Перайсьці да зьместу

Спадарожнікі Ўрана

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

На 2005 год вядома 27 спадарожнікаў Урана і 13 яго кольцаў.

Па традыцыі спадарожнікам Урана даюць імёны герояў п'ес Ўільяма Шэксьпіра. Але Арыель і Умбрыэль названыя ў гонар персанажаў паэмы Аляксандра Поўпа «Выкраданьне пасмы». Шэраг астэроідаў маюць імёны, супадальныя з імёнамі спадарожнікаў Урана (напрыклад, Тытанія, Дэз��эмона і інш.), што можа прыводзіць да блытаніны. Акрамя таго, традыцыйнае напісаньне імёнаў у расейскіх перакладах Шэксьпіра часам моцна адрозьніваецца ад анґельскай транскрыпцыі, што можа прыводзіць да розначытаньняў у назвах спадарожнікаў.

Тытанія і Абэрон былі адкрытыя Ўільямам Гершэлем у 1787 годзе, Арыель і УмбрыельЎільямам Ласелам у 1851 годзе, МірандаДжэрардам Койпэрам у 1948 годзе.

У 1986 годзе «Вояджэр-2», пралятаючы міма Ўрана, адкрыў 10 спадарожнікаў, яшчэ адзін быў выяўлены пасьля пры аналізе фатаґрафіяў «Вояджэра». Астатнія спадарожнікі адкрыты ў выніку назіраньняў у тэлескоп.

Найбуйныя спадарожнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сыстэме Ўрана маецца 4 буйных спадарожніка дыямэтрам больш за 1000 км (Арыель, Абэрон, Тытанія, Умбрыэль), а таксама Міранда дыямэтрам 472 км. Астатнія спадарожнікі значна менш.

Дадзеныя «Вояджэра» сьведчаць аб ґеаляґічнай актыўнасьці некаторых спадарожнікаў (асабліва Міранды і Арыеля). Мяркуецца наяўнасьць крыавульканізма на некаторых зь іх (прынамсі ў мінулым).

Усе буйныя спадарожнікі Ўрана заўсёды зьвернутыя да яго адным бокам.

Найбуйныя спадарожнікі Ўрана. Усе яны даволі цёмныя, бо падвяргаюцца ўзьдзеяньню зараджаных часьціц.
Найбуйныя спадарожнікі Ўрана. Усе яны даволі цёмныя, бо падвяргаюцца ўзьдзеяньню зараджаных часьціц.

У 1977 годзе былі адкрытыя слабыя кольцы вакол плянэты. Найболей прыкметных кольцаў 9, прычым самае шырокае (некалькі дзясяткаў кілямэтраў) — кольца ε — мае радыюс 51 тыс. км. Кольцы вузкія, з шырокімі шчылінамі паміж імі. Яны, відаць, складаюцца з адносна буйных элемэнтаў (у асноўным больш за 10 см). У 1789 годзе астраном Уільям Гершэль адлюстраваў Уран з кольцамі і зрабіў запіс: «Кольца кароткае, не такое, як у Сатурна». Прычым кольцы ў яго паказаныя прыкладна ў тым ракурсе, дзе яны сапраўды знаходзілася ў 1789 г. Але адмыслоўцы лічаць гэты запіс памылкай: убачыць кольца ў тэлескоп Гершэль ня мог (сам Гершэль пасьля таксама прызнаваў, што гэта быў аптычны зман).

Сыстэма Ўрана валодае незвычайнай асаблівасьцю: плоскасьці арбіт спадарожнікаў і кольцаў моцна нахіленыя адносна плоскасьці экліптыкі (сам Уран таксама круціцца, як бы «лежучы на боку»). Цяпер паўднёвае канцавосьсе сыстэмы накіраваны прыкладна на Сонца. Такім чынам, паўночныя паўшар'і ўсіх буйных спадарожнікаў знаходзяцца ў цені, а ў паўднёвых назіраецца доўгі палярны дзень, які дасягае 42 зямных гадоў.

