Перайсці да зместу

Валерый Фёдаравіч Шкаруба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 03:31, 23 верасня 2024, аўтар InternetArchiveBot (размовы | уклад) (Rescuing 1 sources and tagging 0 as dead.) #IABot (v2.0.9.5)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Валерый Фёдаравіч Шкаруба
Фатаграфія
Дата нараджэння 10 снежня 1957(1957-12-10)
Месца нараджэння
Дата смерці 19 лістапада 2020(2020-11-19) (62 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Жанр рэалістычны пейзаж
Вучоба
Мастацкі кірунак магічны рэалізм[2]
Вядомыя працы «Белае змярканне» (1991); «Восеньскае святло» (2002); «Халоднае лета» (2004); «Чорны лес» (2007); «На вятры» (2013)
Прэміі
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь
Узнагароды
ордэн Францыска Скарыны медаль Францыска Скарыны
Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Валерый Фёдаравіч Шкаруба (10 снежня 1957, Барысаў, Мінская вобласць, БССР — 19 лістапада 2020, Мінск) — беларускі мастак-жывапісец.

Нарадзіўся 10 снежня 1957 года ў Барысаве. З дзяцінства быў прывучаны да цяжкай сялянскай працы, а яго бацькі і дзяды ўсе моцна былі звязаны з працай на зямлі[3].

У шэсць гадоў Валерый узяўся маляваць, чым здзівіў сваіх бацькоў, таму што ў іх родзе ніхто такой справай не займаўся[3].

З 1965 па 1973 гады ў Барысаве займаўся ў выяўленчым гуртку Дома піянераў, а пасля тры гады ўдасканальваў сваё майстэрства ў студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры ў Барысаве. Пра той час юнацтва Валерый Шкаруба адзначыў: «Вельмі дапамагло мне тое, што ў Барысаве была адкрыта студыя выяўленчага мастацтва. Я меў магчымасць атрымаць першапачатковую мастацкую адукацыю. У мяне былі добрыя настаўнікі, энтузіясты сваёй справы»[4]. У 1975 г. скончыў сярэднюю школу № 16 горада Барысава.

У 1975—1981 гадах вучыўся і скончыў дызайнерскае аддзяленне[5] Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў Мінску.

Валерый Шкаруба пачаў свой творчы шлях як дызайнер ЭВМ у НДІ ЭВМ у Мінску, дзе працаваў дзесяць гадоў: ён распрацоўваў знешні выгляд першых камп’ютараў і меў шэраг прамысловых вынаходніцтваў[4]. Праца прамысловага дызайнера яго не задавальняла, таму штовечар ён займаўся жывапісам, кіраваў дзіцячай мастацкай студыяй[4]. Да тагож, было складана сумяшчаць працу і творчасць, бо яго вабіў жывапіс. З 1984 года пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках у Беларусі і за яе межамі.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1989 года.

Жыў у Мінску[3].

Памёр 19 лістапада 2020 года ў Мінску[6].

Валерый Фёдаравіч Шкаруба і яго дачка Вольга Валер'еўна Шкаруба — у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фота 27 красавіка 2016 г.

Дачка — Вольга Валер'еўна Шкаруба (1990 г. нар.) скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, таксама стала мастачкай[7].

Валерый Шкаруба працаваў у станковым жывапісе, пераважна ў жанры пейзажа. Пра свой выбар мастак адзначыў: «Мяне часта пытаюцца, чаму пішу толькі пейзажы. Былі ў маёй творчай біяграфіі і партрэты, і нацюрморты. Але „сціплы“ беларускі краявід бліжэй майму душэўнаму стану, светаадчуванню. Каб зразумець гэта, трэба зазірнуць у дзяцінства. Мне пашчасціла: маленства прайшло на ўскрайку Барысава, у прыватным доме. Я жыў у амаль вясковым асяродку. Побач — Бярэзіна, лес, палі. Шмат і з асалодай пісаў навакольныя краявіды.»[4].

