталлі Герасімюк — «Культурнае бязмежжа». Культурнае Бязмежжа на Радыё Рацыя ў пятніцу а 15:10 і ў суботу а 08:10.

Жыццё з літаратурай

Аўтар: Алесь Аркуш

Калі вы хочаце адрозніваць Алеся Адамовіча ад Андрэя Адамовіча, калі хочаце ведаць чаму Альгерд Бахарэвіч друкуе кнігі выключна ў выдавецтве Логвінава і чаму нельга атрымаць два разы літаратурную прэмію Гліняны Вялес… Калі вам не пашанцавала і вы яшчэ не купілі аўдыёкнігу Уладзіміра Арлова, калі вы не патрапілі на вечарыну Андрэя Хадановіча, калі не здолелі расшукаць апошні нумар часопіса «Дзеяслоў», не трэба ачайвацца — слухайце аўтарскую перадачу Алеся Аркуша «Жыццё з літаратурай» і вы будзе ў курсе ўсіх беларускіх літаратурных падзеяў. Жыць без літаратуры можна… Але ці варта? Кожны чацвер а 15:05 і а 00:05

Словы з музыкай

Аўтар: Ілёна Карпюк

Жыццё складаецца з двох пластаў: слоў і музыкі. Шум дрэў гэта ўжо музыка, размова гэта вынік абмену слоў. Бывае, што адно з другім зыходзіцца, калі адмыслова — паўстае песня. Песні, песенькі, прыпевы, кампазіцыі — усе формы можна сустрэць у праграме «Словы з музыкай». Няма тут ніякіх межаў, ні стылістычных, ні фармальных. Хаця асновай заўсёды будзе аўтарская песня як першапачатковая, асноўная, самая простая ў форме, але не па змесце, то побач яе можна пачуць соўл, джаз, рок, блюз і іх усялякія варыянты. Не забываем пра актуальныя падзеі ў канцэртным і фестывальным жыцці, рэляцыі, размовы, каментары, жывы кантакт са словам і музыкай. З асаблівай уважлівасцю сочым таксама за беларускім словам у музыцы. Усё пад лозунгам настрою і людской камунікацыі, бо чым з’яўляецца песня без слухачоў. «Словы з музыкай» чакаюць Вас кожную пятніцу, 19.05 па польскім часе і 20.05 па беларускім, а я чакаю Вашых галасоў у сваёй музычнай вёсцы па адрасе: ilovillage@gmail.com і на Skype па логіне: basovka10

Пункціры

Аўтар: Таццяна Парашутава, Аляксандр Каверкаў

«Пункціры» — штотыднёвая паліфалагічна-сатырыстычная праграма ў стылі «інфармацыйны арт». Асновай выпускаў «Пункціраў» з’яўляюцца найбольш рэзанансныя падзеі тыдня з пункта гледжання харызматычных вядучых Аляксандра Каверкава і Таццяны Парашунтавай. Ацэнка персаналіяў і з’яў адбываецца з пазіцыі посткаланіяльнага сцёбу і публіцыстычнага экстрэмізму. У кожным выпуску «Пункціраў» аўтары разважаюць наконт бягучай сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне, а таксама займаюцца вельмі няўдзячнай справай — прагназаваннем. Праўда, футуралагічныя высновы робяцца вельмі асцярожна, таму што беларуская палітыка — з’ява малапрадказальная, бо матывацыя яе асноўных актараў цяжка ўпісваецца ў рацыянальныя тлумачальныя схемы і ўцямныя канцэпцыі. Героі праграмы не маюць дачынення да сапраўдных асоб, усе супадзенні маюць выпадковы характар.

З Бацькаўшчынай у сэрцы

Аўтар: Зміцер Косцін

З Бацькаўшчынай у сэрцы — сумесны праект Радыё Рацыі і Грамадcкага Абяднання Згуртаванне беларусаў свету Бацькаўшчына. Гэта спроба аднавіць повязь раскіданых па свеце сыноў і дачок. З Бацькаўшчынай у сэрцы — гэта магчымасць даведацца пра беларускае жыццё і беларусаў, якія апынуліся па-за межамі Радзімы і не згубілі з ёй сувязь. Слухайце штосуботы ў 16.30 і штонядзелі 12.30 па беларускім часе.

Імёны Еўропы

Аўтар: Уладзімір Давыдоўскі

Гістарычная перадача на Радыё Рацыя. Заўсёды ў суботу а 14:30 і ў нядзелю а 23:30 па беларускім часе. Ян Сабескі, Мікола Гусоўскі, Канстанцін Астрожскі і Мікалай Крыштаф Радзівіл — постаці нашага слаўнага мінулага. Іх імёны гэтак жа значныя для кожнага еўрапейца як і еўрапейскія хрысціянскія каштоўнасці для беларусаў. Нашыя продкі выступілі на іх абарону ў сярэднявечнай бітве за Вену. А потым не аднойчы ахвяравалі сабой за ідэалы свабоды, незалежнасці і дэмакратыі. За ідэалы сучаснай Еўропы. Пра людзей і справы, якія нас аб’ядноўваюць, — кожную суботу ў праграме «Імёны Еўропы».

