Перайсці да зместу

Успенская царква (Віцебск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўная царква
Успенская царква
Віцебская Успенская царква
Віцебская Успенская царква
55°12′03″ пн. ш. 30°12′36″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Віцебск
Канфесія Руская праваслаўная царква
Епархія Віцебская і Аршанская епархія
Архітэктурны стыль рэтраспектыўна-рускі стыль
Дата пабудовы 1858 год
Сайт vitprav.by/2420.html
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Успенская царкваправаслаўны храм у Віцебску, помнік архітэктуры. Знаходзіцца на вул. Камуністычнай, 15 (побач з Батанічным садам), у горадзе Віцебску. Пабудавана ў 1858 г. з цэглы і зачынена пасля рэвалюцыі. У гады савецкай улады была прыстасавана пад гаспадарчыя патрэбы. Дзейнічае з 1989 г. У 1997 г. будынак вернуты царкве, часткова адрэстаўраваны.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам з паўкруглай апсідай, завершаным двухсхільным дахам з вальмай з боку франтальнага фасада і драўляным васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалком. Галоўны плоскасны фасад трохвосевы: па цэнтры прама­вугольны ўваходны праём, па яго баках прамавугольныя аконныя праёмы, размешчаныя ў 2 ярусы. Бакавыя фасады расчлянёны буйнымі лапаткамі на 3 праслы, апяразаны прафіляваным карнізам і расчлянёны на 2 ярусы прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

Унутры будынак перакрыты плоскай столлю на 2 паверхі. На першым паверсе малітоўная зала, ад якой мураваным прасценкам вылучана апсіда. Прасценак расчлянёны бакавымі лучковымі і цэнтральным прамавугольным уваходнымі праёмамі; ён служыць своеасаблівым іканастасам, дзе размешчаны абразы, у цэнтральным праёме — царскія вароты. Малітоўная зала па цэнтры падзелена на 2 палавіны 2 слупамі і перакінутымі праз іх аркамі. Другі паверх адведзены пад апартаменты настаяцеля.

Зараз у храме знаходзіцца мошчавік з часціцамі святых мошчаў Св. Феафана Затворніка, праведніка Іаана Рускага, велікамучаніцы Варвары, мучаніка Мамонта і яшчэ трыццаці святых.

  • Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы // Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін. - Мн., 2007. - С. 83.
  • Кулагін, А.М. Свята-Успенская царква / А.М. Кулагін // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А.І. Мацяюн ; маст. Э.Э. Жакевіч. - Мн., 2003. - Кн. 2. - С. 612.