Багуслаў Казімір Агінскі
Багуслаў Казімір Агінскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Пераемнік | Мікалай Забе��а[d] | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 1669 | ||||||
Смерць | 1730[1][2] | ||||||
Род | Агінскія[3] | ||||||
Бацька | Шыман Караль Агінскі[4] | ||||||
Маці | Тэадора з Корсакаў[d][5] | ||||||
Жонка | Палідора Аўрора з Урангеляў[d][6], Альжбета з Эперыяшы[d][2] і Ганна Дарота з Уніхоўскіх[d][7][8][…] | ||||||
Дзеці | Караль Агінскі[d][9] і Тэадора з Агінскіх[9] |
Багуслаў Казімір Агінскі (каля 1669 — 1730) — вялікалітоўскі вайсковы і дзяржаўны дзеяч. Маршалак земскі ковенскі (1701—1730), вялікі стольнік літоўскі (1704—1709). Староста бабінавіцкі (да 1687 — да 1693), дарсунішскі (да 1693—1730).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў са старэйшай княжацкай лініі роду Агінскіх, сын Шымана Караля і Тэадоры з Корсакаў. Брат Марцыяна Міхала. Як і іншыя князі Агінскія пісаўся «з Казельска».
Упершыню згадваецца ў чэрвені 1687 года як староста бабінавіцкі, з гэтым урадам згадваецца і ў 1691 годзе. Паводле Урускага, у 1693 годзе быў старостам дарсунішскім, у 1697 годзе з гэтым урадам падпісаў элекцыю каралём Аўгуста Моцнага. Невядома роля Багуслава Казіміра ў антысапяжанскім лагеры падчас грамадзянскай вайны ў Княстве, хаця, як і малодшы брат Марцыян Міхал, браў удзел у бітве пры Алькеніках (18.11.1700). У 1701 годзе атрымаў урад маршалка земскага ковенскага, які трымаў да смерці. У 1702 годзе меў панцырную харугву.
Займаў даволі паслядоўную праветынскую пазіцыю. Галоўны з’езд Княства, які пачаўся 5.3.1703 года ў Вільні, абраў яго сярод вялікалітоўскіх паслоў з боку Аўгуста Моцнага. Падпісаў акт з’езда і пасольскія інструкцыі як маршалак і камісар ковенскі, староста дарсунішскі. Як ковенскі пасол браў удзел у Люб��інскім сойме 1703 года, быў абраны ў групу дэпутатаў з каралеўскага боку. У 1704 годзе атрымаў урад вялікага стольніка літоўскага, замест Ежы Сапегі, які «здрадзіў Аўгусту», але да 1709 года мусіў саступіць урад Сапегу.
Пазнейшая дзейнасць Багуслава Казіміра малавядомая. Як ковенскі пасол удзельнічаў ў Вальнай радзе ў Варшаве ў 1710 годзе, у прамове 17 сакавіка патрабаваў каб Аўгуст не даваў урадаў у Княстве асобам з Кароны, прасіў прыкласці намаганні для вызвалення Міхала Сервацыя Вішнявецкага з расійскага палону, раіў амніставаць прыхільнікаў Швецыі, каб такім чынам прыцягнуць на каралеўскі бок. Падпісаў падтрымку Сандамірскай канфедэрацыі.
У наступныя гады шматкроць быў паслом ад Ковенскага павета. У тым ліку на Гродзенскім сейме ў 1718 годзе, на сейме 1724 года абраны у групу дэпутатаў для перамоваў з міністрамі замежных двароў да часу новага сейма. На сейме 1726 года абраны ў склад камісіі для перамоў з венскім дваром, а таксама прызначаны камісарам для рэвізіі ў Жамойці падаткаў — гіберны, чопавага, шэляжнага і пагалоўнага яўрэйскага. Пад канец жыцця меў з невядомай прычыны працяглае і цяжкае разбіральніцтва з Мікалаем Забелам, пазнейшым ковенскім маршалкам.
За жыццё не сабраў значных добраў. З 1701 года разам з братамі Марцыянам Міхалам і Аляксандрам, старостам усвяцкім, меў працяглае разбіральніцтва з Лаўрынам Юшынскім, падчашым падольскім, за маёнтак Лёзна ў Аршанскім павеце. Частка маёнтка ў 1699 годзе была застаўлена Марцыяну Міхалу яго мачахай Тэрэзай Вайнянкай-Ясянецкай, а большая частка ў 1700/1701 гадах была ў заставе Юшынскага, якога браты Агінскія, разам і паасобку, гвалтам выбілі з заставы ў красавіку 1701 года. Урэшце, у кастрычніку 1705 года, Лёзна перайшло ва ўладанне Багуслава Казіміра, калі мачаха Вайнянка-Ясянецкая аддала яму маёнтак за 10000 талераў. Аднак, пасля 1721 года большая частка Лёзна належала Марцыяну Міхалу, які, напэўна, заплаціў за яго Багуславу Казіміру.
У жніўні 1717 года, пасля смерці сына Караля, Багуслаў Казімір вымусіў нявестку Рахіль Тэрэзу з Выгоўскіх (узяла другі шлюб з Антоніем Казімірам Сапегам, старостам мерацкім), адмовіцца ад Дарсунішскага староства, перадаўшы яго свайму сыну Юзафу з каралеўскай згоды. У 1720 годзе Багуслаў Казімір скардзіўся, што валодае маёнткам Лаздуны, але «з усіх бакоў пакрыўджаны». Таксама меў спрэчку з Антоніем Казімірам Сапегам за Стравенікі.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Тройчы быў жанаты, з Палідорай Аўрорай з Урангеляў, Альжбетай Эсперыяшанкай і Ганнай Даротай з Уніхоўскіх (пам. 1736).
У шлюбе з Палідорай Аўрорай меў дачку Тэадору, напэўна, у шлюбе з Альжбетай — сына Караля (пам. да жніўня 1717). Таксама меў яшчэ адну дачку невядомую імем.
Зноскі
- ↑ https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/boguslaw-kazimierz-oginski-ur-ok-1669-zm-1730-stolnik-litewski
- ↑ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 319.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 318–320.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 316–317, 318.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 317, 318.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 318.
- ↑ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. II, Województwo trockie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. A. Rachuba — Warszawa: Wydawnictwo DiG, 2007. — С. 173. — 687 с. — ISBN 978-83-7181-453-2
- ↑ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. V, Ziemia połocka i województwo połockie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. Г. Люлевіч — Warszawa: 2018. — С. 129. — ISBN 978-83-65880-49-9
- ↑ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 319, 320.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Andrzej Link-Lenczowski Ogiński Bogusław Kazimierz // Polski Słownik Biograficzny. — T. XXIII — 1978.