Ордэн Сант’яга
Ордэн Сант’яга (па-гішпанску: Orden Militar de Santiago), дакладная назва Вялікі ваенны ордэн Мяча сьвятога Якава Кампастэльскага — каталіцкі ваенны ордэн, заснаваны ў Гішпаніі каля 1160 году. Названы ў гонар сьвятога — заступніка Гішпаніі. Дзейнічае дагэтуль як грамадзянскі рыцарскі ордэн пад заступніцтвам караля Гішпаніі. У 1290 годзе ад кастыльскага адлучыўся партугальскі ордэн Сант’яга.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ордэн паўстаў каля 1160 году для абароны паломнікаў у Кампастэлю. Месца ўзьнікненьня аспрэчваецца гарадамі Леон (у аднайменным каралеўстве XII стагодзьдзя) й Куэнка ў Кастыліі. Ордэн паўстаў у абодвух каралеўствах, аднак каралі Кастыліі і Леону супэрнічалі між сабай, і кожны зь іх жадаў пасяліць ордэн у сваіх валадарствах, прыкладна адначасова выдалі ім узаемна супярэчныя хартыі. Толькі ў 1230 Фэрдынанд III Кастыльскі, аб’яднаў два каралеўствы, і разьвязаў гэту праблему, «пасадзіўшы» ордэн у Куэнцы. Менавіта там сядзеў магістар ордэна, праходзілі гадавое паслухмян��тва кандыдаты ў рыцары, і захоўваўся архіў ордэну (у 1689 перавезены ў Мадрыд).
Першы статут ордэна быў зацьверджаны кардыналам Жасынта — будучым папам Цэлестынам III. У адрозьненьне ад сучаснага Ордэну Калятравы, які прыняў строгі бэнэдыктынскі статут, ордэн Сант’яга дзейнічаў па мякчэйшым статуце аўгустынцаў. У XII стагодзьдзе ордэн сумяшчаў і чыста манаскія абавязкі (суправаджэньне й забесьпячэньне начлегам паломнікаў, (гасьпітальеры), і — у меншай ступені — вайскоўцаў, злучаных з аховаю паломнікаў і ўласных валадарстваў. Тым ня менш, істотная частка чальцоў ордэна першапачаткова мела права на законны шлюб, пацьверджаны папам.
Дзякуючы гэтай вольнасьці ордэн хутка рос, неўзабаве перасягнучы ў колькасьці старэйшыя ордэны Калятравы і Алькантара (яны вызваліліся ад цэлібату толькі ў канцы сярэднявечча); у пэрыяд росквіту, валоданьня ордэна Сант’яга пераўзыходзілі разам узятыя валадарствы згаданых ордэнаў. Толькі ў Гішпаніі ордэн валодаў 83 камандарствамі, двума гарадамі, 178 вёскамі, пяцьцю манастырамі. Ордэн мог выставіць у поле 400 рыцараў і тысячу пяхотнікаў.
Ордэн Сант’яга, нароўні зь іншымі гішпанскімі й партугальскімі ордэнамі, браў удзел у войнах з мусульманамі (гл. Рэканкіста) і крыжовыя паходы. Марскія паходы ордэна, якія патрабавалі весьляроў на галеры, спарадзілі своеасаблівы звычай, што праіснаваў да XVIII стагодзьдзя: кандыдаты ў рыцары павінны былі адслужыць паўгоду весьлярамі; большасьць, аднак, аддавала перавагу адкупляцца ад гэтае павіннасьці. Кандыдаты ў члены ордэна павінны былі пацьвердзіць высакароднасьць паходжаньня ўсіх сваіх дзядоў і бабкаў; на справе, дваранства бацькі было дастатковай умоваю.
Ордэнам кіраваў магістар, якому дапамагала Рада Трынаццаці, якая мела права зрынуць магістра ў выключных акалічнасьцях. У 1160—1499 зьмянілася 40 магістраў (сярод іх прынцы Кастыльскага дому), прычым усё XV стагодзьдзе прайшло ў барацьбе каралеўскіх дамоў Арагону і Кастыліі за ўплыў на ордэны. У 1499 Фэрдынанд Каталік, дамовіўшыся з Папам, усклаў кіраўніцтва ордэнам на сябе, а ў 1522 тры вялікіх вайскоўцаў ордэна афіцыйна перайшлі пад кіраваньне караля Кастыліі (ці нават каралевы, калі б на пасад узышла жанчына). Карл V Габсбург заснаваў адмысловае міністэрства для кіраваньня справамі ордэнаў.
Ордэн Сант’яга, у адрозьненьне ад расфармаванага ў XIX павеку ордэна Калятравы, дзейнічае дагэтуль; у 1931, год гішпанскае рэвалюцыі, у ім было 30 рыцараў (у тым ліку спадчыньнік стальцу й чальцы каралеўскае сям’і) і 35 паслушнікаў. Ордэн перажыў рэвалюцыю і рэжым Франка; у 2008 годзе галоўным камандорам ордэна зьяўляецца спадчыньнік гішпанскае кароны Фэліпэ, які ўступіў у ордэн у 1986.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- CARDINALE, H. E. Orders of Knighthood, Awards and the Holy See, Buckinghamshire: Van Duren Publishers, 1983.
- HORCAJADA GARRIDO, Ángel. Priores santiaguistas de Uclés, 1982.
- LÓPEZ FERNÁNDEZ, Manuel. El origen de la Mesa Maestral en la Orden de Santiago(недаступная спасылка), UNED. Espacio, Tiempo y Forma (Serie III, H.a Medieval, t. 22), 2009.
- RADES Y ANDRADA, Francisco de. Crónica de las tres Órdenes y Cavallerías, de Santiago, Calatrava y Alcántara, 1572.
- SALAS PARRILLA, Miguel. Uclés en la historia, 2007.
- MARCHAMALO SÁNCHEZ, ANTONIO y MARCHAMALO MAIN, MIGUEL. «La Orden de Santiago en Guadalajara», Ed. AACHE, 2007.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ордэн Сант’яга — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў