Адам Гурыновіч
Адам Гурыновіч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 13 (25) студзеня 1869 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 студзеня (4 лютага) 1894 (25 гадоў) |
Месца смерці |
|
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, паэт |
Мова твораў | беларуская |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Адам Гіляры Калікставіч Гурыновіч (13 (25) студзеня 1869, фальварак Кавалі (Кавалькі), Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская Імперыя, цяпер Мядзельскі раён — 23 студзеня (4 лютага) 1894 (па іншых крыніцах 14 ці 17 студзеня 1894 г.), фальварак Крыстынопаль, Свянцянскі павет, Віленская губерня, Расійская Імперыя)[1][2], — беларускі паэт-дэмакрат, фалькларыст, рэвалюцыянер.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў са шляхецкага роду татарскага паходжання герба «Праўдзіц», вядомага з XV—XVI стст. Бацькі, Калікст Іасафатавіч і Элеанора з Сяняўскіх (з гетманскага роду), мелі некалькі дробных фальваркаў. Спачатку с��м’я жыла ў Кавалях (цяпер Мядзельскі раён), пасажным фальварку маці, дзе нарадзіліся Адам і яго старэйшы брат Юзаф. Потым пераехалі ў Крыстынопаль (цяпер в. Золькі), які быў супольнай уласнасцю Калікста Іасафатавіча і яго брата Абдона. Тут нарадзіліся браты і сёстры Адама[3]. Родны дзядзька Адама Гурыновіча — Абдон Іасафатавіч Гурыновіч — таксама нарадзіўся ў фальварку Крыстынопаль (Вілейскі раён). Пахаваны на каталіцкіх могілках у в. Канстанцінава (Мядзельскі раён). На надмагільным помніку маецца надпіс: «Абдон Гурыновіч, памёр 27 кастрычніка 1896 года, маючы 88 гадоў. Божа, выратуй яго душу»[4].
Бацька памёр рана, пакінуўшы маладую ўдаву з шасцю дзецьмі. Вырашана было даць Юзафу вайсковую адукацыю, а Адаму і Яну — практычную (рэальнае вучылішча). Сям’я купіла ў Вільні невялікі дом, з якім і звязана пара духоўнага станаўлення Адама[3].
У 1879—1887 гг., уключаючы гадавую спецыялізацыю на механікатэхнічным аддзяленні дадатковага класа, вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы. Афіцыйныя поспехі яго ў час вучобы ў былі сярэднія, але ўжо тады ён пачаў цікавіцца беларускім фальклорам, пытаннямі грамадскага жыцця, рабіць літаратурныя спробы. У 1887 годзе паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і, як і іншыя калегі-разначынцы, упарта пераадольваў матэрыяльныя цяжкасці. Але захварэў на тыф і ў студзені 1888 года быў вымушаны часова звольніцца з інстытута і вярнуцца на радзіму. Увосень 1888 зноў паступіў на 1-ы курс[3].
У студэнцкія гады шмат займаўся літаратурай, напісаў свае лепшыя творы. Захапляўся і тэхнічнымі навукамі. Паводле ўспамінаў блізкіх, спецыяльна займаўся паляпшэннем паравозаў і ў гэтым пытанні меў быць, як кажуць, на дарозе да важных і цікавых вынаходак. Адначасова штудзіраваў працы беларускіх фалькларыстаў І. Насовіча, П. Шэйна, на канікулах папаўняў у ваколіцах Крыстынопаля свае фальклорна-этнаграфічныя зборы. У 1890 ён даслаў узоры сваіх запісаў у Варшаву Я. Карловічу, які быў амаль суседам па Вішневе, і прасіў у яго парады па фальклорна-этнаграфічнай працы. Карловіч у сваю чаргу адаслаў матэрыялы Гурыновіча ў Кракаўскую акадэмію навук, дзе яны былі надрукаваны ў 1893 годзе ў часопісе «Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі») і выдадзены асобна[3].
У той жа час Гурыновіч напружана працаваў над пытаннямі грамадскага жыцця, вывучаў перадавую філасофскую літаратуру, у т.л. марксісцкую. Ён прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, у студэнцкім «Гуртку моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай», які ўтварыўся ў 1889 і хутка эвалюцыяніраваў ад зямляцкай арганізацыі культурна-асветнага характеру ў бок падпольнай антыўрадавай арганізацыі, цесна звязанай з іншымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі Пецярбурга, сярод якіх былі і групы першых расійскіх марксістаў (у іх складзе блізкія сваякі Ф. Багушэвіча муж і жонка Г. і Ю. Радзевічы). Блізкімі таварышамі Гурыновіча па падпольнай рабоце былі Ю. Бурачэўскі, К. Акуліч і І. Непакайчыцкі. Як адзін з кіраўнікоў гуртка ён у лісце да сяброўкі С. Пяткевіч у Цюрых (1892) прасіў арганізаваць дастаўку для гуртка вялікай партыі рэвалюцыйнай літаратуры на беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай мовах, прац Маркса, Энгельса, Пляханава, Ласаля, Лібкнехта. Пісьмо было перахоплена паліцыяй, якая пачала сачыць за членамі гуртка[3].
