Сэру Эпэніса Такамбау
Сэру Эпэнісу Такамбау | |
Seru Epenisa Cakobau | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
1815 |
Памёр: |
1883 |
Дзеці: | Adi Asenaca Kakua Vuikaba[d][1], Josefa Celua[d][1] і Epeli Nailatikau I[d][1] |
Бацька: | Tanoa Visawaqa[d] |
Сэру Эпэнісу Такамбау (па-фіджыйску: Seru Epenisa Cakobau; 1815 г. — 1 лютага 1883 г.) — правадыр вострава Мбау, першы й апошні кароль Фіджы.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся на востраве Мбау або на адным з суседніх астравоў на ўсход ад Віці-Леву ў сямʼі правадыра Таноа Вісавака, які аспрэчваў уладу Рока Туі-Мбау, вярхоўнага правадыра Мбау. У 1832 г. пасьля чарговага канфлікта Таноа Вісавака пакінуў Мбау, таму Сэру Эпінісу гадаваўся за межамі радзімы. У 1837 г. ён вярнуўся на Мбау і ўзначаліў змову супраць Туі-Мбау. Пасьля забойства вярхоўнага правадыра ўлада апынулася ў рукох яго бацькі. Пазьней Сэру Эпінісу атрымаў дадатковае імя Такамбау (літаральна «разбуральнік Мбау») і ажаніўся з адной з дачок зрынутага манарха.
У 1852 г. Сэру Эпінісу ўспадкоўваў уладу бацькі. Да таго часу правадыры Мбау ўжо кантралявалі значную частку Фіджы. Іх галоўнымі супернікамі былі вярхоўныя правадыры вострава Авалау й валадары Тонга. Авалау зьяўляўся галоўным і найбольш багатым цэнтрам эўрапейскага гандлю. Танганцы кантралявалі ўсходнія астравы Фіджы. У 1853 г. Такамбау заключыў дамову з валадаром Тонга, якая прадугледжвала дапамогу супраць правадыроў Авалау й іх хаўрусьнікаў, а таксама хрышчэньне самога Сэру Эпінісу. У 1855 г. ён разам з танганцамі атрымаў перамогу. 11 студзеня 1857 г. афіцыйна прыняў хрысьціянства і адмовіўся ад канібалізму.
У 1855 г. Сэру Эпінісу сутыкнуўся зь ціскам ЗША, якія даслалі да берагоў Фіджы ваенны карабель і запатрабавалі 38 531 долараў у якасьці кампэнсацыі згуб амэрыканскіх грамадзян. Такамбау спадзяваўся выйграць час і прызнаў частку свайго абавязка ў 5 000 долараў. У 1858 г. ЗША паўтарылі акцыю. Такамбау зьвярнуўся да брытанскага консула з прапановай перадаць значную частку сваёй тэрыторыі ў абмен на падтрымку і выплату абавязка. Аднак пасьля наведваньня Фіджы спэцыяльнай брытанскай камісіяй яму было адмоўлена, паколькі чальцы камісіі палічылі, што Сэру Эпінісу не зьяўляецца паўнавартым манархам.
У 1865 г. па ініцыятыве брытанскіх гандляроў была створана канфэдэрацыя правадыроў тавата. Такамбау абвяшчаўся вярхоўным правадыром, што дазволіла яму перадаць частку земляў прыватным уласьнікам і такім чынам разьлічыцца з ЗША. У 1871 г. пасьля адмовы танганскага стаўленьніка Маʼафу ад улады па ініцыятыве брытанцаў Сэру Эпінісу быў афіцыйна прызнаны каралём Фіджы, хаця яго ўлада абмяжоўвалася іншымі правадырамі. Аднак новы ўрад апынуўся эканамічна недзеяздольным, што прывяло да сацыяльных хваляваньняў. 10 кастрычніка 1874 г. Такамбау афіцыйна адрокся ад тытула на карысьць брытанскай каралевы Вікторыі.
Ужо ў якасьці экс-манарха Такамбау наведаў разам з прадстаўнікамі сваёй сямʼі Аўстралію, дзе ў той пэрыяд знаходзілася брытанская адміністрацыя. Візыт пакінуў у яго вялікае ўражаньне. Аднак некалькі яго сыноў заразіліся адзёрным вірусам і прывезьлі яго з Аўстраліі на Фіджы. Успыхнула эпідэмія, якая мела катастрафічныя наступствы. У выніку хваробы і паўстаньняў загінула трэць фіджыйцаў.
Памёр 1 лютага 1883 г. на Фіджы. Пры жыцьці быў двойчы жанаты, меў 11 дзяцей.
Сваякі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імя Какабау сёньня шануюць на астравах Фіджы, бо многія зь вядучых дзеячаў краіны зьяўляюцца яго нашчадкамі. Яго праўнук Рату сэр Джордж Какабаў займаў пасаду ґенэрал-губэрнатара з 1973 па 1983 год. Яшчэ адзін нашчадак Адзі Ліціа Чакобава па мацярынскай лініі Рату Эпэлі Найлацікаў цяпер зьяўляецца сьпікерам Палаты прадстаўнікоў. Рату сэр Камісесе Мара, бацька-заснавальнік сучаснага Фіджы, таксама зьяўляецца нашчадкам Какобаў, хоць і ня па бацькоўскай лініі. Усе палітычныя, акадэмічныя і ваенныя эліты Фіджы ўключаюць у сябе яго нашчадкаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |