Перайсьці да зьместу

Iskry Skaryny

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Iskry Skaryny
Краіна Чэхаславаччына Чэхаславаччына
Адрас Прага
Выдавец Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Францішка Скарыны
Дата заснаваньня 1931
Дата закрыцьця 1935
Мова беларуская

«Iskry Skaryny» («Іскры Скарыны») — гісторыка-публіцыстычны часопіс, які выдаваўся ў Празе беларускай мовай Беларускім (Крывіцкім) таварыствам імя Францыска Скарыны ў 1931—1935 роках[1]. Друкаваўся лацінкай. Выйшла 5 нумароў[2]. У аснову выданьня пакладзены ідэі пераемнасьці духоўнай спадчыны Францішка Скарыны з сучаснымі праблемамі палітычна-дзяржаўнага і культурнага разьвіцьця, нацыянальнай кансалідацыі беларускага народу, асэнсаваньня суб’ектна-творчай ролі беларусаў у гістарычным працэсе, імкненьня да самастойнага і самабытнага шляху разьвіцьця[3].

У артыкуле Тамаша Грыба «Інтэлігенцыя і народ» праводзілася думка пра вялікае значэньне нацыянальнай культуры як першаасновы агульначалавечай, акцэнтавалася ўвага на праблемах нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў, асабліва ва ўмовах асыміляцыі з боку расейскага і польскага народаў, на ролі інтэлігенцыі як выразьніка і гаранта духоўнай жыцьцяздольнасьці нацыі. Выступаў з прапановай агульнабеларускага яднаньня на аснове гуртаваньня розных палітычных кірункаў дзеля карэнных нацыянальных інтарэсаў, найперш нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. У артыкуле Тамаша Грыба «На два франты!» сьцьвярджалася, што «кож��ы беларус, хто б ні быў па сваіх поглядах і перакананьнях, павінен выканаць сваю павіннасьць: адважна стаць у шэрагі змагароў за волю і незалежнасьць Беларусі»[4].

Выданьне асьвятляла пытаньні беларускай гістарыяграфіі, геральдыкі, нацыянальных традыцый. У артыкуле Васіля Захаркі «На шляху беларускіх старадаўнасьцей» зьвернута ўвага на крыніцазнаўчую каштоўнасьць Густынскага летапісу і «Хронік зь летапісаў старадаўніх» у вывучэньні беларускай мінуўшчыны. Крытычна ацэньвала нацыянальную палітыку ў БССР. Камплект выданьня захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Чэхіі (Прага)[4]. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захавалася карэспандэнцыя і матэрыялы часопіса[5].

  1. ^ А. К. Каўка. «Іскры Скарыны» // БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. — С. 331.
  2. ^ М. Чмарова. О белорусских студенческих изданиях в межвоенной Чехословакии  (рас.) // Opera Slavica : часопіс. — 2001. — Т. 11. — № 1. — С. 27. — ISSN 1211-7676.
  3. ^ А. Каўка. «Іскры Скарыны» // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. — С. 505.
  4. ^ а б А. Каўка. «Іскры Скарыны» // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. — С. 506.
  5. ^ В. У. Коваль. Роля студэнцкіх і прафесійных арганізацый у працэсе сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі беларускіх эмігрантаў у Чэхаславакіі (1918—1939 гг.) // Труды БГТУ. Серия 6. — 2018. — № 2. — С. 43.