Славянскі сабор Белая Русь
Славянскі сабор «Белая Русь» | |
па-беларуску: Славянскі сабор Белая Русь | |
Лідэр партыі | Мікалай Сяргеяў |
---|---|
Дата заснаваньня | 1992 год |
Распушчаная | 1999 год |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Першамайская, 24/1-80 |
Саюзьнікі і блёкі | Усеславянскі сабор, Расейскі нацыянальны сабор |
Ідэалёгія | антыбеларуская, прарасейская, захадафобія, імпэрыялістычны шавінізм |
Орган партыйнага друку | Часопіс «Белая Русь» |
Славя́нскі сабо́р «Бе́лая Русь» — палітычная партыя, якая існавала ў 1992—1999 гадах у Беларусі. Ідэйнай плятформай партыі было русафільства й беларусафобія. Арганізацыя аб’ядноўвала прыхільнікаў імпэрыялістычна-шавіністычнай ідэі трыадзінства расейскага народу (гэта значыць ідэі аб тым, што расейскі народ складаецца зь велікаросаў, маларосаў і беларусаў) і выступала за аб’яднаньне Расеі, Украіны і Беларусі.
Старшыня — Мікалай Сяргеяў. Кіравальны орган — Дума.
Мэты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абарона славяна-расейскіх інтэрэсаў ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця на аснове яднаньня славяна-расейскіх народаў і прыярытэту традыцыйных каштоўнасьцяў іх цывілізацыі.[1]
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Устаноўчы збор партыі адбыўся 6 чэрвеня 1992 году. Былі прынятыя статут і праграма, абраныя Дума і тры сустаршыні: Мікалай Сяргееў, палкоўнік Валер Сураеў і падпалкоўнік Міхаіл Ільлін. З моманту стварэньня партыя выступала за наданьне расейскай мове дзяржаўнага статусу, супраць арыентацыі на Эўропу і за паглыбленьне сувязяў з Расеяй да поўнага аб’яднаньня.
У 1993 годзе ССБР быў адным з ініцыятараў стварэньня Народнага руху Беларусі, які аб’ядноўваў прарасейскія і беларусафобскія арганізацыі. Рух узначаліў Сяргей Гайдукевіч, які затым стаў старшынём Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. ССБР выступаў таксама супраць нацыяналістычнай апазыцыі і празаходніх палітычных сілаў, падтрымлівала прэзыдэнта ў яго супрацьстаяньні зь Вярхоўным Саветам і імкненьні правесьці рэфэрэндумы.
Асноўны занятак партыі — арганізацыя розных сэмінараў і агітацыя праз СМІ. Супрацоўнічала з газэтамі «Знамя юности», «Славянский набат».
У ССБР уступілі Ўсевалад Янчэўскі, Юры Азаронак і іншыя беларускія грамадзкія дзеячы.
Арганізацыя выкарыстоўвала расейскі манархічны чорна-жоўта-белы сьцяг (імпэрскі сьцяг).[2]
Пры чарговай перарэгістрацыі, што праходзіла ў 1999 годзе, партыя не змагла падаць у Міністэрства юстыцыі сьпісы неабходнага ліку сяброў у 1000 чалавек і спыніла сваю дзейнасьць.[3][4]