Перайсьці да зьместу

Леў Бялевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леў Бялевіч
Імя пры нараджэньні Леў Ніканавіч Бялевіч
Род дзейнасьці Шахтар
Дата нараджэньня 10 сакавіка 1926
Месца нараджэньня вёска Багуцкія(be), Дзісноўскі павет(pl), Віленскае ваяводзтва, Польская рэспубліка
Дата сьмерці сьнежань 2015[1]
Месца сьмерці Санкт-Пецярбург, Расея
Грамадзянства Беларусь
Занятак палітык
Бацька Нікан Бялевіч
Жонка Марыя Рыгораўна Бялевіч (дзяв. Бабіч)

Леў Ніканавіч Бялевіч (1926; в. Багуцкія, цяпер Мёрскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 2015; Санкт-Пецярбург, Расея) — сябра Глыбоцкай групы моладзевай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) з восені 1945 году. Вязень ГУЛАГу з 1947 па 1955 год.

Нарадзіўся ў беларускай сялянскай сям'і, якая жыла зь дзедам. Меў 3 сясьцёр: Вера, Ніна, Надзея. Дзед навучаў Дабравесьцю і беларускім вершам[2]. У дзяцінстве Льва выхоўвалі ў беларушчыне. Бялевіч добра ведаў гісторыю Беларусі, даўнія карані беларускай дзяржаўнасьці.


« Ад дзядулі я ў маленстве пачуў пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага, пра дзікія выхадкі царскага служкі Мураўёва-вешальніка. »

У польскамоўнай пачатковай школе ў в. Разьдзёрка, якую скончыў у чэрвені 1938 г., настаўніца забараняла размаўляць на беларускай мове. У верасьні 1938 г. паступіў ў в. Глушкі, якая знаходзілася за 15 км ад роднай в. Багуцкія, ў 7-гадовую польскамоўную школу, дзе скончыў 5-ю клясу. 17 верасьня 1939 г. у в. Лужкі суправаджаў адыход Польскага войска і сустрэў Чырвоную армію пад Лужкамі. 12 лістапада 1939 г. Вярхоўны Савет БССР зацьвердзіў Закон аб ўзьяднаньні Заходняй Беларусі з БССР. У выніку пайшоў паўторна ў 5-ю клясу ў расейскамоўнай школе з часткова беларускамоўным навучаньнем (Расеізацыя). Узімку 1939 г. стаў сьведкам хапуна і высылкі на лесапавал сям’і суседа з 7 дзецьмі, які ажыцьцявілі супрацоўнікі НКУС СССР (Рэпрэсіі ў БССР)[2]. Дзядзька Бялевіча быў прызначаны савецкай адміністрацыяй старшынём мясцовага Язьненскага сельсавету, які стварылі 12 кастрычніка 1940 году.

У 6-ю клясу пайшоў пад нямецкай акупацыяй у школу ў вёсцы Язна (Мёрскі раён; Глыбоцкая вобласьць, Генэральная акруга Беларусь). Яе дырэктарам быў дзеяч асьветы Заходняй Беларусі Ігнат Мятла, які быў родным братам беларускага пасла польскага Сойму Пятра Мятлы (1922—1927; Беларускі пасольскі клюб). Усё навучаньне было па-беларуску. Гісторыю вывучалі паводле падручніка «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910) Вацлава Ластоўскага[2].

Узімку 1943 г. савецкія партызаны спалілі Язьненскую школу. Ільву давялося хадзіць пешшу ў в. Чарневічы (цяпер Глыбоцкі раён, Віцебская вобл. Беларусь), што знаходзілася за 7 км. У 1943 г. па заканчэньні Чарневіцкай школы ўдала здаў экзамэны ў Глыбоцкую прагімназію, але з прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча вучыцца ня змог. Увосень 1944 г., па прыходзе Чырвонай арміі, паступіў у толькі адчынены Глыбоцкі пэдагагічны тэхнікум (вучэльня). Выкладаньне ў вучэльні было вельмі русіфікаваным, бо выкладаць прывезьлі расейскіх настаўнікаў з Урала. Усе 100 навучэнцаў правалілі ўступную расейскамоўную дыктоўку. Па-беларуску выкладала толькі адна настаўніца: беларускую мову і літаратуру. У студзені 1946 г., на 2-м курсе Глыбоцкага пэдтэхнікума, увайшоў у Саюз беларускіх патрыётаў разам з аднакурсьнікамі для супольнай падрыхтоўкі да беларускамоўнага настаўніцтва. Саюз беларускіх патрыётаў улучыў гурток «За Беларусь» з Пастаўскайпэдвучэльні, пасьля чаго зацьвердзіў Статут і сацыял-дэмакратычную Праграму, якая прадугледжвала незалежнасьць Беларусі, бела-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня»[2].

У часе разгрому СБП органамі МГБ за ўдзел у гэтай моладзевай арганізацыі Леў Бялевіч быў арыштаваны 8 лютага 1947. Разам зь ім арыштавалі Васіля Мядзельца і Антона Фурса[2]. Прычыну хуткай паразы Бялевіч бачыць ва ўласнай неасьцярожн��сьці тагачасных маладых патрыётаў і правакатарстве аднаго з удзельнікаў СБП Алега Стахоўскага, які аказаўся супрацоўнікам энкавэдыстаў.

Пасьля суду над СБП у Менску, які адбыўся 16-20 чэрвеня 1947, Бялевіч быў асуджаны паводле арт. 63-I КК БССР на 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Да лета 1948-га адбываў тэрмін у лягеры «Краснае ўрочышча» пад Менскам. Працаваў на будаўніцтве Менскага аўтамабільнага заводу. Затым быў накіраваны ў Інцінскія лягеры (Комі АССР). Леў Бялевіч разам з Васілём Супруном, Кастусём Шышэя, Шастаковічам арганізавалі зямляцкі гурток, які зьяўляўся беларускім цэнтрам ў сыстэме лягероў вакол Інты. У сакавіку 1953 г. перахварэў на жаўтуху (хвароба Боткіна). Пазьней падчас апэрацыі яму выдалілі частку страўніка ў выніку прабадной язвавай хваробы. Апэрацыя доўжылася 4 гадзіны без наркозу[2]. Зь лягеру быў вызвалены ў 1955 у выніку т. зв. хрушчоўскай «адлігі». Пасьля вяртаньня ў Беларусь ажаніўся з Марыяй Бабіч, таксама колішнім сябрам СБП. З 1956 году разам з жонкай пераехаў зноў пад Інту, дзе працаваў шахцёрам[3].

30 кастрычніка 1992 году рэабілітаваны Вярхоўным судом Беларусі[4]. Пазьней жыў у Полацку (Віцебская вобласьць, Беларусь)[2]. Памёр у сьнежні 2015 году ў Санкт-Пецярбургу.

« Калі ў паваенны час нас было вельмі мала, то цяпер тысячы юнакоў і дзяўчат сьмела ідуць пад бел-чырвона-белым сьцягам, баронячы волю і незалежнасьць нашай краіны. Я веру, перамога будзе на іх баку[1]. »

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]