Перайсьці да зьместу

Вікіпэдыя:Неадназначнасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вікіпэдыя:НЗ»)
Скарачэньні:
ВП:НЗ
ВП:ШЗ

Неадназначнасьць (або шматзначнасьць) датычна энцыкляпэдычных ведаў і азначэньняў тэрмінаў узьнікае тады, калі розныя паняцьці маюць аднолькавыя або падобныя назвы (амонімы).

Як разьвязваць неадназначнасьці

[рэдагаваць крыніцу]

Разьвязаньне неадназначнасьцяў — прыбіраньне канфлікту паміж амонімамі пры называньні артыкулаў Вікіпэдыі.

Удакладненьне назвы шляхам яе пашырэньня

[рэдагаваць крыніцу]

Дзеля адрозьненьня энцыкляпэдычных артыкулаў з аднолькавымі назвамі, але рознымі значэньнямі, варта пашыраць назвы гэтых артыкулаў шляхам даданьня характэрных удакладненьняў. Існуюць два тыпы ўдакладненьняў: натуральнае і штучнае.

  • Натуральнае ўдакладненьне — гэта поўная назва тэрміна, слова або словазлучэньня з спэцыфічным вызначэньнем, якое можа дадавацца як перад тэрмінам, словам або словазлучэньнем, якое ўдакладняецца, так і пасьля яго.
  • Штучнае ўдакладненьне разьмяшчаецца пасьля галоўнага тэрміна, слова або словазлучэньня з пэўным значэньнем і бярэцца ў дужкі, то ёсьць поўная назва артыкула выглядае наступным чынам: «тэрмін, слова або словазлучэньне (<удакладненьне>)»

Асноўнае значэньне

[рэдагаваць крыніцу]

Асноўнае значэньне тэрміна, слова або словазлучэньня — гэта тое значэньне, якое найбольш трывала зь ім асацыюец��а. Як правіла, гэта тое значэньне, на якое паказвае большасьць унутраных спасылак Вікіпэдыі, або значэньне, ад якога іншыя значэньні тэрміна, слова або словазлучэньня зьяўляюцца вытворнымі.

Напрыклад, практычна ўсе спасылкі Возера ў артыкулах Вікіпэдыі спасылаюцца на «возера» як на натуральны замкнёны зборнік вады або ўласна «возера». Таму для гэтага значэньня слова і тэрміна «возера» ўдакладненьне не патрабуецца. Для іншага значэньня тэрміна «возера» у загалоўку паказваецца ўдакладненьне ў дужках, і артыкул называецца Возера (вёска).

Ня варта сьлепа пераймаць прыведзеную вышэй схему, таму што Вікіпэдыя, як і ўсякая энцыкляпэдыя, для самой сябе не зьяўляецца надзейнай крыніцай інфармацыі. Пры выбары асноўнага значэньня абапірайцеся на здаровы сэнс, пры ўзьнікненьні ўскладненьняў абмяркуйце гэтую праблему на старонцы абмеркаваньня адпаведнага артыкула. У выпадку, калі немагчыма адназначна вызначыць асноўнае значэньне, яно не выдзяляецца. У гэтым выпадку да ўсіх амонімаў варта дадаваць удакладненьне, а старонка з тэрмінам, словам або словазлучэньнем (без удакладненьня) зьяўляецца старонкай неадназначнасьці зь пералікам спасылак на іншыя старонкі з такой назвай (з удакладненьнямі).

У пачатку кожнага артыкула, назва якога можа мець іншыя значэньні, прыводзяцца спасылкі на старонку значэньняў — старонку, якая зьмяшчае сьпіс значэньняў зь іх азначэньнямі і спасылкі на артыкулы з альтэрнатыўнымі значэньнямі тэрміна, слова або словазлучэньня (калі яны існуюць, маюць існаваць, і адпавядаюць крытэрам значнасьці Вікіпэдыі). Для гэтага выкарыстоўваецца шаблён {{Іншыя значэньні}}. Калі значэньняў няшмат і стварэньне старонкі неадназначнасьці ня мае сэнсу — выкарыстоўвайце шаблён {{Пра}} або {{Іншы артыкул}}. Напрыклад, для аднайменнай зь местам вёскай выкарыстоўваецца форма шаблёну {{Іншы артыкул|вёску Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці|Каленкавічы (вёска)|места Каленкавічы ў Гомельскай вобласьці}}, што ў артыкуле выглядае наступным чынам:

Асноўныя інструмэнты разьвязаньня неадназначнасьцяў

[рэдагаваць крыніцу]

Шаблёны неадназначнасьці ўтрымліваюцца ў катэгорыі Вікіпэдыя:Шаблёны:Неадназначнасьці і перанакіраваньні.

Старонка значэньняў — спэцыяльная старонка Вікіпэдыі, на якой прыводзіцца пералік кароткіх азначэньняў паняцьцяў або аб’ектаў, назва якіх супадае з назвай старонкі (без удакладненьня «(значэньні)»), або іх назвы маюць пазнавальнае падабенства, або нейкім чынам асацыююцца з назвай старонкі значэньняў. Такі пералік мусіць зьмяшчаць да кожнага элемэнту радок-азначэньне, які зьяўляецца дастатковым для адназначнай ідэнтыфікацыі прыведзеных элемэнтаў сярод гэтага пераліку, і, калі элемэнт адпавядае крытэрам значнасьці для існаваньня яго старонкі ў Вікіпэдыі, мець спасылку на артыкул Вікіпэдыі, або пажадана спасылку на артыкул (г.зв. чырвоную спасылку[a]). У выточным кодзе старонак значэньняў яны мусяць пазначацца шаблёнам {{Неадназначнасьць}}.

Старонка значэньняў можа ня мець самастойнага энцыкляпэдычнага зьместу, бо асноўная яе функцыя выяўляецца ў тым, каб перанакіраваць чытача на артыкул, які адпавядае яго запыту. Старонкі значэньняў цытуюць тэкст асноўных артыкулаў толькі ў той ступені, у якой гэта патрабуецца для разьвязаваньня неадназначнасьці.

Старонкі пра тэрміны або паняцьці, якія маюць аднолькавыя назвы, часткова аднолькавыя назвы або іх могуць па-іншаму зразумець афармляюцца з дапамогай спасылак на адпаведныя старонкі значэньняў наступнымі шаблёнамі:

Стварэньне старонак значэньняў

[рэдагаваць крыніцу]

Старонка значэньняў зьяўляецца пералікам значэньняў тэрміна, слова або словазлучэньня. Кожнае значэньне складаецца з анатацыі тэрміна, калі магчыма (але не абавязкова), мае быць па спасылцы на артыкул і кароткай анатацыі да кожнага значэньня. Напрыклад:

  • Крама — установа для продажу грамадзкасьці разнастайных тавараў.
  • Крама — беларускі рок-гурт.

Анатацыя мусіць даваць яснае ўяўленьне пра сутнасьць кожнага значэньня, але без залішніх падрабязнасьцяў. Рэкамэндуецца, каб кожнае тлумачэньне было даўжынёй ад некалькіх словаў да некалькіх сказаў. Аднак, у кожным канкрэтным выпадку, дэталёвасьць анатацыі мае вызначацца з улікам асаблівасьцяў тэрміна, слова або словазлучэньня.

Галоўнай умовай мусіць быць зручнасьць для чытача, каб, з аднаго боку, даць яму дакладнае апісаньне кожнага значэньня, а зь іншага — не перагрузіць апісаньне і не адцягваць увагі на дэталі пры выбары патрэбнага значэньня.

У тых выпадках, калі асобны артыкул пра адно з значэньняў яшчэ не стварылі, яго апісаньне на старонцы значэньняў можна зрабіць больш падрабязным. Калі гэтага апісаньня дастаткова для асобнага артыкула, то варта стварыць новы артыкул, а на старонцы значэньняў пакінуць толькі кароткую анатацыю.

Групаваньне. Калі значэньняў больш за 4—5 і некалькі зь іх можна аднесьці да ўмоўных групаў — гэта робіцца з дапамогай даданьня падзагалоўкаў.

Інтэрвікі. Старонка значэньняў, як і іншыя артыкулы Вікіпэдыі, мае мець спасылкі на адпаведныя старонкі зь іншых моўных разьдзелаў Вікіпэдыі і іншых праектаў Фундацыі Вікімэдыя на ўласнай старонцы ў Вікізьвестках. Але злучэньні старонак значэньняў кірылічных альфабэтаў з сусьветнымі мовамі (асабліва некірылічных альфабэтаў) мае пэўныя цяжкасьці, зьвязаныя з сэмантыкай, трансьлітэрацыяй або транскрыпцыяй і г.д тэрмінаў і паняцьцяў.

Катэгорыі. Усе старонкі значэньняў з шаблёнам {{Неадназначнасьць}} і яго вытворнымі аўтаматычна ўлучаюцца ў катэгорыю Вікіпэдыя:Неадназначнасьці. Старонкі значэньняў не зьяўляюцца артыкуламі, таму ня мусяць уваходзіць ні ў якія іншыя катэгорыі. У выпадку патрэбы падрабязна апісаць нейкае агульнае паняцьце (напрыклад, нейкае прозьвішча), трэба стварыць асобны артыкул, прысьвечаны менавіта гэтаму паняцьцю з адпаведнымі крыніцамі і афармленьнем.

Перанакіраваньні

[рэдагаваць крыніцу]

У выпадку артыкулаў пра людзей забараняецца рабіць перанакіраваньні зь беларускіх і замежных прозьвішчаў (напрыклад, з прозьвішча Ікс на Ян Ікс), калі прозьвішча не зьяўляецца адзіным у сваім родзе і існуе імавернасьць таго, што ёсьць іншыя вартыя артыкула ў Вікіпэдыі людзі з такім жа прозьвішчам (напрыклад, Джон Ікс). Таксама ня варта рабіць перанакіраваньняў кшталту «скарот імя + прозьвішча» (напрыклад, зь Я. Ікс на Ян Ікс), калі існуе імавернасьць неадназначнасьці (напрыклад, існуе асоба Яніна Ікс, вартая артыкула ў Вікіпэдыі).

  1. ^ Спасылка на артыкул, яшчэ не створаны ў Вікіпэдыі, з мэтай падахвочваньня ўдзельнікаў да яго стварэньня