Складовымі рысамі манеры пісьма мастака з’яўляюцца скрупулёзная тэхніка алейнага жывапісу, лесіроўка, тонкая прапрацоўка формы, гарманічнасць у святле і колеры, глыбокая пераменнасць святлопаветранай атмасферы[8]. Галоўныя сюжэты яго карцін — таямнічыя лясы, ціхія рэчкі, заснежаныя палі, вясковыя пралескі, драўляныя хаты на фоне лірычных краявідаў, дарогі Беларусі, якія зафіксаваны на палатне заўсёды бязлюднымі і ў памежныя станы ў прыродзе: восень, вясна, вечар, туман, змярканне, апошні прамень сонца, час перад узыходам сонца і г.д.[9]

Мастак ў 2015 годзе адзначыў пра сваю творчасць: «Менавіта Барысаўшчына стала для мяне кропкай адліку, якая ператварылася ў доўгую лінію эстэтыкі, заснаванай на пейзажным жывапісу. Мае працы — гэта ціхая песня ў славу Беларусі»[10].

Мастацтвазнавец Кацярына Ізафатава ахарактарызавала магію карцін Валерыя Шкарубы так: «у іх ёсць асаблівая філігранная індывідуальна-непаўторная пластыка, што гіпнатызуе і дзякуючы якой някідкія пейзажныя матывы беларускай зямлі зменьваюцца і ўспрымаюцца як фрагменты Вечнасці. Уменне ствараць „высокую прастату“, здольнасць Малое пераўтварыць у Вялікае, пагрузіць гледача ў глыбіннае ўспрыманне Часу, якое цяжка перадаць словамі, — вось што робіць почырк майстра пазнавальным з першага погляду»[5].

Мастацтвазнавец Валерый Жук заўважае: «У творах В. Шкарубы дзіўным чынам спалучаюцца аскетычнасць колеравага вырашэння і графічная дакладнасць ліній, што абумоўлівае хісткасць і няўлоўнасць выяўленага стану. Тонкія градацыі амаль манахромнага каларыту набываюць пераканаўчую праўдзівасць, даюць адчуванне каляровасці, узнаўляюць прастору, вільготнае восеньскае паветра, туманную смугу сырой халоднай раніцы. Мікракосмас і макракосмас нібы выраўноўваюцца ў правах, становяцца аднолькава каштоўнымі для нашага ўспрымання і важнымі ў іерархіі прыродных матываў»[4].

Мастацкія творы Валерыя Шкарубы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь («Белае змярканне» (1991), «Восеньскае святло» (2002) і інш.), Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Магілеўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, фондах Беларускага саюзу мастакоў, Нямецкім федэральным банку (Лейпцыг, Германія), Музеі мастацтваў «Джынтай» (Пекін, Кітай), Музеі замежнага мастацтва Міністэрства культуры Кітая (Кітай) і інш.[11], а таксама ў прыватных калекцыях у ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Бельгіі, Грэцыі, Аўстрыі, Славеніі, Даніі, Польшчы, Турцыі, Кітая, Расіі, Японіі.

У 1997 годзе Мерэт Меер-Грабер, якая з’яўляецца ўнучкай Марка Шагала і віцэ-прэзідэнтам Камітэта Марка Шагала, набыла на выстаўцы ў гонар 40-годдзя Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь карціну мастака «Белае змярканне» (1991)[12] і ў 1998 годзе падаравала гэты твор Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь, калі даведалася, што ў мастацкім музеі ў Мінску няма ніводнай карціны Валерыя Шкарубы[5].

20 лістапада 2015 года ў Барысаве на другім паверсе цэнтральнай бібліятэцы імя І. Х. Каладзеева адбылося ўрачыстае адкрыццё карціннай галерэі Валерыя Шкарубы. У памяшканні агульнай плошчай 130 квадратных метраў было выстаўлена 30 карцін, якія Валерый Шкаруба перадаў у дар роднаму гораду[13].

