Сіялк
Шаблон:Вызнч - археалагічны помнік у Цэнтральным Іране на ўзгор'і Тэпе-е-Сіалк (перс. تپه سیلک) у прадмесці горада Кашана.
Гісторыя
Сярод насельнікаў мясцовасці вакол Тэпе-е-Сіалку здаўна існавалі легенды пра старажытны горад, схаваны пад зямлёй. Аднак толькі ў 1933 - 1934 гг. каманда французскіх археолагаў на чале Рамана Гіршмана пачала раскопкі і амаль адразу выявіла вялізарны культурны слой, які цягнуўся ўглыб на 14 м. Пазней да раскопак далучыліся археолагі Ірана. У выніку доўгатэрміновых пошукаў былі знойдзены рэшткі развітай земляробчай культуры пач. 5 - пач. 6 ст. да н. э., у тым ліку кераміка, астаткі жылля і пахаванняў. Асабліва важная знаходка - 2 зікураты.
Сёння найбольш каштоўныя археалагічныя артэфакты знаходзяцца ў некалькіх музеях Францыі і ў Нацыянальным музеі Ірана ў Тэгеране. Аднак на месцы раскопак таксама створаны музей, дзе можна ўбачыць сіалкскую кераміку і рэшткі зікуратаў.
Сіалкскія археалагічныя культуры
Усяго выяўлена 6 археалагічных пластоў:
Сіалк I - найбольш старажытны. Знаходзіцца ў паўночнай частцы ўзгор'я. Уяўляе сабою рэшткі паселішча перш. пал. 5 тыс. да н. э. Насельнікі гэтага перыяду былі прымітыўнымі земляробамі, якія карысталіся каменнымі і касцянымі прыладамі працы, жылі ў простых хацінах з трыснягу і гліны.
Сіалк II (друг. пал. 5 тыс. да н. э.) з'яўляецца непасрэдным працягам першага археалагічнага перыяда. Адметны жыллёвымі пабудовамі з неапаленай цэглы, прымітыўнай керамікай у форме кошыкаў, распаўсюджаннем металічных вырабаў, трупапакладаннямі з характэрнай афарбоўкай нябожчыкаў у чырвоны колер.
Сіалк III (4 тыс. да н. э.). Жыхары пакідаюць паўночную частку ўзгор'я і селяцца на паўднёвым схіле. Хаціны з добра вылепленай цэглы. Пахаванні нагадваюць Сіалк II, нябожчыкаў памяшчаюць пад полам жытлаў. Дзякуючы выкарыстанню ганчарнага кола, з'яўляюцца выдатныя ўзоры ганчарнага майстэрства - пасудзіны, значна лепшыя чым тыя, што рабіліся ў той жа час ў Эламе, фігуркі людзей і жывёлін. Кавалі апрацоўваюць срэбра. Вядзецца гандль з Эламам і Паўднёвай Месапатаміяй. У канцы перыяда паселішча знішчаецца агнём. Цалкам верагодна, што яго знішчылі ворагі.
Сіалк IV (3000 - 2500 г. да н. э.). Пачатак гэтай культуры прыкладна супадае з раннедынастычным перыядам гісторыі Паўднёвай Месапатаміі і Элама. Жыхары часткова губляюць майстэрства керамікі, аднак назіраецца значны прагрэс у іншых сферах жыцця. Доказам гэтаму з'яўляюцца знаходкі апрацаванай бронзы і цыліндрычных пячатак. На паўднёвым схіле ўзводзіцца трох'ярусны зікурат. Відавочна, у канцы бронзавага веку паселішча было пакінутае.
Сіалк V (1200 - 900 гг. да н. э.) належыць новым насельнікам, якія, магчыма, нават не здагадваліся, што жывуць на старажытным зікураце, бо ў гэты час частка паверхневай цэглы была ўжо знішчана эрозіяй і засыпана зямлёю. Яны расчысцілі чстку паўднёвага схілу для будаўніцтва канструкцыі палацавага тыпу, была ўзведзена абарончая сцяна, нябожчыкаў хавалі на могілках у 200 м. ад паселішча. Характэрныя рысы: вырабы з жалеза, кераміка шэраватага колеру. Паселішча было знішчана заваёўнікамі, хутчэй за ўсё старажытнымі мідзянамі або персамі.
Сіалк VI (8 ст. да н. э.). Культура не звязаная з папярэднімі. Захопнікі сяліліся на вяршыні ўзгор'я, хавалі памерлых на могілках у 250 м. ад асноўнага паселішча. Пласт знакаміты доўгадзюбымі гарлачамі, якія да сёй пары жыхары ваколіц Тэпе-е-Сіалк выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. У канцы перыяда паселішча зноў было знішчана і больш не адраджалася.
Навуковыя дыскусіі
Найбольш спрэчным пытаннем з'яўляецца вызначэнне заснавальнікаў чатырох першых сіалкскіх археалагічных культур. Імі могуць быць старажытныя індаеўрапейцы. Аднак ужо першыя даследчыкі прапаноўвалі гіпотэзу аб протаэламскім насельніцтве, якое стварыла Сіалк. У пасляваенны час таксама высоўвалася прапанова пра тое, што гэта былі блізкія сваякі проташумераў. Атаесамленне з той ці іншай старажытнай цывілізацыяй ускладняецца з-за таго, што культура Сіалка была непісьменная. Ужо насельнікі Сіалка III мелі шчыльныя сувязі з Эламам, а насельнікі Сіалка IV маглі карыстацца эламскай пісьмовай мовай. Разам з тым, усе археолагі падкрэсліваюць арыгінальны характар культуры старажытных сіалкцаў.
Галерэя
-
Раскопкі першага зікурата на паўднёвым схіле Тэпе-е-Сіалк, сучасны выгляд
-
Частка другога зікурата
-
Сіалкская кераміка (4 тыс. да н. э.) у Нацыянальным музеі Ірана
-
Археолагі, якія пачалі раскопкі Сіалка (1934 г.)