Перайсці да зместу

Антоні Касакоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антоні Касакоўскі
польск.: Antoni Kossakowski
Слепаўрон
Слепаўрон
кашталян інфлянцкі
1789 — 1795
Папярэднік Ян Маер

Нараджэнне 1735[1]
Смерць 25 верасня 1798(1798-09-25)[2]
Род Касакоўскія
Бацька Дамінік Касакоўскі
Маці Марыяна з Забелаў[d]
Жонка Элеанора са Страшэвічаў[d]
Дзеці Ганна, Марыяна, Ефрасіння, Ян Непамуцэн, Міхаіл, Юзаф і Шыман
Член у
Узнагароды
ордэн Белага арла ордэн Святога Станіслава

Антоні Касакоўскі (1735 — 25 верасня 1798) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, апошні кашталян інфлянцкі (17891795), пасол Чатырохгадовага сойма.

Прадстаўнік знатнага вялікалітоўскага шляхецкага роду Касакоўскіх герба «Слепаўрон». Другі сын стольніка жмудскага і стражніка ковенскага Дамініка Касакоўскага (1711—1743) і Марыяны з Забелаў. Браты — ваявода віцебскі і браслаўскі Міхаіл, біскуп інфлянцкі Юзаф Казімір і вялікі гетман літоўскі Шыман Марцін.

Быўшы прадстаўніком знатнага роду, Антоні Касакоўскі займаў шэраг дзяржаўных і ваенных пасад. У 1759 годзе — стражнік і падстароста ковенскі, быў выбраны дэпутатам Літоўскага Трыбунала. У 1762 годзе — харунжы пяцігорскай харугвы ў літоўскіх войсках. У 1765 годзе атрымаў пасаду пісара земскага ковенскага.

У 1777 годзе Антоні Касакоўскі, які ведаў кірыліцу і старабеларускую мову, быў запрошаны ў Варшаву для ўдзелу ў стварэнні копіі Метрыкі ВКЛ. У 1780 годзе быў выбраны паслом ад Ковенскага павета на сойм. У 1783 годзе атрымаў пасаду харунжага ковенскага і Ордэн Святога Станіслава.

У 1784 годзе пры садзейнічанні расійскага пасланца Магнуса фон Штакельберга Антоні Касакоўскі паспрабаваў дамагчыся пасады кашталяна менскага, але гэту пасаду заняў Шыман Забела. У 1786 годзе прэтэндаваў на мсціслаўскую кашталянію, якую паспеў перахапіць Юзаф Храпавіцкі.

У 1788 годзе Антоні Касакоўскі быў выбраны паслом ад Ковенскага павета на Чатырохгадовы сойм (1788—1792). Удзельнічаў у камісіі па праверцы вайсковага дэпартамента, у 1789 годзе быў выбраны соймавым суддзёй. У далейшым не ўдзельнічаў у працы сойма і прадстаўляў Ковенскі павет у Трыбунале Вялікага Княства Літоўскага. 30 верасня 1789 года атрымаў пасаду кашталяна інфлянцкага. У 1791 годзе стаў кавалерам Ордэна Белага Арла. У 1792 годзе расійскі пасланец Якаў Булгакаў унёс імя Антонія Касакоўскага ў спіс польска-літоўскіх паслоў і сенатараў, якія выступалі супраць новай канстытуцыі Рэчы Паспалітай, прынятай 3 мая 1791 года.

У 1792 годзе кашталян інфлянцкі Антоні Касакоўскі далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі, дзе выконваў функцыі саветніка генеральнай літоўскай канфедэрацыі.

У 1794 годзе ў час паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі Антоні Касакоўскі быў арыштаваны ў сваім маёнтку Марцінішках паўстанцкім атрадам пад камандаваннем князя Рамуальда Гедройца. Быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе і мусіў быў паўстаць перад судом, але па асабістым распараджэнні самога Тадэвуша Касцюшкі быў вызвалены. Двое яго братоў былі павешаны паўстанцамі.

25 верасня 1798 года Антоні Касакоўскі памёр у сваім маёнтку Марцінішкі (Літва).

З 1763 года быў у шлюбе з Элеанорай Страшэвіч, ад якой меў трох дачок (Ганну, Марыяну і Ефрасінню) і чатырох сыноў (Яна Непамуцэна, Міхаіла, Юзафа і Шымана). Яго сын Юзаф Антоній Касакоўскі (1771—1842) быў генералам французскай арміі і ад'ютантам імператара Напалеона Банапарта.

Зноскі