Арбіты Калібана, Сэтэбаса, Сыкараксы, Стэфана, Праспэра, Трынкула, Фэрдынанда (S/2001 U2), Францыска (S/2001 U3), Марґарыты (S/2003 U3) валодаюць вялікім эксцэнтрысытэтам (моцнай выцягнутасьцю). Арбіты астатніх спадарожнікаў блізкія да кругавых.

Большасьць спадарожнікаў (у тым ліку ўсё буйныя) і кольцы Ўрана маюць даволі цёмную паверхню, што тлумачаць іх разьмяшчэньнем у радыяцыйных паясах плянэты і сталым бамбаваньнем зараджанымі часьціцамі.

Усе спадарожнікі Ўрана (як і іншыя спадарожнікі плянэт Сонечнай сыстэмы, за выключэньнем Тытана) не валодаюць шчыльнай атмасфэрай; пакуль не атрымалася выявіць нават сьлядоў разрэджанай атмасфэры.

Парамэтры спадарожнікаў Урана

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

(разьмеркаваныя па ступені аддаленасьці ад плянэты, найбуйнейшыя вылучаныя, знак пытаньня адлюстроўвае прыблізнасьць лічбы)

Назва Дыямэтар (км) Маса (кг) Вялікая паўвось
(радыюс) арбіты, км
Арбітальны пэрыяд
(«-» азначае
зваротны рух)
Год адкрыцьця
Кардэлія 40 ± 6 4,5 x 1016 ? 49 770 0,335 дня 1986
Афэлія 43 ± 8 5,4 x 1016 ? 53 790 0,376 дня 1986
Б'янка 51 ± 4 9,3 x 1016 ? 59 170 0,434579 дня 1986
Крэсыда 80 ± 4 3,43 x 1017 ? 61 780 0,464 дня 1986
Дэздэмона 64 ± 8 1,78 x 1017 ? 62 680 0,473650 дня 1986
Джульета 94 ± 8 5,57 x 1017 ? 64 350 0,493 дня 1986
Порцыя 135 ± 8 1,68 x 1018 ? 66 090 0,513 дня 1986
Разалінда 72 ± 12 2,54 x 1017 ? 69 940 0,558 дня 1986
Купідон ~ 10 невядома 74 800 0,618 дня 2003
Бэлінда 81 ± 16 3,57 x 1017 ? 75 260 0,624 дня 1986
Пэрдыта ~ 20 невядома 76 420 0,638 дня 1986
Пак 162 ± 4 2,89 x 1018 ? 86 010 0,762 дня 1985
Маб ~ 10 невядома 97 734 0,923 дня 2003
Міранда 471,6 ± 1,4 (6,6 ± 0,7) x 1019 129 390 1,413 дня 1948
Арыель 1157,8 ± 1,2 (1,35 ± 0,12) x 1021 191 020 2,52 дня 1851
Умбрыэль 1169,4 ± 5,6 (1,17 ± 0,13) x 1021 266 300 4,144 дня 1851
Тытанія 1577,8 ± 3,6 (3,53 ± 0,09) x 1021 435 910 8,706 дня 1787
Абэрон 1522,8 ± 5,2 (3,01 ± 0,07) x 1021 583 520 13,463 дня 1787
Францыска ~ 12 1,3 x 1015 ? 4 276 000 ?266,6 дня 2001
Калібан ~ 98 7,3 x 1017 ? 7 231 000 ?579,7 дня 1997
Стэфана ~ 20 6 x 1015 ? 8 004 000 ?677,4 дня 1999
Трынкула ~ 10 7 x 1014 ? 8 504 000 ?759 дзён 2001
Сыкаракса ~ 190 5,4 x 1018 ? 12 179 000 ?1288 дзён 1997
Марґарыта ~ 11 1,3 x 1015 ? 14 345 000 1694,8 дня 2003
Праспэра ~ 30 2,1 x 1016 ? 16 256 000 ?1977 дзён 1999
Сэтэбас ~ 30 2,1 x 1016 ? 17 418 000 ?2234.8 дня 1999
Фэрдынанд ~ 12 невядома 20 901 000 ?2823,4 дня 2001

Крыніцы: NASA/NSSDC і Гавайскі ўніверсітэт.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]