Чарэя
Чарэя лац. Čareja | |
Царква Сьвятога Міхала Арханёла | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Чашніцкі |
Сельсавет: | Лукомальскі |
Насельніцтва: | 509 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2133 |
Паштовы індэкс: | 211164 |
СААТА: | 2251830131 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°36′52″ пн. ш. 29°16′36″ у. д. / 54.61444° пн. ш. 29.27667° у. д.Каардынаты: 54°36′52″ пн. ш. 29°16′36″ у. д. / 54.61444° пн. ш. 29.27667° у. д. |
± Чарэя | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Чарэ́я[1] — вёска ў Беларусі, на беразе Чарэйскага возера. Уваходзіць у склад Лукомальскага сельсавету Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 509 чалавек. Знаходзіцца за 38 км на поўдзень ад Чашнікаў, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Вятны; на шашы Чашнікі — Крупкі.
Чарэя — даўняе места гістарычнай Аршаншчыны[2] (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Ад назвы паселішча ўтварылася найменьне старэйшай лініі роду Сапегаў, якія мелі тут сваю рэзыдэнцыю. Да нашага часу захавалася царква Сьвятога Міхала Арханёла, помнік архітэктуры XVII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, помнік архітэктуры XIX ст., зьнішчаны савецкімі партызанамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторык і археограф Дзьмітры Даўгяла дае тлумачэньне тапоніму Чарэя, спасылаючыся на Г. Трусмана. Гэтая назва, паводле Трусмана, утварылася ад фінскага кораня keraja — 'сбор, сход'. Але разам з тым ён спасылаецца і на іншае фінскае слова чэры — 'месца, пакрытае ці парослае асотам або хмызьняком'[3].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Чарэю зьмяшчаецца ў актах Літоўскай Мэтрыкі і датуецца 1454 годам, калі паблізу паселішча смаленскі япіскап Місаіл і ягоны брат Міхаіл Пструх заснавалі манастыр. Сьпярша гэта быў удзельны горад, пазьней мястэчка, якое ляжала на беразе возера Галаўля (сучасная назва — Чарэйскае). Некаторыя дасьледнікі лічаць, што ў XIV—XVI стагодзьдзях існавала Чарэйскае княства[3]. У 1475 годзе М. Пструх заснаваў тут царкву Сьвятой Тройцы, якую перадаў пад патранат Багдану Сапегу.
У выніку шлюбных зьвязкаў Чарэя перайшла да Сапегаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў яна ўвайшла ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. Асаблівага росквіту Чарэя дасягнула за часамі Льва Сапегі. Ён аднавіў манастыр, а ў 1599 годзе на высьпе возера Галаўля збудаваў Траецкую (мясцовая назва «Белая») царкву, якая зьяўляецца помнікам архітэктуры раньняга барока. Сьцены гэтай царквы захаваліся да нашых дзён каля вёскі Белай Царквы.
У 1660 годзе Чарэя стала арэнай баявых дзеяньняў паміж абаронцамі Вялікага Княства Літоўскага і маскоўскімі захопнікамі. Каля мястэчка адбыўся бой, у якім браў удзел Павал Ян Сапега. З XVI ст. Чарэйскае ўладаньне Сапегаў мела назву «графства», у склад якога ўваходзілі места Чарэя, маёнткі Чарэйскае, Абчуг, Асечна, Багатырова, Мялешкавічы, Котава, Дзенькаўшчына, Горы з Чарняўчыцамі, Рыдомль, войтаўства Дакучын, а таксама некалькі асобных вёсак і шляхецкіх «засьценкаў».
Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) Чарэя стала сталіцай рэшты Віцебскага ваяводзтва.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Чарэя апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У канцы XVIII ст. Чарэйскае графства Сапегаў распалася. Асобныя маёнткі трапілі да іншых уласьнікаў. Найбольшая частка графства перайшла да сямейства Мілашаў.
У вайну 1812 году Чарэю на 6 месяцаў занялі французы. Тут у ліпені — лістападзе стаяў корпус маршала Легарнэ, потым — маршала Віктора. Жыхары мястэчка бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага[3]. З мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага ў 1863 годзе расейскія ўлады адкрылі тут царкоўна-прыходзкую школу, дзе навучаліся ад 20 да 30 вучняў. На 1880 год у Чарэі было 2 мураваныя і 198 драўляных будынкаў, мураваныя царква і касьцёл, юдэйская малітоўная школа. У пачатку XX ст. працавалі 3 гарбарні і бровар.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Чарэю занялі войскі Нямецкай імпэрыі[4].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чарэя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Чарэю вярнулі ў склад БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету (існаваў да 8 красавіка 2004 году). За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1943 годзе савецкія партызаны аддзелу Садчыкава ўзарвалі касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя.
На 1996 год у Чарэі быў 321 двор, на 2003 — 250. У 2000-я гады Чарэя атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Касьцёл, 1913 г.
-
Касьцёл, 1914 г.
-
Касьцёл, 1941 г.
-
Інтэр’ер касьцёла, 1913 г.
-
Царква-мураўёўка, да 1930 г.
-
Сядзіба Мілашаў, да 1918 г.
-
Сядзіба Мілашаў, 1918 г.
-
Лякарня, 1930 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1880 год — 2112 чал.[5] (1039 муж. і 1073 жан.), зь іх 775 праваслаўных, 44 каталікі, 1 пратэстант (жанчына), 636 муж. і 656 жан. юдэяў
- XX стагодзьдзе: 1901 год — 3 тыс. чал.; 1996 год — 731 чал.; 1999 год — 716 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2003 год — 597 чал.[6]; 2005 год — 537 чал.; 2010 год — 509 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Чарэі працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, клюб.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарадзішча
- Могілкі юдэйскія
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла (XVII ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (1828—1839)
- Сынагога
- Сядзібна-паркавы комплекс Мілашаў (XVIII—XIX стагодзьдзі)
- Царква Прачыстай Багародзіцы (пачатак XX ст.; мураўёўка)
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Оскар Мілаш (1877—1939) — францускі паэт, драматург, празаік, філёзаф-містык
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 482.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 415.
- ^ а б в Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чашніцкага р-на. — Мн.: Беларуская навука, 1997.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Chmara A. Czereja // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 797.
- ^ Раманаў Р. Чарэя // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 250.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чашніцкага р-на. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 542 с. ISBN 5-343-01611-1.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чарэя, Radzima.org
- Чарэя, Globus.tut.by
- Згадкі пра Чарэю ў Віцебскім летапісе
- Фатаздымкі Чарэі і Белай Царквы
|