Перайсьці да зьместу

Леў Бялевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта актуальная вэрсія старонкі Леў Бялевіч, захаваная ўдзельнікам Stary Jolup (гутаркі | унёсак) у 23:20, 3 чэрвеня 2018. Гэты адрас зьяўляецца сталай спасылкай на гэтую вэрсію старонкі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)
Леў Бялевіч
Імя пры нараджэньні Леў Ніканавіч Бялевіч
Род дзейнасьці Шахтар
Дата нараджэньня 10 сакавіка 1926
Месца нараджэньня вёска Багуцкія(be), Дзісноўскі павет(pl), Віленскае ваяводзтва, Польская рэспубліка
Дата сьмерці сьнежань 2015[1]
Месца сьмерці Санкт-Пецярбург, Расея
Грамадзянства Беларусь
Занятак палітык
Бацька Нікан Бялевіч
Жонка Марыя Рыгораўна Бялевіч (дзяв. Бабіч)

Леў Ніканавіч Бялевіч (1926; в. Багуцкія, цяпер Мёрскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 2015; Санкт-Пецярбург, Расея) — сябра Глыбоцкай групы моладзевай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) з восені 1945 году. Вязень ГУЛАГу з 1947 па 1955 год.

Нарадзіўся ў беларускай сялянскай сям'і, якая жыла зь дзедам. Меў 3 сясьцёр: Вера, Ніна, Надзея. Дзед навучаў Дабравесьцю і беларускім вершам[2]. У дзяцінстве Льва выхоўвалі ў беларушчыне. Бялевіч добра ведаў гісторыю Беларусі, даўнія карані беларускай дзяржаўнасьці.


« Ад дзядулі я ў маленстве пачуў пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага, пра дзікія выхадкі царскага служкі Мураўёва-вешальніка. »

У польскамоўнай пачатковай школе ў в. Разьдзёрка, якую скончыў у чэрвені 1938 г., настаўніца забараняла размаўляць на беларускай мове. У верасьні 1938 г. паступіў ў в. Глушкі, якая знаходзілася за 15 км ад роднай в. Багуцкія, ў 7-гадовую польскамоўную школу, дзе скончыў 5-ю клясу. 17 верасьня 1939 г. у в. Лужкі суправаджаў адыход Польскага войска і сустрэў Чырвоную армію пад Лужкамі. 12 лістапада 1939 г. Вярхоўны Савет БССР зацьвердзіў Закон аб ўзьяднаньні Заходняй Беларусі з БССР. У выніку пайшоў паўторна ў 5-ю клясу ў расейскамоўнай школе з часткова беларускамоўным навучаньнем (Расеізацыя). Узімку 1939 г. стаў сьведкам хапуна і высылкі на лесапавал сям’і суседа з 7 дзецьмі, які ажыцьцявілі супрацоўнікі НКУС СССР (Рэпрэсіі ў БССР)[2]. Дзядзька Бялевіча быў прызначаны савецкай адміністрацыяй старшынём мясцовага Язьненскага сельсавету, які стварылі 12 кастрычніка 1940 году.

У 6-ю клясу пайшоў пад нямецкай акупацыяй у школу ў вёсцы Язна (Мёрскі раён; Глыбоцкая вобласьць, Генэральная акруга Беларусь). Яе дырэктарам быў дзеяч асьветы Заходняй Беларусі Ігнат Мятла, які быў родным братам беларускага пасла польскага Сойму Пятра Мятлы (1922—1927; Беларускі пасольскі клюб). Усё навучаньне было па-беларуску. Гісторыю вывучалі паводле падручніка «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910) Вацлава Ластоўскага[2].

Узімку 1943 г. савецкія партызаны спалілі Язьненскую школу. Ільву давялося хадзіць пешшу ў в. Чарневічы (цяпер Глыбоцкі раён, Віцебская вобл. Беларусь), што знаходзілася за 7 км. У 1943 г. па заканчэньні Чарневіцкай школы ўдала здаў экзамэны ў Глыбоцкую прагімназію, але з прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча вучыцца ня змог. Увосень 1944 г., па прыходзе Чырвонай арміі, паступіў у толькі адчынены Глыбоцкі пэдагагічны тэхнікум (вучэльня). Выкладаньне ў вучэльні было вельмі русіфікаваным, бо выкладаць прывезьлі расейскіх настаўнікаў з Урала. Усе 100 навучэнцаў правалілі ўступную расейскамоўную дыктоўку. Па-беларуску выкладала толькі адна настаўніца: беларускую мову і літаратуру. У студзені 1946 г., на 2-м курсе Глыбоцкага пэдтэхнікума, увайшоў у Саюз беларускіх патрыётаў разам з аднакурсьнікамі для супольнай падрыхтоўкі да беларускамоўнага настаўніцтва. Саюз беларускіх патрыётаў улучыў гурток «За Беларусь» з Пастаўскайпэдвучэльні, пасьля чаго зацьвердзіў Статут і сацыял-дэмакратычную Праграму, якая прадугледжвала незалежнасьць Беларусі, бела-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня»[2].

У часе разгрому СБП органамі МГБ за ўдзел у гэтай моладзевай арганізацыі Леў Бялевіч быў арыштаваны 8 лютага 1947. Разам зь ім арыштавалі Васіля Мядзельца і Антона Фурса[2]. Прычыну хуткай паразы Бялевіч бачыць ва ўласнай неасьцярожнасьці тагачасных маладых патрыётаў і правакатарстве аднаго з удзельнікаў СБП Алега Стахоўскага, які аказаўся супрацоўнікам энкавэдыстаў.

Пасьля суду над СБП у Менску, які адбыўся 16-20 чэрвеня 1947, Бялевіч быў асуджаны паводле арт. 63-I КК БССР на 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Да лета 1948-га адбываў тэрмін у лягеры «Краснае ўрочышча» пад Менскам. Працаваў на будаўніцтве Менскага аўтамабільнага заводу. Затым быў накіраваны ў Інцінскія лягеры (Комі АССР). Леў Бялевіч разам з Васілём Супруном, Кастусём Шышэя, Шастаковічам арганізавалі зямляцкі гурток, які зьяўляўся беларускім цэнтрам ў сыстэме лягероў вакол Інты. У сакавіку 1953 г. перахварэў на жаўтуху (хвароба Боткіна). Пазьней падчас апэрацыі яму выдалілі частку страўніка ў выніку прабадной язвавай хваробы. Апэрацыя доўжылася 4 гадзіны без наркозу[2]. Зь лягеру быў вызвалены ў 1955 у выніку т. зв. хрушчоўскай «адлігі». Пасьля вяртаньня ў Беларусь ажаніўся з Марыяй Бабіч, таксама колішнім сябрам СБП. З 1956 году разам з жонкай пераехаў зноў пад Інту, дзе працаваў шахцёрам[3].

30 кастрычніка 1992 году рэабілітаваны Вярхоўным судом Беларусі[4]. Пазьней жыў у Полацку (Віцебская вобласьць, Беларусь)[2]. Памёр у сьнежні 2015 году ў Санкт-Пецярбургу.

« Калі ў паваенны час нас было вельмі мала, то цяпер тысячы юнакоў і дзяўчат сьмела ідуць пад бел-чырвона-белым сьцягам, баронячы волю і незалежнасьць нашай краіны. Я веру, перамога будзе на іх баку[1]. »

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]