Вынікі тыдня

Аўтар: Сяргей Скулавец

Якімі падзеямі мінулымі тыдзень увойдзе ў гісторыю? Усё пра найбольш важнае, актуальнае і значанае. Разважанні аналітыкаў і паведамленні з вуснаў відавочцаў і ўдзельнікаў. Абмеркаванне з экспертамі і высвятленне матываў і непасрэдных прычын падзеяў. Палітыка, эканоміка, грамадства, культура: у аснове ўсе аспекты грамдаскага жыцця. Вынікі тыдня: для ўсіх, хто жадае не толькі ведаць, але і разумець сутнасць падзеяў!

Радыё Тузін

Аўтар: Алег Хаменка

Радыё Тузін"- радыёверсія галоўнага беларускага музычнага гіт-параду. Радыё Тузін — порцыя самай свежай і актуальнай беларускай музыкі. Вядучы — Алег Хаменка. Самыя папулярныя беларускія песні тыдня слухаем разам з Алегам Хаменкам.

Падляшскі тыдзень

Аўтар: Міхась Сцепанюк

У праграме асвятляюцца падзеі, якія адбыліся на Падляшшы цягам тыдня, галоўным чынам гэта грамадска-культурныя тэмы. Падзеі, якія датычаць нацыянальных меншасцей, што пражываюць на Падляшшы, а таксама ўсё, што з імі звязана. Вядучымі тэмамі праграмы з’яўляюцца тыя падзеі, якія непасрэдна датычаць жыхароў рэгіёну. Шматбакова асвятляюцца культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы, інвестыцыйныя планы мясцовых уладаў, важнейшыя змены ў органах улады, а таксам клопаты грамадзян і іх патрэбы.

Шчыра за гарбатай альбо з Рацыяй у гасцях

Аўтар: Яна Запольская

Цікавыя асобы, іх творчы шлях, жыццёвыя прынцыпы і стаўленне да людзей, мары і першае каханне. Пра ўсё гэта пагутарым шчыра, седзячы на канапе з кубачкам гарбаты ў руках. Нязмушаная хатняя абстаноўка і ціхая музыка… Што можа быць лепш для шчырай размовы на самыя розныя тэмы? Адпачніце ад хатніх спраў і жыццёвых праблем. Кожную суботу ў 8.10 і кожную нядзелю ў 13.10 па беларускім часе запрашаем у госці да вядомых асоб і цікавых суразмоўцаў.

Казкі Малышам

Аўтар: Эля Бура

Дзіцячая перадача на Радыё Рацыя

PRESS-EXPRESS

Аўтар: Сяргей Скулавец

Наша жыццё на старонках выданняў Беларусі, якім чынам журналісты асвятляюць тыя ці іншыя падзеі і якія меркаванні выданняў найбольш цікавыя і грунтоўныя. Галоўныя артыкулы і асноўныя меркаванні ў дзяржаўных і недзяржаўных выданнях. Параўненне па зместу і знешняму выгляду беларускіх газет. Пра ўсё гэта ў супольным праекце Радыё Рацыя і тэлеканала Белсат «Прэс-Экспрэс»

Крыначка

Аўтар: Кастусь Бандарук

Духоўная перадача Крыначка кранае тэмы праваслаўя ў Польшчы, Беларусі і за мяжой. На хвалях Радыё Рацья выходзіць раз у тыдзень, у нядзелю. У перадачы кожны тыдзень — кароткія навіны з жыцця царквы. За імі каляндар святаў на надыходзячы тыдзень.

Радыё Рацыя ў Літве

[правіць | правіць зыходнік]

З 1 верасня 2009 года пачалася трансляцыя інфармацыйна-публіцыстычнай праграмы з 21.30 па 22.00 гадзіны (мінскі час) на хвалі Радыё з-над Віліі 103,8 ФМ. Штодзённа на працягу паловы гадзіны навіны і абмеркаванне асноўных падзей дня, якія асвятляюць журналісты Радыё Рацыя.

Перадачы «Рацыя» у літоўскім FM-этэры можна чуць у Лідзе, Паставах, Ашмянах штодзённа.

