Перайсці да зместу

Богаяўленскі манастыр (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Богаяўленскі манастыр
Манастыр і званіца ў 1909 г.
Манастыр і званіца ў 1909 г.
53°53′44,55″ пн. ш. 30°19′55,98″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Магілёў
Канфесія Руская праваслаўная царква
Епархія Магілёўская і Мсціслаўская епархія
Архітэктурны стыль барока
Дата заснавання XVII стагоддзе
Будаўніцтва 16201639 гады
Дата скасавання 1928
Будынкі
Богаяўленская царква • Царква Іаана Багаслова
Стан Не існуе
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Магілёўскі Богаяўленскі манастыр — манастыр, які існаваў у XVIIXX стагоддзях у Магілёве. Адзін з буйнейшых праваслаўных манастыроў на Беларусі. З ім звязаная дзейнасць магілёўскага праваслаўнага брацтва, пераведзенага са Спаскага манастыра.

Памятная дошка з эпітафіяй у памяць інака Арсенія Азаровіча з Богаяўленскага манастыра. 1652 г.

У канцы XVIII стагоддзя манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і «цёплая» (зімовая) Іаана Багаслова, пабудаваная ў канцы 1630-х гадоў, званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дом настаяцеля, гаспадарчыя пабудовы. Будаўніцтва манастыра пачатае ў 1618 годзе на месцы дома з пляцам (на вул. Шклоўскай, цяпер вул. Першамайская), купленага ў княгіні Саламярэцкай (фундатар князь Ян Агінскі).

Богаяўленская царква пабудаваная Варламам Палоўкам і Арсеніем Азаровічам у 16331636 гг. у стылі ранняга барока паводле прывілея на новую забудову, падпісанага каралём Уладзіславам IV.

Каля 1750 года былыя магілёўскія войты Карабанькі прыбудавалі да царквы Богаяўлення прыдзел у імя Феадосія Пячэрскага і вялікі прытвор[1]. У сутарэннях прыдзела хаваліся прадстаўнікі роду[2].

У 1928 г. абедзве царквы былі закрыты, у іх будынках размяшчаліся цэнтральныя архівы БССР. Комплекс разбураны ў Другую сусветную вайну.

На манастырскіх могілках знаходзіліся пахаванні героя руска-турэцкай вайны генерала кавалерыі Сямёна Васілевіча Каханава, архімандрыта манастыра Афанасія. У царкоўнай агароджы гэтага ж манастыра быў пахаваны адзін з магілёўскіх губернатараў — Мікалай Скалон, а ў самой царкве яго трэцяя дачка Алена. Там жа пахавана прадстаўніца вядомага шляхецкага роду Пелагея Пятроўна Карабанькава[3].

Богаяўленская царква ў 1890
Іканастас у манастыры. 1910

Царква — мураваная трохвежавая трохапсідная дзесяцістаўповая крыжова-купальная базіліка з васьмігранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700 г.) над сяродкрыжжам. Галоўны фасад (перабудаваны ў XVIII ст.) меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся дзвюма вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус быў аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр'ер быў багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (XVIIXVIII стст.) работы мясцовых майстроў з абразамі іканапісца Афанасія Пігарэвіча і іншых у сярэбраных абкладах (1755 г.) работы магілёўскага чаканшчыка Пятра Слізіка (Сліжыка).

У 1657 г. побач з царквой пачата будаўніцтва чатырох'яруснай вежы-званіцы, на якой у 1686 г. устаноўлены гадзіннік, зроблены манахам Макарыем. Царква разбуралася ў 1708 г. і 1748 г., у 17501760 гг. праводзіліся аднаўленч��я работы, з 1812 г. была паўразбурана, у 1850 г. поўнасцю адноўлена, у 1866 г. адноўленыя мураваная брама і званіца. Прасторавая кампазіцыя царквы аказала значны ўплыў на архітэктарскае аблічча шэрага праваслаўных храмаў Беларусі.

«Градъ Могилевъ»

Даследчыкі сцвярджаюць, што выява Богаяўленскага манастыра змешчана на гравюры «Градъ Могилевъ» В. Вашчанкі, надрукаванай у 1702—1703 годзе ў «Кнізе жыцій святых».

На гравюры адлюстравана частка панарамы Старога горада з боку Шклоўскага пасада. Вывучэнне гравюры дазваляе сцвярджаць, што змешчаная ў цэнтры гравюры мураваная трохнефавая трохапсідная крыжова-купальная базіліка з'яўляецца Богаяўленскім храмам. 3 правага боку чатырох'ярусная манастырская званіца, за ёй — дамкі жаночага Богаяўленскага манастыра. Злева — цёплая царква Іаана Багаслова і манастырскія карпусы, у якіх размяшчалася ў той час брацкая друкарня.

Зноскі

  1. Пікулік А. М. Мастацтва магілёўскіх старадрукаў / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы. — Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2002. — С. 118. — 199 с. — ISBN 985-464-126-0.
  2. Алесь Асіпцоў. 100 зруйнаваных архітэктурных помнікаў Магілёву. Богаяўленскі сабор. Тыднёвік Магілёўскі. 14-20 красавіка 2000 г. № 14 (78)
  3. Царскія архівы дапамаглі настаўніцы з Магілёва знайсці ўнікальную інфармацыю пра дарэвалюцыйныя пахаванні
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 465. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.