Сіялк
Сіялк (перс.: تپه سیلک) — археалагічны помнік у цэнтральным Іране на ўзгор’і Тэпэ-е-Сіялк у прадмесці Кашанa.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Сярод насельнікаў мясцовасці вакол Тэпэ-е-Сіялку здаўна існавалі легенды пра старажытны горад, схаваны пад зямлёй. Аднак толькі ў 1933—1934 гг. каманда французскіх археолагаў на чале з Раманам Гіршманам пачала раскопкі і амаль адразу выявіла вялізарны культурны слой, які цягнуўся ўглыб на 14 м. Пазней да раскопак далучыліся археолагі Ірана. У выніку доўгатэрміновых пошукаў былі знойдзены рэшткі развітай земляробчай культуры пач. 5 — пач. 6 ст. да н.э., у тым ліку кераміка, астаткі жылля і пахаванняў. Асабліва важная знаходка — 2 зікураты.
Сёння найбольш каштоўныя археалагічныя артэфакты знаходзяцца ў некалькіх музеях Францыі і ў Нацыянальным музеі Ірана ў Тэгеране. Аднак на месцы раскопак таксама створаны музей, дзе можна ўбачыць сіялкскую кераміку і рэшткі зікуратаў.
Сіялкскія археалагічныя культуры
[правіць | правіць зыходнік]Усяго выяўлена 6 археалагічных пластоў:
Сіялк I — найбольш старажытны. Знаходзіцца ў паўночнай частцы ўзгор’я. Уяўляе сабой рэшткі паселішча першай паловы 5 тыс. да н.э. Насельнікі гэтага перыяду былі прымітыўнымі земляробамі, якія карысталіся каменнымі і касцянымі прыладамі працы, жылі ў простых хацінах з трыснягу і гліны.
Сіялк II (другая палова 5 тыс. да н.э.) з’яўляецца непасрэдным працягам першага археалагічнага перыяду. Адметны жыллёвымі пабудовамі з неапаленай цэглы, прымітыўнай керамікай у форме кошыкаў, распаўсюджаннем металічных вырабаў, трупапакладаннямі з характэрнай афарбоўкай нябожчыкаў у чырвоны колер.
Сіялк III (4 тыс. да н.э.). Жыхары пакідаюць паўночную частку ўзгор’я і селяцца на паўднёвым схіле. Хаціны з добра в��лепленай цэглы. Пахаванні нагадваюць Сіялк II, нябожчыкаў памяшчаюць пад полам жытлаў. Дзякуючы выкарыстанню ганчарнага кола, з’яўляюцца выдатныя ўзоры ганчарнага майстэрства — пасудзіны, значна лепшыя за тыя, што рабіліся ў той жа час у Эламе, фігуркі людзей і жывёлін. Кавалі апрацоўваюць срэбра. Вядзецца гандаль з Эламам і Паўднёвай Месапатаміяй. У канцы перыяда паселішча знішчаецца агнём. Цалкам верагодна, што яго знішчылі ворагі.
Сіялк IV (3000—2500 гг. да н.э.). Пачатак гэтай культуры прыкладна супадае з раннедынастычным перыядам гісторыі Паўднёвай Месапатаміі і Элама. Жыхары часткова губляюць майстэрства керамікі, аднак назіраецца значны прагрэс у іншых сферах жыцця. Доказам гэтаму з’яўляюцца знаходкі апрацаванай бронзы і цыліндрычных пячатак. На паўднёвым схіле ўзводзіцца трох’ярусны зікурат. Відавочна, у канцы бронзавага веку паселішча было пакінута.
Сіялк V (1200—900 гг. да н.э.) належыць новым насельнікам, якія, магчыма, нават не здагадваліся, што жывуць на старажытным зікураце, бо ў гэты час частка паверхневай цэглы была ўжо знішчана эрозіяй і засыпана зямлёю. Яны расчысцілі частку паўднёвага схілу для будаўніцтва канструкцыі палацавага тыпу, была ўзведзена абарончая сцяна, нябожчыкаў хавалі на могілках у 200 м ад паселішча. Характэрныя рысы: вырабы з жалеза, кераміка шэраватага колеру. Паселішча было знішчана заваёўнікамі, хутчэй за ўсё, старажытнымі мідзянамі або персамі.
Сіялк VI (8 ст. да н.э.). Культура не звязаная з папярэднімі. Захопнікі сяліліся на вяршыні ўзгор’я, хавалі памерлых на могілках у 250 м ад асноўнага паселішча. Пласт знакаміты доўгадзюбымі гарлачамі, якія да нашых дзён жыхары ваколіц Тэпэ-е-Сіялк выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. У канцы перыяда паселішча зноў было знішчана і больш не адраджалася.
Навуковыя дыскусіі
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш спрэчным пытаннем з’яўляецца вызначэнне заснавальнікаў чатырох першых сіялкскіх археалагічных культур. Імі могуць быць старажытныя індаеўрапейцы. Аднак ужо першыя даследчыкі прапаноўвалі гіпотэзу аб протаэламскім насельніцтве, якое стварыла Сіялк. У пасляваенны час таксама высоўвалася прапанова пра тое, што гэта былі блізкія сваякі проташумераў. Атаясненне з той ці іншай старажытнай цывілізацыяй ускладняецца з-за таго, што культура Сіялка была бяспісьменная. Ужо насельнікі Сіялка III мелі шчыльныя сувязі з Эламам, а насельнікі Сіялка IV маглі карыстацца эламскай пісьмовай мовай. Разам з тым, усе археолагі падкрэсліваюць арыгінальны характар культуры старажытных сіялкцаў.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Раскопкі першага зікурата на паўднёвым схіле Тэпэ-е-Сіялк, сучасны выгляд
-
Частка другога зікурата
-
Сіялкская кераміка (4 тыс. да н.э.) у Нацыянальным музеі Ірана
-
Археолагі, якія пачалі раскопкі Сіялка (1934 г.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Les Recherches Archéologiques Françaises en Iran. Nov 2001, Tehran. Institute Français de Recherche en Iran, Musée de Louvre, ICHO.
- The Ziggurat of Sialk, Sadegh malek Shahmirzadi, Massoud Azarnoush, Seifollah Aminian et al. 2002. ISBN 964-7483-28-7
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Кашан і Сіялк на сайце ЮНЕСКА
- Трэці этап раскопак на паўднёвым схіле
- Беларускі вандроўнік у Кашане
- Новыя знаходкі Архівавана 9 кастрычніка 2006.
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 5187 рус. • англ. • фр. |