Радыё Рацыя ў рэгіёнах

[правіць | правіць зыходнік]

Рацыя мае свае прадстаўніцтва ў Брэсце, Бярозе (Ганна Васілевіч), Гродна (Ян Роман), Мінску (Барыс Гарэцкі, Генадзь Барбарыч), Гомелі (Мікола Бянько, Юлія Савец).

Радыё Рацыя ў эфіры

[правіць | правіць зыходнік]
Студыя Радыё Рацыя

На сённяшні дзень Рацыю можна пачуць на памежным регіёне (Брэст, Гродна) на хвалі 98,1 FM. Эфір радыё крыгласутачны. Навіны Радыё Рацыя кожную гадзіну: ад 07:00 да 00:00 у будзённыя дні і ад 09:00 да 23:00 па суботах і нядзелях. Эфір прадстаўляюць Улад Грынеўскі. Навіны слухачы чуюць голасам Валі Лаеўскай, Яны Запольскай, Ганны Шайкоўскай.

Эфір беларускамоўны, з боку вяшчання, а з боку музыкі, то беларускамоўнай музыкі 85 %.

Радыё Рацыя ў Сеціве

[правіць | правіць зыходнік]

Радыё Рацыя магчыма чуць кругласутачна і праз Сеціва, для гэтага трэба завітаць на афіцыйную старонку радыё (www.racyja.com) і выбраць адпаведныя функцыі. Сайт абнаўляецца: ад 08:00 да 23:00 у будні і ад 11:00 да 18:00 у выходныя. Мабільны дадатак з’явіўся ў 2015 годзе[7]. Адрас для праслухоўвання ў Сеціве — https://air.racyja.com/racja128

Моўнае пытанне Рацыі

[правіць | правіць зыходнік]

У 2007 годзе было вырашына, што Радыё Рацыя карыстаецца наркамаўкай. Тады, гэта выклікала пэўнае непаразуменне з боку грамады, але як паказаў час, то гэта быў правільны выбар.

Радыё Рацыя: спонсар і партнёр

[правіць | правіць зыходнік]

З самога пачатку Радыё Рацыя выступіла як інфармацыйны спонсар і партнёр. Але толькі ў часы вяртання (з 2006) Рацыя больш пашырыла сваю спонсарскую падтрымку. Як інфармацыйны партнёр Беларускае Радыё Рацыя патрымлівае: грамадскую кампанію «Будзьма беларусамі!», штогод сумесна з Беларускім аб’яднаннем студэнтаў (БАС) ладзіць маладзёжны фестываль «Басовішча», падтрымлівае інфармацыйна шматлікія грамадска-асветніцкія акцыі Маладога Фронту і іншых грамадскіх аб’яднанняў і партый. Падрымлівае розные канцэрты, у гэтым годзе ў прамым вяшчані выпускала «Амбасовішча», «Басовішча» і інш. Вялікі ўнёс Рацыі сумесна з тыднёвікам беларусаў у Польшчы «Ніва» у развіццё выдавецтва кніг пра малавядомыя падзеі, успаміны розных дзеячаў і інш. Акрамя гэтага, сотні іншых, больш малых праектаў.

Задачы і мэты Рацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе і свеце. Інфармацыя, якую транслюе Беларускае Радые Рацыя, заўсёды аператыўная, правераная і на беларускай мове. Радыё імкнецца да таго, каб яно было чутна па ўсёй тэрыторыі Беларусі, каб кожны грамадзянін гэтай краіны меў магчымасць атрымаць незалежную інфармацыю.

15-472 Беласток, вул. Цепла 1/7. Skype: racyja.

  1. У Беларусі заблакавалі сайт «Радыё Рацыя» . Будзьма беларусамі! (6 верасня 2021). Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2021. Праверана 6 верасня 2021.
  2. Biener, Hansjörg. Radio for Peace, Democracy and Human Rights (англ.)(недаступная спасылка). Універсітэт Эрлангена — Нюрнберга (2009). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2017. Праверана 3 красавіка 2020.
  3. Сайты «Радыё «Рацыя», «Хартыі-97» і прафсаюза РЭП прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Новы Час (25 лютага 2022). Праверана 26 чэрвеня 2022.
  4. Тэлеграм-канал Хадановіча прызналі экстрэмісцкім. Наша Ніва (31 кастрычніка 2023).
  5. «Радыё Рацыя» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Наша Ніва (23 студзеня 2024).
  6. «Белсат» — экстрэмісцкае фарміраванне. Што гэта значыць для іх аўдыторыі?. Наша Ніва (3 лістапада 2021). Праверана 12 студзеня 2022.
  7. Tuzin.fm. «Радыё Тузін» цяпер можна слухаць з дапамогай мабільнага дадатку (спампаваць) . Тузін Гітоў (30 кастрычніка 2015). Архівавана з першакрыніцы 5 красавіка 2020. Праверана 5 красавіка 2020.