У 1893 годзе Гурыновіч быў арыштаваны ў сваім доме ў Вільні, дзе пры вобыску знайшлі нямала забароненай літаратуры, у тым ліку нататкі, звязаныя з паўстаннем 1863 года. Яго даставіл�� спачатку ў Віленскую цытадэль, потым неадкладна адправілі пад вартай у Пецярбург, дзе трымалі ў доме папярэдняга зняволення, а па некаторых звестках у Петрапаўлаўскай крэпасці. У тым жа годзе ён выпушчаны зза хваробы і высланы пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль, дзе неўзабаве памёр ад чорнай воспы[3].
Магіла і сямейныя могілкі Крыстынопаля былі разбураныя ў час Першай сусветнай вайны[5]. У 2008 годзе адноўленая капліца Гурыновічаў[5].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Як беларускі дзеяч і паэт Гурыновіч сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Францішка Багушэвіча. Пэўны ўплыў на яго мелі таксама традыцыі паўстання 1863 года, ідэі Кастуся Каліноўскага. Пад уздзеяннем марксісцкай тэорыі ў поглядах Гурыновіча знайшлі далейшае развіццё рэвалюцыйна-дэмакратычныя, народніцкія ідэі.
У гісторыю беларускай літаратуры Гурыновіч увайшоў як паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першы з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.
Своеасаблівым паэтычным маніфестам гучыць прысвечаны Багушэвічу верш «Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею…»:
Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы, Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку, Няхай песнь смутная ідзе ў калейку І будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі, Якой мы не зналі дагэтуль ніколі. |
Нягледзячы на шляхецкае паходжанне, у сваіх вершах выступае супраць «паноў» ад імя тых, каго і шляхта, і чыноўнікі спрадвеку «абдзіралі»:
Перш душылі паны,
Што шляхтай зваліся, Цяпер «сукіны сыны» За нас узяліся. Ані той, ані сёй Нічога не далі, Нашу ж працу у свой Кішэнь пакавалі. |
Які ж выхад бачыць Гурыновіч з дадзенай сітуацыі?
Няхай хлопцы ўсе
Збіраюццы кучай, У такім хаўрусе Станемся мы тучай, Што дожджыку дасць -- У нашай злой долі Дух падыме ў нас, Як рунь у тым полі. А з той тучы, як гром Сярод летняй ночы, Загручыць ўсім паном Загуба ў вочы! |
Ён адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі. Плённай была таксама спроба пісьменніка ў перакладах з польскіх, рускіх, украінскіх твораў. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, Я. Каспровіча, І. Франко[3].
Значная частка творчай спадчыны Гурыновіча загінула. Частка рукапісаў і пісьмаў зберагаецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь і рукапісным аддзеле бібліятэкі АН Літвы[3].
Упершыню яго творы апублікаваў Браніслаў Тарашкевіч (з уступным артыкулам) у 1921 г. (газета «Беларускі звон»).
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]У гонар Адама Гурыновіча ў Вілейцы названая вуліца, а ў Мядзелі — завулак. У вёсцы Золькі пастаўлены мемарыяльны знак памяці Адама Гурыновіча[5].
Зноскі
- ↑ Адам Мальдзіс: Краязнаўчая адысея(недаступная спасылка) // «Голас Радзімы»
- ↑ Сяргей Макарэвіч:Выпраўляем памылкі Архівавана 13 сакавіка 2016. // Вялейка-інфо
- ↑ а б в г д е ё ж Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
- ↑ Драўніцкі І. Што можа рассказаць надмагільны помнік// Нарачанская зара. — № 21-23. — 9 лютага 2008 г.
- ↑ а б в Гурыновіч Адам – Белліт (8 кастрычніка 2023). Праверана 20 жніўня 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Адам Гурыновіч у Вікікрыніцах | |
Адам Гурыновіч на Вікісховішчы |
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рогач, А. В. Адам Гурыновіч. Невядомыя старонкі з жыцця: фальклорна-этнаграфічны збор / А. В. Рогач. — Вілейка, 2007. — 98 с.
- Нарадзіліся 25 студзеня
- Нарадзіліся ў 1869 годзе
- Нарадзіліся ў Вілейскім павеце
- Памерлі 4 лютага
- Памерлі ў 1894 годзе
- Памерлі ў Віленскай губерні
- Выпускнікі Віленскага рэальнага вучылішча
- Выпускнікі Санкт-Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Паэты Беларусі
- Род Гурыновічаў
- Нарадзіліся ў Мядзельскім раёне
- Беларускамоўныя паэты
- Польскамоўныя паэты
- Рускамоўныя паэты
- Перакладчыкі Беларусі
- Фалькларысты Беларусі
- Памерлі ў Вілейскім раёне