персанальныя
  • 1991 — Палац мастацтваў (Мінск, Беларусь)
  • 1997 — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (Мінск, Беларусь; да 40-годдзя мастака)
  • 2002 — Галерэя «EXMA» (Кальяры, Італія)
  • 2004 — Рым, Аоста (Італія)
  • 2005 — Палац Медычы (Сан-Лео, Італія)
  • 2005 — Галерэя «Берман», (Турын, Італія)
  • 2006 — Галерэя «MITSUCOSHI» (Сэндай, Японія)
  • 2006 — Палац Хофбург (Вена, Аўстрыя)
  • 2007 — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
  • 2017 — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
удзел
  • 1990 — Мастацтва Беларусі (ААН, Нью-Ёрк, ЗША)
  • 1999 — Вена, Лінц (Аўстрыя)
  • 2000 — Еўрапарламент (Брусель, Бельгія)
  • 2000 — Галерэя «Брамантэ» (Рым, Італія)
  • 2001 — Музей мастацтваў (Пекін, Кітай)
  • 2002 — Зала Кардэна (Парыж, Францыя)
  • 2003 — Бундэсбанк (Лейпцыг, Германія)
  • 2004 — Дзюсельдорф (Германія)
  • 2005 — 51-я Міжнародная мастацкая выстаўка «La Biennale di Venezia» (Італія)
  • 2008 — Лондан (Вялікабрытанія)
  • 2008 — Пекін (Кітай)

Зноскі

  1. https://www.tvr.by/bel/news/obshchestvo/ushel_iz_zhizni_valeriy_shkarubo/
  2. https://zviazda.by/be/news/20201123/1606138157-19-listapada-2020-goda-pamyor-zasluzhany-dzeyacha-mastactvau-belarusi
  3. а б в Беразінская, І. Пра вечнае, пра гармонію сусвету… / І. Беразінская // Новы час. — 2008. — № 43. — С. 30.
  4. а б в г д е Жук, В. Красамоўства маўчання Архівавана 5 сакавіка 2022.
  5. а б в Ізафатава, К. Магія лістапада ў «Восеньскім святле» Валерыя Шкарубы Архівавана 12 мая 2016.
  6. Сышоў з жыцця Валерый Шкаруба
  7. У галерэі «Мастацтва» грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў» дэбютавала студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, 24-гадовая Вольга Шкаруба Архівавана 5 сакавіка 2016.
  8. Рыбчынская, В. Валерый Шкаруба(недаступная спасылка); ВАЛЕРИЙ ФЕДОРОВИЧ ШКАРУБО Архівавана 24 красавіка 2008.
  9. Рыбчынская, В. Валерый Шкаруба(недаступная спасылка); Ізафатава, К. Магія лістапада ў «Восеньскім святле» Валерыя Шкарубы Архівавана 12 мая 2016.; Жук, В. Красамоўства маўчання Архівавана 5 сакавіка 2022.; ВАЛЕРИЙ ФЕДОРОВИЧ ШКАРУБО Архівавана 24 красавіка 2008.
  10. Платтер, О. Знакомьтесь: художник Валерий Шкарубо Архівавана 7 снежня 2016.
  11. Валерий Фёдорович Шкарубо // bel-art.by
  12. ХУДОЖНИК ВАЛЕРИЙ ШКАРУБО: «МИНСКУ НЕ ХВАТАЕТ ДУШЕВНЫХ ГОРОДСКИХ СКУЛЬПТУР» Архівавана 23 кастрычніка 2016.
  13. Викторова, В. В Борисове открылась картинная галерея Валерия Шкарубо(недаступная спасылка)
  14. В БОРИСОВЕ ОТКРЫВАЕТСЯ КАРТИННАЯ ГАЛЕРЕЯ ВАЛЕРИЯ ШКАРУБО(недаступная спасылка)
  15. Заслужаны дзеяч мастацтваў Валерый Шкаруба — ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці