Адам Трыпус
Адам Трыпус | |
Род дзейнасьці | настаўнік, афіцэр |
---|---|
Дата нараджэньня | 14 сьнежня 1896 |
Месца нараджэньня | Вялікая Бераставіца |
Дата сьмерці | 16 верасьня 1965 |
Месца сьмерці | Берасьце |
Месца пахаваньня | |
Месца працы | |
Дзеці | Ніна (нар. 25 траўня 1922), Ірына (нар. 2 сакавіка 1925) |
Ада́м Тры́пус (14 сьнежня 1896, Вялікая Бераставіца — 16 верасьня 1965, Берасьце) — беларускі афіцэр і настаўнік, дзяяч Беларускае Народнае Рэспублікі. Вядомы таксама пад прозьвішчамі і псэўданімамі Трыпуза, Трыпус-Траянаў, Каласкоў.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіць зь Вялікай Бераставіцы на Гарадзеншчыне. У часы змаганьня за незалежнасьць у 1920-я гады зьяўляўся павятовым камэндантам Гарадзенскага павету і сябрам Гарадзенскага акруговага штабу антыпольскага партызанскага руху, арганізаванага ўрадам БНР Вацлава Ластоўскага. У 1920—1921 гадах — настаўнік Віленскага беларускага прытулку. На пачатку 1921 г. арыштоўваўся польскімі ўладамі. Быў сярод заснавальнікаў Гарадзенскага аддзяленьня Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны. З 1921 году працаваў настаўнікам IV беларускай школы ў Горадні, а таксама быў адным з кіраўнікоў беларускага прытулку для дзяцей у Горадні.
Вылучаўся ад Блёку нацыянальных меншасьцяў, у які ўваходзілі беларусы, на выбарах у польскі сойм па акрузе ў Беластоку. У 1923 годзе абвінавачваўся польскімі ўладамі ў антыдзяржаўнай дзейнасьці і праходзіў у судовым працэсе ў Беластоку па «справе 45-ці» (супраць беларускіх актывістаў). Быў пазбаўлены права працы ў Гародні рашэньнем куратара беластоцкай школьнай акругі ў жніўні 1923 г.
Атрымаў працу настаўніка у в. Ратайчыцы Камянецкага раёну. Ад другой паловы 1920-х гг. жыў у Берасьці, пасьля вайны працаваў у Берасьцейскім раённым аддзеле адукацыі і ў пэдагагічным інстытуце.
Трагічна загінуў у Берасьці ў 1965 годзе. Быў знойдзены на вуліцы ў выніку зьбіцьця невядомымі пры нявысьветленых абставінах. Памёр ва ўзросьце 70 гадоў. У пасьведчаньні аб сьмерці прычынай сьмерці быў пазначаны «гіпэртанічны крыз». Пахаваны на Трышынскіх могілках у Берасьці.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2008 годзе быў урачыста ўсталяваны і асьвечаны помнік Адаму Трыпусу на Трышынскіх могілках у Берасьці. Усталяваньне помніка было прымеркавана да 90-годзьдзя БНР. Пры адкрыцьці помніка прысутнічалі людзі, якія асабіста ведалі Адама Трыпуса (спадар Георгі Грынкевіч), і людзі, якія ведалі сям’ю Адама Трыпуса, яго дачку Ірыну Трыпус. Яна жыла ў Берасьці і была выкладчыцай польскай, нямецкай і ангельскай моваў.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Грэка-каталіцкі сьвятар асьвяціў магілу дзеяча БНР
- Адкрылі помнік партызану БНР(недаступная спасылка)
- Збор паштовак — «Берасьцейцы — дзеячы БНР»(недаступная спасылка)
- Помнік дзеячу БНР усталявалі ў Берасьці(недаступная спасылка)